Цвёрдасць і моц “Айсберга”

У дзяцінстве Юлія Навашынская спрабавала займацца плаваннем, дзюдо, танцамі, але застацца там надоўга перашкаджалі розныя акалічнасці. З шатакан каратэ-до саюз атрымаўся трывалым. Аднакласніца Оля Вількіна заўважыла Юлю на школьных спаборніцтвах і паклікала на трэніроўкі. З часам каратэ стала для дзяўчынкі большым, чым проста заняткамі ў аб’яднанні па інтарэсах.

Барацьба за “Снікерс”

“На спаборніцтвах у школе па падцягванні жаночым спосабам я заняла 1-е месца — падцягнулася 74 разы. Настаўнік сказаў: “Больш не трэба, ніхто столькі не зробіць”, хоць я магла яшчэ. 2-е месца заняла Оля Вількіна. Якраз тады яна мяне заўважыла і запрасіла займацца каратэ ў секцыю, дзе трэніравалі яе бацькі — Андрэй Якаўлевіч Вількін і Святлана Барысаўна Вількіна. Я пага­дзілася, і, як аказалася, надоўга”, — расказвае педагог Палаца дзяцей і моладзі “Золак” Мінска Юлія Навашынская.

Атмасфера на занятках была прыязная, добразычлівая, што асабліва прыцягвала пяцікласніцу. Яна пагружалася ў іншы свет, дзе атрымлівала асалоду ад усяго, нават ад цяжкіх фізічных нагрузак.

У каратэ існуюць чатыры стылі: шатакан, годзю-ру, шата-ру і вада-ру. Яны падобныя кумітэ — спарынгам, калі два чалавекі спаборнічаюць паміж сабой. А адрозніваюцца ката. Ката — гэта зашыфраваныя прыёмы каратэ, якія ты робіш адзі­н. Іх трэба выконваць максімальна хутка, рэзка, з сілай, з канцэнтрацыяй увагі. У шатакан каратэ-до ката адрозніваецца пазіцыямі: яны больш магутныя і нізкія. Каб іх выконваць, трэба мець моцныя ногі.

Першымі спаборніцтвамі для Юліі сталі ўнутраныя, у групе. Яна запомніла іх, па-першае, таму што выйграла нават у хлопчыкаў. А па-другое, таму што ў якасці прыза атрымала “Снікерс”. Гэта замежная шакаладка тады па каштоўнасці магла параўнацца з медалём на чэмпіянаце краіны — усе дзеці за яе змагаліся.

Бывалі і горкія моманты ў кар’еры дзяўчыны. Аднойчы Юлія кінула каратэ: стала складана і неяк ахапіла лянота. “Я адразу знайшла ў сябе мноства захворванняў, сто прычын, чаму не магу займацца. Паўгода сядзела дома, зразумела, што па вучобе не падцягваюся, проста больш часу праводжу каля тэлевізара. Здаецца, ты перастанеш займацца — з’явіцца столькі часу, станеш выдатнікам. Але нічога не адбываецца, гэты час хутка запаўняецца іншым, не вельмі карысным, таму я вярнулася. Зноў прачнулася цікавасць, і думкі сысці ўжо не ўзнікалі”.

Токіа — горад будучыні

Пасля школы Юлія паступіла ў БНТУ. У многім на выбар паўплывалі магчымасці, якія прапаноўваў універсітэт. Спартсменцы дапамагалі фінансава, спансіравалі яе на спаборніцтвах. Дзякуючы гэтай падтрымцы, Юлія пабывала ў мностве краін і гарадоў. Больш за ўсё ёй запомніўся Токіа, які яна наведала ў 1999 годзе. “Трэнер заўсёды стараўся арганізаваць нам экскурсію, каб ва ўспа­мінах засталіся не толькі спаборніцтвы. У Токіа мяне ўразіў узровень развіцця. Тады ў нас толькі з’явіліся вялізныя трубкі, першыя мабільныя тэлефоны, а там у кожнага дзіцяці была каляровая “раскладушка”. У Токіа ўсё вельмі пунктуальна. Напісана на станцыі, што цягнік прыязджае ў 12:31, значыць, так і будзе. Людзі вельмі выхаваныя. Дзверы цягніка адчыняюцца — ніхто не штурхаецца, усе заходзяць па чарзе, у якой стаялі. Калі не змясціўся, чакаеш наступнага транспарту. Мы папрасілі дапамогі, не ведалі, куды ісці, дык чалавек прапусціў свой цягнік (а ў яго разбежка паўга­дзіны — гадзіна), каб адвесці нас да патрэбнага месца”.

Ва ўніверсітэце Юлія займалася 6 разоў на тыдзень, прычым у дзень магло быць па 2—3 трэніроўкі. Гэта 3—4,5 га­дзіны работы. Такія ўкладанні прынеслі вынікі: 4 перамогі на чэмпіянатах свету, 5 перамог на чэмпіянатах Еўропы, званне майстра спорту Рэспублікі Беларусь. Практычна ўсе гэтыя высокія ўзнагароды спартсменка заваявала, выступаючы ў камандным ката, калі тры чалавекі сінхронна выконваюць комплекс рухаў. У юніёрскай камандзе партнёрамі Юліі былі Вольга Вількіна і Таццяна Сіняўская, у дарослым — Вольга і Святлана Вількіны. “У камандзе рыхтавацца складана, таму што табе трэба не толькі зрабіць комплекс, але і выпрацаваць пачуццё партнёраў, каб выступаць сінхронна. І адказнасць трайная. Калі ты памыліўся, гэта паўплывае на вынік усіх. У асабістым ката лягчэй выступаць псіхалагічна, але дасягнуць выніку складаней, таму што канкурэнцыя там большая”.

