Цуды з крыльцамі

- 21:23Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

Сшыць аўтарскую ляльку за адзін вечар, завесці свой блог у Instagram, адправіцца ў тыднёвы паход на байдарках? Зроблена — з лёгкім сэрцам. Пра свае захапленні расказвае настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 31 Магілёва Ірына Ігараўна Караткевіч.

–Я чалавек вельмі спакойны, разважлівы, — гаворыць педагог. — Люблю цішыню, вечары пад коўдрай з кніжкай, але часам сама сабе здзіў­ляюся: як гэта я адважылася на падобную авантуру?

У сваім блогу яна жартаўліва называе гэта “ператварыцца ў Валеру”: “У Білі Мілігана былі 24 асобы, а ў настаўніцы пачатковых класаў Іркі на 38 годзе з’явіўся Валера. І добра б Валера быў кухарам (хоць хтосьці нармальна гатаваў бы ў гэтай сям’і) ці сантэхнікам (і дарабіў бы, нарэшце, ванну), але ён нарадзіўся адчайным падарожнікам”.

Так, Ірына Ігараўна любіць песні ля вогнішча і трывала пераносіць цяжкасці паходнага жыцця.

— Усё пачалося ў мінулым годзе: мая сяброўка адпраўлялася ў паход у Карэлію і так доўга, з такім смакам, у падрабязнасцях расказвала, як гэта будзе, што яна ўбачыць, якія краявіды перад ёй адкрыюцца, што мне таксама захацелася абавязкова трапіць у Карэлію. І калі раптам вызвалілася месца ў турыстычнай групе, сяброўка запрасіла мяне з сабой. Я шчыра папярэ­дзіла, што зусім не паходны чалавек, не маю ніякай падрыхтоўкі, нават вясло ніколі ў руках не трымала. Але, на шчасце, знайшліся людзі, якія пагадзіліся ўзяць мяне на борт — і я акунулася ў свет водных паходаў, ды настолькі глыбока, што ніяк не магу з яго выбрацца. Гэта сапраўднае выпадзенне з будзённасці, калі не думаеш ні аб чым, акрамя выжывання. Там я ра­зу­мею, што глыток гарачай кавы можа літаральна вярнуць да жыцця, а сухая бялізна — ­стаць­ вяршыняй утульнасці, — смяецца Ірына Ігараўна.

Аб сваіх прыгодах яна расказ­вае ў Instagram: пра хобі, смешныя выпадкі з жыцця, сям’ю і работу ў школе:

— Пішу не так часта: у стылі “што бачу, пра тое і пяю”. Гэтым мяне заразіла настаўніца ў школе, напэўна, класе ў шостым. Яна задала нам на дом сачыненне “Як я правёў лета” і зачытвала ўрывачкі з нашых работ у класе. Памятаю, што атрымала чацвёрку і адчувала сябе вельмі пакрыўджанай. Як гэта, у мяне заўсёды выдатна, а тут — чатыры. Тады настаўніца патлумачыла нам: “Дзеці, сачыненне — ад слова “сачыняць”. Напішыце так, каб я таксама захацела паехаць туды, дзе былі вы”. І ўсё! Я дала волю фантазіі. З таго часу не стрымліваю сваіх думак. А “тэхнічна” ў рабоце над словам адчуваю сябе вельмі ўпэўнена, бо скончыла філфак. Пісаць мне не складана. Сапраўды складаным для мяне было вырашыць, куды паступаць і якім настаўнікам я хачу стаць.

А ў тым, што яна стане менавіта педагогам, Ірына Ігараўна ніколі не сумнявалася: 

— Я нават варыянтаў іншых не разглядала. Мая матуля — настаўніца пачатковых класаў, і ўсё дзяцінства я назірала за яе работай. Мне здавалася, што няма большага шчасця ў свеце, чым правяраць сшыткі! Я фантазіравала, як сама стану педагогам. Уяўляла сябе то настаўнікам малявання (лічыла, што цудоўна малюю), то “запальвалася” літаратурай. Нарэшце, для сябе вырашыла, што хачу працаваць са старшымі класамі, аналізаваць з імі вобразы персанажаў і разважаць, што хацеў сказаць сваім творам аўтар. Так я стала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.

Усё, што мы робім добра, невыпадкова. Не бывае першапачаткова няздольных людзей. Ёсць тыя, хто хоча ўкладваць сілы і час у пэўную справу, і тыя, хто інакш расстаўляе прыярытэты. 

А потым былі няпростыя пошукі работы. Ірына Ігараўна ўладкавалася настаўніцай пачатковых класаў.

