Цуды на Каляды

Чаяванне з прысмакамі, забаўляльная праграма з Дзедам Марозам і Снягуркай, навагоднія падарункі і радасныя дзіцячыя ўсмешкі. Сапраўднае свята арганізавалі для выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра Кастрычніцкага раёна Магілёва актывісты БРСМ.

Мерапрыемства адбылося ў рамках абласной дабрачыннай акцыі “Цуды на Каляды”. У госці ў сацыяльны прытулак прыйшлі валанцёры руху БРСМ “Добрае Сэрца” разам з членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу першым сакратаром ЦК БРСМ Дзмітрыем Варанюком. Выхаванцам прытулку ў якасці навагодніх падарункаў яны прынеслі цацкі, канцылярскія прылады, прысмакі.

— Напярэдадні навагодніх свят важна ўдзяляць увагу дзецям. Асабліва тым, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Такая ўвага дазваляе дзецям адчуваць, што, як бы цяжка ні было, у свеце заўсёды ёсць месца дабрыні. Наша дабрачынная акцыя праходзіць ва ўсіх рэгіёнах краіны. Падчас яе рэалізацыі пэўная матэрыяльная дапамога аказваецца дзясяткам устаноў, тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак атрымліваюць падарункі. І адметна, што падобная дабрачыннасць ажыццяўляецца на працягу ўсяго года. Такія акцыі аб’ядноўваюць шмат неабыякавых людзей, дазваляюць дзяліцца сваёй душэўнай цеплынёй з тымі, хто мае ў ёй патрэбу, — адзначыў Дзмітрый Варанюк.

Дарэчы, на сёння ў сацыяльна-педагагічным цэнтры Кастрычніцкага раёна Магілёва знахо­дзяцца дзевятнаццаць дзяцей. У кожнага з іх ня­просты лёс, таму супрацоўнікі прытулку штодня імкнуцца акружаць сваіх выхаванцаў клопатам і любоўю.

— Для выхаванцаў у нашай установе створаны неабходныя ўмовы для ўсебаковага развіцця. Галоўнае, да чаго імкнуцца нашы выхавальнікі, — адагрэць дзіцячыя сэрцы. Калі дзеці толькі прыязджаюць, многія з іх з-за сямейнага недабрабыту нагадваюць калючых вожыкаў. Таму ўвесь педагагічны калектыў стараецца ствараць у цэнтры хатнюю атмасферу, шукае індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці. Без перабольшання нашы выхавальнікі адносяцца да дзяцей як да сваіх родных, становяцца для іх другімі мамамі, — расказала загадчык сацыяльна-педагагічнага цэнтра Наталля Кавальчук.

Па яе словах, працуюць педагогі і з бацькамі выхаванцаў. Мамы і таты маюць магчымасц­ь два разы на тыдзень наведваць сваіх дзяцей, удзельнічаюць у святах, мерапрыемствах. Для іх у цэнтры працуе спецыялізаваная школа, дзе бацькам аказваюць кансультацыйную падтрымку, дапамагаюць аднавіцца ў сваіх правах. Такое ўзаемадзеянне дае станоўчы эфект. Каля паловы дзяцей, якія трапляюць у сацыяльна-педагагічны цэнтр, вяртаюцца ў родныя сем’і. Астатнія дзеці накіроўваюцца ў прыёмныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, на апеку да сваякоў.

Навагодніх свят выхаванцы цэнтра заўсёды чакаюць. Дзеці вучаць вершы, песні, рыхтуюць карнавальныя касцюмы. Шчыра радуюцца прыходу гасцей, а асабліва падарункам, прысмакам. Але галоўнае жаданне кожнага з дзяцей — у новым годзе вярнуцца дадому, да сваіх мам і татаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.