Магчымасці і перспектывы развіцця фізічнай загартоўкі дзяцей у межах трох гадзін фізкультуры ў тыдзень, якія з гэтага навучальнага года стаяць у раскладзе школьнікаў, абмеркавалі з педагогамі і кіраўнікамі школ Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Размова адбылася ў фармаце дыялогавай пляцоўкі — іх правядзенне выдавецкі дом “Педагагічная прэса” ініцыіраваў у мінулым годзе. Першая актуальная сустрэча ў гэтым навучальным годзе адбылася ў Акцябрскай раённай гімназіі, дзе сабраліся прадстаўнікі адміністрацый, настаўнікі фізічнай культуры і здароўя гарадскіх і сельскіх устаноў адукацыі. У мерапрыемстве прыняў удзел начальнік аддзела адукацыі Акцябрскага райвыканкама Андрэй Кадол.

— Школы раёна ў поўнай меры ўкамплектаваны настаўнікамі фізкультуры. Усе яны — прафесіяналы, якія любяць свой прадмет і хварэюць за вынікі. Іх вучні годна прадстаўляюць раён на спартыўных спаборніцтвах. Мяркую, што са з’яўленнем трэцяй гадзіны фізічнай культуры і здароўя нашы дзеці будуць здольны паказваць яшчэ больш высокія спартыўныя вынікі і добрую фізічную загартоўку, — адзначыў Андрэй Васільевіч.
Тры гадзіны прадмета “Фізічная культура і здароўе” якраз і неабходны для таго, каб павысіць рухальную актыўнасць дзяцей, зрабіць іх больш моцнымі і здольнымі пакараць спартыўныя вяршыні. З размовы з педагогамі мы даведаліся, як гэтую навіну ўспрынялі дзеці і ці гатовы да яе былі самі настаўнікі. Пагаварылі пра спартыўную базу, якая дазваляе разнастаіць заняткі, пра лёс спартыўных секцый, а таксама закранулі пытанне складання збалансаванага раскладу заняткаў, каб дзеці адчувалі прыліў сіл, а не стомленасць.

Галіна Скварцова, настаўніца фізічнай культуры і здароўя Акцябрскай раённай гімназіі:
— Будучы настаўнікам з вялікім вопым і стажам работы, хачу адзначыць, што для мяне тры гадзіны фізкультуры ў тыдзень — не новаўвядзенне. У такім фармаце я ўжо некалі працавала, таму дакладна ведаю, што калі вучань не атрымлівае адзнакі, як гэта было на “Гадзіне здароўя і спорту”, то ў яго няма матывацыі ні займацца, ні тым больш дасягаць нейкіх поспехаў. Вельмі добра, што трэці ўрок вярнуўся ў рэжым атэстацыі і з’явіўся пералік патрабаванняў да вучняў. Цяпер яны, ідучы на заняткі, дакладна разумеюць, што атрымаюць адзнаку за пэўныя рухальныя ўменні і навыкі. Мэта трэцяга ўрока, як мы ведаем, — актывізацыя рухальнай актыўнасці школьнікаў. І адзнака, безумоўна, паўплывае на гэтую актыўнасць.
Канечне, дзеці розныя. Камусьці трох урокаў будзе больш чым дастаткова, а нехта яшчэ і на секцыю ўвечары прыйдзе. Тым не менш мы, настаўнікі, гэтыя тры гадзіны выкарыстаем напоўніцу, каб нашы навучэнцы сталі як мінімум больш здаровымі. Да таго ж можна задаць і дамашняе заданне. Яно можа быць індывідуальным, а можа прызначацца ўсяму класу. Галоўнае, каб яго магчыма было выканаць у дамашніх умовах. Напрыклад, такім заданнем можа быць пэўная колькасць падніманняў тулава са становішча лежачы. Хаця, як паказвае практыка, дзецям цікавей займацца з аднакласнікамі на ўроку. У нашай гімназіі створаны добрыя ўмовы для рэалізацыі новай вучэбнай праграмы, штогод абнаўляецца спартыўнае абсталяванне.