— На той момант мне здавалася, што здарылася трагедыя: старшакласнікі — гэта ж зусім іншы ўзровень, а тут толькі “жи-ши пиши с буквой и”. Зараз я па-іншаму ацэньваю работу настаўніка пачатковых класаў: дзеці вераць у мяне, яны на мяне спадзяюцца, я іх правадыр у школьнае жыццё, і вельмі важна дзіцячы давер апраўдаць. Адзінае, што засмучае, — неабходнасць развітвацца кожныя 4 гады. Спачатку гэта адчувалася не так востра, а цяпер — столькі выпускаў за плячыма, што становіцца крыху сумна. Мы з дзецьмі толькі з’ядналіся, навучыліся “чытаць” адно аднаго… І зноў усё спачатку. Менавіта за гэта я вельмі люблю 4 клас, і менавіта па гэтай прычыне мне цяжка пачынаць усё наноў з 1-м. Не люблю сюрпрызы, — прызнаецца педагог.

Гэта тым больш дзіўна, што сама яна — хадзячы сюрпрыз, у першую чаргу для самой сябе. Усе тыя рэчы, пра якія Ірына Ігараўна калісьці гаварыла “ніколі ў жыцці!”, якія яна з дзяцінства адмаўляла, паступова аказаліся самымі важнымі, любімымі і неабходнымі.

— Так было, напрыклад, з шыццём лялек і цацак, якому я прысвячаю ўжо 11 год. Калі села за сваю першую тыльду, нават не ведала, з якога боку падысці да швейнай машынкі. Мая бабуля была прафесійнай швачкай, я памятаю яе, схіленай над машынкай, з шыццём у руках. Ёй вельмі хацелася пера­даць свае ўменні: “Ірыначка, давай я цябе навучу”. А мне страшэнна не падабалася, здавалася, што бабуля будзе вечнай, дык навошта мне вучыцца? Нават заданні на ўроках працы за мяне выконвала бабуля. Заставалася толькі паказаць гатовую работу і атрымаць выдатную адзнаку. Жаданне штосьці зрабіць уласнымі рукамі я адчула, толькі калі мой сын пайшоў у дзіцячы сад. Мне вельмі захацелася пашыць яму прыгожую сумку для зменкі. Папрасіла маму заправіць машынку, зрабіла тры швы — вось такім быў мой першы “шэдэўр”, — узгадвае настаўніца. — Потым былі іншыя эксперыменты. З кавалкаў тканіны, нітачак, пацерак — мае першыя тыльды былі зроблены з усяго, што трапляла пад руку.

Я лічыла, гатаваць — не маё. Мае кулінарныя навыкі ў пачатку сямейнага жыцця былі на ўзроўні “дзе ўзяць чырвоную ваду для баршча”. А зараз я і да торцікаў дабралася. А пра шыццё я была ўпэўнена на 100%: не маё, ніколі! І на табе! Так што не верце нікому! І нават сабе не верце. Усё ваша!

Адзінаццаць гадоў назад мала хто ведаў, што гэта за лялькі: стылізаваныя цацкі з доўгімі ручкамі і ножкамі, маленькімі крыльцамі і дзвюма кропкамі замест вочак. Ірына Ігараўна шукала любыя крыніцы: гартала часопісы і блукала па сусветнай павуціне, але інфармацыі было вельмі мала:

— Я спрабавала ўсё, што магла знайсці. Але многае ўсё ж даводзілася прыдумваць самой. Пасля тыльд былі цацкі з флісу і партрэтныя лялькі па фота. Памятаю асаблівае трапяткое пачуццё, калі садзілася за машынку: вось зараз я з галавой акунуся ў цуд і буду ШЫЦЬ. Спачатку мне хацелася рабіць лялек днямі і начамі, не зважаючы на гадзіннік, сёння я стала больш спакойная, крыху перагарэла. Але калі мяне ахоплівае цікавая ідэя, магу шыць не паднімаючы галавы: сын — дарослы і самастойны, натхненне на месцы, аўдыякніжка ўключана. Што яшчэ трэба для шчасця?

Зараз Ірыну Ігараўну натхняюць лялькі ў тэхніцы тэдзі-дол. Гэта маленькія цацкі-звяркі з дзіцячымі тварыкамі, апранутыя ў футравыя камбінезончыкі. Тварык робіцца з палімернай гліны, распісваецца фарбамі, пакрываецца спецыяльным лакам і ўстаўляецца ў капюшончык. Гэтыя цацкі вельмі прыемна браць у рукі — яны мяккія, цёплыя і літаральна туляцца да далоней.

— Я пакуль не нацешылася імі, мне прыемна працаваць з гэтымі малышамі, у галаве шмат ідэй — якую цацку я зраблю, на каго яна будзе падобна, на зайчыка ці лісяня. Часам задумваю адно, а атрымліваецца зусім іншае — лялька сама дыктуе, кім яна бу­дзе, — расказвае Ірына Ігараўна.

І першыя людзі, каму яна паказвае свае творы, — муж і сын.

— Гэта мае галоўныя крытыкі. Спачатку яны спрабавалі ра­біць заўвагі і даваць парады, але я патлумачыла: я з вамі дзялюся не для таго, каб вы мяне крытыкавалі, а каб вы сказалі, што я малайчына. Цяпер яны мяне толькі хва­ляць, — усміхаецца І.І.Караткевіч.

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.
Фота з асабістага архіва І.І.Караткевіч.