ЦВК гарантуе місіі БДІПЧ АБСЕ ўсебаковае садзейнічанне

- 11:46Выбары 2015

У Беларусь на гэты час (26 жніўня) прыбылі толькі 11 наглядальнікаў місіі БДІПЧ АБСЕ, паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына па выніках сустрэчы з кіраўніком місіі Жакам Форам.

“Нягледзячы на тое што ў краіну прыбылі пакуль толькі 11 наглядальнікаў, ЦВК выдала пасведчанні на ўсе 48 чалавек. Астатнія 37 прыбудуць у краіну толькі на наступным тыдні”, – сказала Лідзія Ярмошына.
Яна паведаміла, што Жак Фор праінфармаваў яе аб тым, хто будзе працаваць у складзе місіі, як яны плануюць пабудаваць сваю работу. Кіраўнік місіі папрасіў ЦВК аказваць садзейнічанне ў прадастаўленні дакументаў, наладжванні кантактаў і інш. Лідзія Ярмошына гарантавала Жаку Фору, што такая дапамога будзе прадастаўлена. Яна праінфармавала кіраўніка наглядальнікаў БДІПЧ АБСЕ аб першым этапе выбарчай кампаніі, які ўжо адбыўся. Размова ішла і аб тым, як ідзе работа са зваротамі і скаргамі грамадзян. Безумоўна, кіраўнік ЦВК і кіраўнік місіі пагаварылі і аб прэтэндэнтах на пасаду Прэзідэнта. “Гэта былі яшчэ пакуль аргпытанні. Яны не датычыліся нейкіх момантаў або асаблівасцей правядзення перадвыбарнай кампаніі”, – удакладніла Лідзія Ярмошына.
Раней Жак Фор займаў такія пасады, як пасол Францыі ва Украіне, сустаршыня Мінскай групы АБСЕ (па ўрэгуляванні нагорна-карабахскага канфлікту).