Уладзімір Грынкевіч, настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 2 г.п.Акцябрскі:
— Мы ў сваёй навучальнай установе вельмі рады тром гадзінам фізкультуры, бо яны даюць магчымасць не толькі павысіць прэстыж прадмета, але і на практыцы прадэманстраваць, што жыццё — гэта рух, што фізічна развіты чалавек здольны дасягнуць поспехаў у самых розных напрамках. Элементарна: калі ты трэніруешся штодзень, то заўсёды бадзёры і ў добрым настроі, што напрамую ўздзейнічае на інтэлектуальныя дасягненні. Сучасным дзецям катастрафічна не хапае рухальнай актыўнасці. Ім цяжка выканаць практыкаванні на прэс, прабегчы крос або падцягнуцца. Канечне, у кожнага свае фізічныя даныя і магчымасці, але іх трэба развіваць, каб быць больш устойлівымі.
Вось гэтым мы і займаемся на сваіх занятках. І з’яўленне трэцяй гадзіны, канечне, паспрыяе росту рухальнай актыўнасці. Нашы вучні ўспрынялі гэтую навіну вельмі добра, як, зрэшты, і бацькі, у якіх з’явілася матывацыя кантраляваць, ці ўзялі іх дзеці спартыўную форму ў школу. Вучні вельмі добра паставіліся і да магчымасці атрымаць адзнаку на трэцім уроку фізкультуры. У іх нават з’явіўся пэўны азарт, жаданне паспаборнічаць за больш высокія балы.
Я шмат гадоў займаюся гульнявымі відамі спорту і хачу адзначыць, што менавіта гульні дапамагаюць удасканальваць рухальныя навыкі: скачкі, бег, меткасць, спрытнасць, вынослівасць. Акрамя таго, яны фарміруюць маральна-валявыя якасці дзяцей, і, вядома ж, дапамагаюць арганізаваць актыўны адпачынак і зняць разумовае напружанне. Мае вучні любяць футбол, але калі пачынаем паступова асвойваць з імі гульнявыя элементы, то ў арсенале хутка з’яўляецца і валейбол, і баскетбол. Мае дзесяцікласнікі з задавальненнем гуляюць пасля ўрокаў на гарадской спартыўнай пляцоўцы. І мне, канечне, прыемна, што яны развіваюць свае фізічныя навыкі, а не бавяць час у гаджэтах.
Сяргей Папко, настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 1 г.п.Акцябрскі імя А.Р.Салаўя:
— З’яўленне трэцяга ўрока фізічнай культуры і здароўя — гэта, безумоўна, вялікі плюс. Як і ацэньванне дзяцей на гэтым уроку, што павысіла іх матывацыю ў разы. Цяпер ніхто не забывае спартыўную форму, бо ёсць магчымасць не проста пагуляць у футбол ці валейбол, а яшчэ і атрымаць добрую адзнаку, што ў канчатковым выніку станоўча паўплывае на адзнаку за чвэрць. Цяпер, прадумваючы план гэтага ўрока, заўсёды імкнуся ўключыць у яго гульнявыя элементы і футбола, і валейбола, і баскетбола, каб задзейнічаць кожнага навучэнца. Разам з тым хачу адзначыць, што з’яўленне трэцяга ўрока не паўплывала на жаданне некаторых дзяцей наведваць спартыўныя секцыі. Галіна Міхайлаўна правільна адзначыла, што ёсць вучні, якім трох урокаў будзе дастаткова, а ёсць тыя, хто яшчэ і на секцыю прыйдзе. Таму развіваем і гэты напрамак.

