У складзе ацэначнай місіі (місіі па ацэнцы патрэбнасцей) БДІПЧ АБСЕ ў Беларусь прыбыў і прадстаўнік ПА АБСЕ, паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркама Беларусі Мікалай Лазавік.
Каменціруючы сустрэчу кіраўніцтва ЦВК з місіяй, Мікалай Лазавік сказаў: “Яна ў пашыраным складзе. Прадстаўляе дзве арганізацыі. Ад Парламенцкай асамблеі АБСЕ — дырэктар па пытаннях выбараў Андрэас Бейкер. Ад БДІПЧ АБСЕ — старшы саветнік па выбарах выконваючы абавязкі намесніка дырэктара дэпартамента па выбарах БДІПЧ Таццяна Багусевіч і саветнік дэпартамента па выбарах Уладзімір Місеў”.
“Была выказана ўдзячнасць, што Рэспубліка Беларусь запрасіла місію для назірання за выбарамі. Гэтым запрашэннем яны абавязкова скарыстаюцца”, — расказаў Мікалай Лазавік аб змесце гутаркі з прадстаўнікамі місіі.
Ён таксама растлумачыў, што кіраўніцтва ЦВК Беларусі азнаёміла місію з тым, як праходзіць падрыхтоўка да выбараў. “Было адзначана, што работа вядзецца ў адпаведнасці з каляндарным планам. Цяпер ідзе этап падачы дакументаў для рэгістрацыі ініцыятыўных груп патэнцыяльных кандыдатаў і фарміраванне тэрытарыяльных камісій”, — сказаў Мікалай Лазавік. Ён адзначыў, што ЦВК нацэльвае ніжэйшыя камісіі на тое, каб кампанія праходзіла свабодна, дэмакратычна і без лішніх абмежаванняў і забарон. “У час семінараў, у ходзе трэнінгаў членаў выбарчых камісій, якія маюць адбыцца, будзем акцэнтаваць увагу на тым, каб адносіны ўсіх суб’ектаў выбарчага працэсу: і палітычных партый, і грамадскіх аб’яднанняў, і кандыдатаў, і давераных асоб, і членаў камісій, і наглядальнікаў былі ўважлівымі і не выходзілі за рамкі заканадаўства”, — сказаў Мікалай Лазавік.
Таксама місію цікавіла сістэма выбарчых камісій: склад ЦВК, парадак яе фарміравання, колькасць тэрытарыяльных і ўчастковых выбаркамаў і г.д. Асаблівую ўвагу яны звярнулі на нядаўнія змяненні выбарчага заканадаўства. Удзельнікі місіі, напрыклад, пацікавіліся, ці выконваецца норма, згодна з якой адна трэць камісій павінна складацца з прадстаўнікоў партый і грамадскіх аб’яднанняў. “Гэта норма ў нас выконваецца паўсюль, нават у самых аддаленых сельскіх населеных пунктах. Калі там няма нейкіх палітычных партый, то маладзёжныя, прафсаюзныя, ветэранскія арганізацыі там дзейнічаюць”, — адзначыў Мікалай Лазавік.
Акрамя таго, размова ішла аб забароне агітацыі, накіраванай на байкот выбараў. Мікалай Лазавік нагадаў прадстаўнікам місіі, што Беларусь далучылася да Канвенцыі аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабод дзяржаў — удзельніц СНД. “У адпаведнасці з гэтай канвенцыяй байкот забаронены. Прычым гэта забарона распаўсюджваецца не толькі на выступленні кандыдатаў, а на ўсіх грамадзян краіны. Інакш кажучы, калі дзяржава траціць велізарныя грошы на арганізацыю і падрыхтоўку выбараў, то грамадзянам забараняецца весці агітацыю за зрыў гэтага важнейшага мерапрыемства”, — сказаў Мікалай Лазавік.