Цудоўны свет англійскай мовы

Вывучэнне замежных моў можа і павінна мець розныя формы. Сярод форм арганізацыі пазакласнай работы ў школе асабліва вылучаецца тыдзень замежнай мовы. Мэта любога прадметнага тыдня — зацікавіць, стварыць прастору творчаму пошуку, даць навучэнцам магчымасць правесці час цікава і з карысцю. У сярэдняй школе № 7 Навагрудка тыдзень замежнай мовы стаў традыцыйны: на працягу шасці дзён навучэнцы ўсіх класаў бяруць удзел у школьных мерапрыемствах. Арганізатары тыдня і гала-канцэрта — настаўнікі англійскай мовы — падрыхтавалі для вучняў праграму, з якой можна было даведацца больш пра англамоўныя краіны, пазнаёміліся з культурамі іншых народаў, а таксама прадэманстравалі творчыя здольнасці.

Пачаўся тыдзень з прыемнай і незабыўнай сустрэчы раніцай у панядзелак: гучала шатландская музыка, вучняў і настаўнікаў віталі каралева Англіі, біфітэр (ахоўнік лонданскага Таўэра), Чарлі Чаплін, Шэрлак Холмс, якія прапаноўвалі праграмкі тыдня і прэзентавалі сцягі англамоўных краін. Каралева Англіі ўрасчыста абвясціла аб адкрыцці тыдня англійскай мовы, пажадала вучням добрага настрою, прыемных уражанняў і новых адкрыццяў на працягу пяці дзён. Многія былі рады пачаць працоўны дзень з фотасесіі сумесна з каралевай.

У першы дзень быў арганізаваны прагляд відэафільмаў на замежнай мове і конкурс скорагаворак. Адметным стала квэст-гульня для вучняў 9 класаў. Дзевяцікласнікам было прапанавана адшукаць выхад з памяшкання за адведзены час, карыстаючыся падказкамі і рашаючы галаваломкі. Гульня была адначасова як захапляльнай прыгодай, так і выдатнай магчымасцю прадэманстраваць веданне англійскай мовы, праявіць кемлівасць. У спаборніцтве за права быць лепшымі пераможцамі сталі вучні 9 “А” класа.

Аўторак гасцінна сустрэў вучняў восьмых класаў, якія ўдзельнічалі ў інтэлектуальнай гульні “What? Where? When?”, якая складалася з пяці тэматычных блокаў: “Знакамітыя людзі”, “Значныя падзеі”, “Гістарычныя мясціны”, “Літаратура і жывапіс”, “Святы і традыцыі”. Адказаўшы правільна, навучэнцы атрымлівалі адзін бал, за адказ на пытанне-сюрпрыз балы каманды павялічваліся ўдвая. Балельшчыкам таксама былі прапанаваны творчыя заданні. Усе прысутныя мелі магчымасць падзяліць радасць поспеху. Акрамя пазнавальных заданняў па краіназнаўстве, веданні традыцый і звычаяў мовы краіны, культуразнаўчых прэзентацый школьнікі прадэманстравалі акцёрскія ўменні пры інтэрпрэтацыі казкі “Беласнежка і таямнічы лабірынт”.

Не было сумна і самым маленькім навучэнцам: рухомы перапынак “Dance with us”, прагляд мультфільмаў, лексічная гульня “The English Trip”. Вучні трэціх і чацвёртых класаў адгадвалі рэбусы і загадкі, складалі англійскія словы і сказы.

Серада стала пазнавальнай і ў той жа час забаўляльнай. Падчас інтэрактыўнага перапынку вучні старэйшых класаў адгадвалі мелодыі вядомых англійскіх песень.

Не абышлі арганізатары тыдня англійскай мовы тэму творчасці. На паэтычным конкурсе “Limericks” знаўцы высокага стылю прадэманстравалі свой талент вершаскладання на англійскай мове. Гасцінна адчыніла дзверы тэатральная гасцёўня “Fairy Tale Theatre” для вучняў пятых класаў. Удзельнічаючы ў тэатралізацыі казак з дапамогай пальчыкавых лялек, навучэнцы захоплена, з фантазіяй, у гульневай форме дэманстравалі веды ў англійскай мовы. Для старшакласнікаў была наладжана вечарына “Love At First Sight”: гучалі вершы і песні пра каханне, хлопцы і дзяўчаты выбіралі пару, абгрунтоўваючы свой выбар на англійскай мове. У фінал выйшлі дзве пары. Пераможцамі гульні сталі навучэнка 10 “А” класа Аліна Савасцюк і навучэнец 11 “А” класа Вадзім Пахолак.

Чацвер выдаўся насычаны. Вучні шостых і сёмых класаў удзельнічалі ў конкурсе рэкламных ролікаў “Вывучайце англійскую мову!”, інтэлектуальнай гульні “Our Game” і падарожжы “Enjoy The Stations”.

У пятніцу ўсім ахвотным адчыніў свае дзверы клуб прамоўніцкага майстэрства “Speak out”, дзе хлопцы і дзяўчаты з задавальненнем выказваліся на разнастайныя тэмы і адказвалі на пытанні рознай ступені складанасці. Галоўнай умовай было раскрыць тэму за адведзены час.

Вучнi з ахвотай акунулiся ў атмасферу англiйскай мовы і прадэманстравалі добрыя веды. Лепшымі былі прызнаны выказванні навучэнца 8 “А” класа Рамана Анцуха, навучэнкі 8 “В” класа Аліны Комар, навучэнца 7 “В” класа Аляксея Пярко. Праведзенае апытанне паказала, што вучні разумеюць неабходнасць ведання замежнай мовы, адказна ставяцца да вывучэння мовы, з задавальненнем працуюць падчас урокаў. Самым масавым мерапрыемствам стала інтэлектуальная віктарына “Гэта цікава ведаць”: удзел узялі вучні 5—9 класаў. Пытанні прапаноўваліся адпаведна ўзросту. Максімальную колькаць балаў набралі Станіслаў Аганоўскі і Улад Майсейчык (5 “Б”), Ян Харытановіч (6 “Б”), Мікіта Cобалеў (8 “К”) і Настасся Нелюбовіч (9 “Б”).

Завяршыўся тыдзень гала-канцэртам. Класныя калектывы падрыхтавалі цудоўныя вакальныя, танцавальныя і тэатральныя нумары.

Правядзенне мерапрыемстваў і вынікі тыдня асвятляліся на сайце ўстановы адукацыі. Падчас падведзення вынiкаў самыя актыўныя вучнi i пераможцы конкурсаў атрымалi ўзнагароды і сертыфікаты.

Усе, хто ўдзельнiчаў у мерапрыемствах тыдня англiйскай мовы, атрымалi шмат станоўчых эмоцый i яркiх уражанняў, адкрылі свае сэрцы для талерантных адносін з прадстаўнікамі іншых культур свету.

Святлана САРАКАПЫТ,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 7 Навагрудка.