Алена Ждановіч, настаўніца фізічнай культуры і здароўя Парэцкай сярэдняй школы Акцябрскага раёна:
— Мне падабаецца, што трэці ўрок з’яўляецца менавіта гульнявым: мы маем больш магчымасцей выкарыстаць рухальныя і спартыўныя гульні, якімі цікавяцца вучні. Так мы ўлічваем жаданні навучэнцаў і стараемся падтрымліваць дзяцей у іх выбары. Нарматывы на гульнявым уроку мы прымаць не можам, аднак структурная частка ўрока не мяняецца.
Яшчэ хачу звярнуць увагу, што цяпер, згодна з новай праграмай, тэарэтычны матэрыял вывучаецца на вучэбных занятках адначасова з засваеннем практычнага, без выдзялення асобных гадзін у праграме. Акрамя таго, тэарэтычны матэрыял скарэкціраваны: выключаны тэмы, якія ўключаны ў змест вучэбных праграм па іншых вучэбных прадметах. Гэта вельмі зручна, і дзеці лепш запомняць інфармацыю.
Увогуле я згодна з калегамі, што з’яўленне трэцяга ўрока фізкультуры дазволіць нашым дзецям павысіць сваю фізічную актыўнасць. Калі гаварыць пра маіх вучняў, то яны заўсёды былі рады прыйсці і на “Гадзіну здароўя і спорту”, а цяпер з такой жа радасцю прыходзяць на трэці ўрок фізкультуры, прычым не толькі каб пагуляць, але і каб атрымаць адзнаку.
Андрэй Баграёнак, дырэктар і настаўнік Валосавіцкай сярэдняй школы Акцябрскага раёна:
— У нашай школе спартыўная секцыя працуе 4 разы на тыдзень. У нас вучыцца больш за 90 дзяцей, з якіх прыкладна чацвёртая частка рэгулярна наведвае секцыі. Канечне, як настаўнік фізічнай культуры і здароўя, які адпрацаваў шмат гадоў, вітаю тры гадзіны фізкультуры, бо разумею, наколькі станоўча гэта паўплывае на нашых дзяцей. Цяпер мая задача на дырэктарскай пасадзе — ствараць неабходныя ўмовы для рэалізацыі новай праграмы. Бо, напрыклад, для 5—11 класаў у тэму “Гімнастыка, акрабатыка” дабаўлены агульнаразвіццёвыя і спецыяльныя практыкаванні, накіраваныя на развіццё фізічных якасцей. У змест тэмы інварыянтнага кампанента “Аэробіка (дзяўчаты), гімнастыка атлетычная (юнакі). Гімнастыка. Акрабатыка” для 10—11 класаў уключаны практыкаванні на гімнастычных снарадах (на гімнастычным бервяне, нізкай і высокай перакладзінах, паралельных брусах). Усё залежыць ад матэрыяльнай базы ўстановы адукацыі. Будзем працаваць так, каб нашы дзеці раслі здаровымі і моцнымі.
Алена Дзянісава, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Акцябрскай раённай гімназіі, падзялілася сакрэтамі складання раскладу ўрокаў, куды гарманічна ўпісана дысцыпліна “Фізічная культура і здароўе”:
— Расклад складаю згодна з патрабаваннямі СанПіН. Са з’яўленнем трэцяй гадзіны фізічнай культуры і здароўя мая работа не ўскладнілася. Расклад складзены. Напрыклад, у пачатковай школе гэтыя тры гадзіны размеркаваны па такіх днях, як панядзелак, серада і чацвер (гульнявы ўрок можна паставіць побач). Раз на тыдзень фізкультура можа стаяць першым урокам, але ў такім выпадку другім, напрыклад, матэматыку ставіць непажадана, бо дзеці пасля фізічных практыкаванняў прыходзяць узбуджаныя і з меншай канцэнтрацыяй увагі. Для іх у гэты час больш падыдзе, напрыклад, урок літаратуры.

— Увогуле, скласці добры расклад, асабліва калі ў настаўніка вялікая нагрузка, сапраўднае мастацтва, — заўважыла дырэктар Акцябрскай раённай гімназіі Вікторыя Клімава. — Але мы страемся рабіць так, каб і настаўнікі адчувалі сябе камфортна, і дзецям было зручна.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





