Інтэрнэт-юрыст, архітэктар інфармацыйных сістэм, лічбавы лінгвіст, арганізатар інтэрнэт-суполак — гэта тыя прафесіі, якія з’явяцца ў найбліжэйшы час. Аб новых трэндах і якасці адукацыі ва ўмовах сучасных інфармацыйна-камп’ютарных тэхналогій і аб тым, што камп’ютар не заменіць жывыя зносіны з настаўнікам-наватарам, ішла размова на рэспубліканскім семінары “Адукацыйныя праграмы Intel і шляхі ўкаранення інфармацыйна-камп’ютарных тэхналогій у сучаснай школе”, які адбыўся ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.
Як педагогам падрыхтавацца да з’яўлення новых прафесій і новых ведаў, застацца аўтарытэтнымі ў сваёй галіне і даць вучням не толькі інфармацыю, але і веды, — гэтыя пытанні абмяркоўвалі настаўнікі, кіраўнікі школ, метадысты і спецыялісты органаў кіравання адукацыяй, выкладчыкі ўніверсітэта. У рабоце семінара прынялі ўдзел начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін і намеснік начальніка Алег Рахунок.
Як падкрэсліла ў сваім выступленні кандыдат педагагічных навук дацэнт кафедры інфарматыкі і камп’ютарнага мадэлявання ГрДУ Ніна Макарава, цуды твораць не камп’ютары, а настаўнікі. Хаця ўвогуле яе даклад быў прысвечаны вопыту і перспектывам укаранення інавацыйных адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій у вучэбны працэс.
Адкрываючы семінар, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы доктар педагагічных навук Андрэй Кароль прадставіў даклад “Інфарматызацыя адукацыі: паглыбленне ці пашырэнне чалавека”, у якім глыбока асэнсаваў змяненні чалавека ва ўмовах інфарматызацыі адукацыі.
Пра канцэпцыю інфарматызацыі сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь удзельнікам семінара расказаў дырэктар галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі, доктар тэхнічных навук, прафесар Мікалай Лістапад. Зараз распрацоўваецца канцэпцыя на 2016—2020 гады, якая прадугледжвае фарміраванне воблачнага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя, стварэнне ў кожнай навучальнай установе эфектыўнай сеткі, стварэнне агульнадаступных беларускіх інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў. Былі закрануты і пытанні электроннага дакументаабароту. Так, у сістэме Міністэрства адукацыі пераход на электронны дакументаабарот павінен адбыцца 1 студзеня 2016 года.
Семінар быў арганізаваны кафедрай матэматыкі і методыкі яе выкладання педагагічнага факультэта ГрДУ і кампаніяй Intel. Як адзначыў загадчык кафедры кандыдат фізіка-матэматычных навук Юрый Гняздоўскі, галоўнай мэтай было павышэнне ўзроўню прафесійнага развіцця работнікаў адукацыі ў галіне прымянення сучасных устройстваў “два ў адным” (Intel Education Software) і новых адукацыйных тэхналогій, абмеркаванне актуальных праблем інфарматызацыі адукацыі. Прадстаўнікі кампаніі Intel азнаёмілі ўдзельнікаў з апаратнымі і метадычнымі распрацоўкамі карпарацыі, сярод якіх рэсурсы адукацыйнай галактыкі Intel для настаўнікаў, методыка выкарыстання ўстройстваў “два ў адным” — планшэт і камп’ютар. Дырэктар кампаніі “Радыус” Іван Захар расказаў аб уладкаванні камп’ютарных класаў на базе NUC.
У межах семінара былі арганізаваны майстар-класы. Іх праводзілі настаўнікі Поразаўскай школы Свіслацкага раёна, Сенькаўшчынскай школы Слонімскага раёна, Васілішкаўскай школы Шчучынскага раёна, школы № 8 Ліды, гімназіі № 1 Ваўкавыска, Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, кафедры лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання ГрДУ. Вялікую колькасць удзельнікаў сабраў майстар-клас кампаніі “Саміт Тэхноладжыс”, дзе дэманстравалася работа ноўтбукаў з адукацыйным софтам IES.
Вынікі работы семінара былі падведзены на дыскусіі “Трэнды і сучасныя выклікі ІКТ у адукацыі”. Тут былі акрэслены перспектывы супрацоўніцтва кафедры матэматыкі і методыкі яе выкладання ГрДУ з кампаніямі Intel і “Саміт Тэхноладжыс”: стварэнне інавацыйнай адукацыйнай пляцоўкі Intel, а таксама даследчай лабараторыі.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.