Цуды ганчарнай майстэрні

Выхаванцы старшай групы ясляў-сада № 14 Смаргоні наведалі творчую майстэрню ганчароў братоў Нагаевых. Па дарозе да майстэрні дзеці разам з выхавальнікамі ўспаміналі прыказкі і прымаўкі пра працу: “Па рабоце майстра знаць”, “Які рамеснік, такая і работа”, “Не печ корміць, а рукі” і інш. У майстэрні дзеці ўбачылі столькі прыгожых рэчаў: кубкі, гарлачыкі, глякі, збаночкі!

Фота да матэрыяла: Цуды  ганчарнай майстэрні.Ганчар прадэманстраваў выхаванцам кавалак гліны і падрабязна расказаў пра яе ўласцівасці. Паведаміў пра чатыры стыхіі — зямлю, ваду, паветра і агонь, якія дапамагаюць гэтаму кавалачку гліны ператварыцца ў вельмі прыгожы гарлачык. Далей было самае цікавае. Як гаварылі пазней дзеці: “Нам паказвалі фокусы!” Майстар паклаў кавалачак гліны на ганчарны круг і лёгкімі дотыкамі сваіх пальцаў ператварыў яго ў прыгожы гарлачык. А потым непрыкметнымі дотыкамі пэндзля яго размаляваў. Дзеці глядзелі на ўсе гэтыя пераўтварэнні, як на цуд. Вярталіся ў дзіцячы садок мы ў захапленні, з добрым настроем і жаданнем праз пэўны час зноў вярнуцца ў гэтую цудоўную майстэрню.

Людміла БУЛАШ,
кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада № 14 Смаргоні.