Пасля БНТУ спартсменка паступіла ў БДПУ імя Максіма Танка на педагога-псіхолага і атрымала другую вышэйшую адукацыю. Яшчэ ў школе Юлія дапамагала праводзіць заняткі сваім настаўнікам па каратэ і бачыла, што ў яе атрымліваецца данесці людзям інфармацыю. Да таго ж ёй падабалася прыдумваць новыя практыкаванні. Усё разам вылілася ў жаданне стаць трэнерам. Для гэтага трэба было атрымаць або спартыўную, або педагагічную адукацыю.

“Заходзьце, вас бяруць”

“Я скончыла ўніверсітэт і адразу ж уладкавалася ў “Золак”. Людзі, якія са мной вучыліся, былі ўжо даволі дарослымі і параілі падысці ў Палац дзяцей і моладзі свайго раёна, каб даведацца наконт работы. Так атрымалася, што я пайшла ў свой дзень нараджэння, 18 сакавіка. Пакуль чакала дырэктара, разгаварылася з жанчынай у калідоры, але не ведала, хто гэта. Расказала ёй пра сябе, свае дасягненні і адукацыю. Яна зайшла ў кабінет дырэктара, выйшла і гаворыць: “Заходзьце, вас бяруць”. Аказалася, гэта была Марына Мікалаеўна Касцюкевіч, у той час — старшыня прафкама палаца”.

У Юліі Аляксандраўны свой клуб “Айсберг” па шатакан каратэ-до на базе “Золака”. У ім займаюцца дзеці ад 4 да 17 гадоў. Дарэчы, выхаванка педагога з першага набору Настасся Ждановіч зараз таксама трэніруе дзяцей у палацы.

Заняткі праходзяць 3 разы на тыдзень па 2 гадзіны, у самых маленькіх — па га­дзіне. У малодшай групе галоўнае — развіць увагу, каб дзеці слухалі педагога, таму што іх канцэнтрацыі хапае на 5—7 мінут. Выхаванцы атрымліваюць агульнафізічную падрыхтоўку, выконваюць спецыяльныя фізічныя практыкаванні, акрабатычныя элементы, займаюцца каратэ і гуляюць у рухавыя гульні. Спецыяльныя практыкаванні — гэта практыкаванні на развіццё хуткасных якасцей (бег з рознымі заданнямі), манеўранасці (пераскочыць прадмет, пераско­чыць з аднаго на іншы), рэакцыі (выхапіць прадмет) і інш. Акрабатычныя элементы — стандартны набор, каб развіць каардынацыю рухаў: групоўка, кулёк, масток, кошык і г.д. Каратэ — навучанне комплексам ката. “Каратэ даступна для ўсіх. Няхай чалавек не будзе паказ­ваць высокіх вынікаў, але на занятках ён разняволіцца, раскрыецца, яму стане камфортна. Мы адно аднаго не крыўдзім, не абражаем, мы — сям’я. На маіх дзіцячых трэніроўках было менавіта так. Хочацца стварыць падобную атмасферу, каб выхаванцы адчувалі сябе, як я калісьці”, — гаворыць Юлія Аляксандраўна.

Дзеці правяраюць свой узровень на ўнутраных спаборніцтвах для самых маленькіх, адкрытых першын­ствах, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах. Яны выступаюць і па шатакан каратэ-до, і па ўсестылевым каратэ. На апошнім відзе спаборніцтваў збіраюцца прадстаўнікі ўсіх стыляў і змагаюцца адно з адным. Ацэньваецца не паслядоўнасць рухаў, а атлетызм і тэхнічныя кандыцыі.

“У кожнага віду спорту ёсць, так бы мовіць, свае хранічныя захворванні. У каратэ гэта больш тычыцца суставаў, таму што вялікая нагрузка на ногі. Гэта калі займацца прафесійна. Калі трэніравацца тры разы на тыдзень, то ўсё будзе нармальна”.

Гадзіна гімнастыкі і зносін

Юлія Навашынская прывыкла падтрымліваць сябе ў форме, але ўзмоцнена трэніравацца менавіта каратэ не можа: праблемы з суставамі. Альтэрнатывай стала гімнастыка і дыхальныя практыкаванні. Педагог сабрала некалькі дыхальных комплексаў і вырашыла праводзіць заняткі для бацькоў. Гэта быў пачатак сямейна-спартыўнага клуба “Айсберг+”. Бацькі бясплатна прыходзяць на гадзінныя трэніроўкі 3 разы на тыдзень. Заняткі пачынаюцца і заканчваюцца дыхальнай гімнастыкай, у сярэдзіне — агульнафізічная падрыхтоўка плюс каланетык і практыкаванні на развіццё гнуткасці.

“Бывае, прыходзіць 15 чалавек, бывае, два. Як у каго атрымліваецца. Але я ім заўсёды кажу: нават калі хтосьці адзі­н прыйдзе, мы будзем займацца. На трэніроўках у асноўным бачу мам, затое таты часам займаюцца з дзецьмі каратэ. Яны разам выступаюць, разам растуць, разам развіваюцца. Так бацькі лепш разумеюць сваіх дзяцей. Раней яны дзівіліся: “Чаму ты не можаш гэта выканаць?”, потым самі паспрабавалі і зразумелі, што ўсё не так лёгка”.

Юліі Аляксандраўне падабаецца займацца і з дзецьмі, і з дарослымі. Розніца заключаецца ў самой мэце трэніроўкі. Дзеці працуюць на вынік, а дарослыя разнявольваюцца і ўмацоўваюць цела. Галоўнае і ў тым, і ў іншым выпадку — быць зацікаўленым і давяраць свайму трэнеру.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.