Цяпер мы разам

- 16:58Нам пішуць

Рашэнне ўзяць у сям’ю дзіця ў свядомым узросце — крок адказны і нялёгкі. Многія грамадзяне не рашаюцца гэта зрабіць з-за грамадскага стэрэатыпнага меркавання аб дзецях-сіротах, а таксама з-за асабістай недасведчанасці і страхаў. Але гэтыя стэрэатыпы і страхі не ўласцівыя мнагадзетнай сям’і Рамашка — Таццяне Аляксееўне і Андрэю Міхайлавічу, чые прыёмныя дзеці вучацца ў сярэдняй школе № 34 Мінска.

У сям’і Рамашка з 2008 года выхоўваецца 8 прыёмных дзяцей. Як кажа Таццяна Аляксееўна, той год для сям’і стаў пераломны: з’явіліся першыя прыёмныя дзеці — Аляксандр і Мікалай. Старэйшаму, Сашы, на момант усынаўлення было 14 гадоў, а малодшаму, Колю, — 7. Праз год удачарылі Дар’ю, а пасля яе практычна кожны год сям’я Рамашка павялічвалася на аднаго-двух дзяцей. На сёння Таццяна Аляксееўна і Андрэй Міхайлавіч шчаслівыя бацькі васьмярых дзяцей: чатырох хлопчыкаў — Сашы, Колі, Ільі, Артура і чатырох дзяўчынак — Дашы, Веранікі, Дыяны, Яны.

Старэйшы сын Саша да ўсынаўлення не прачытаў ні адной кнігі, не меў ніякага жадання вучыцца і слаба ўяўляў сваё далейшае жыццё. Аднак скончыў 9 класаў з дзевяцібальным атэстатам, адслужыў у арміі. Зараз працуе на заводзе імя Вавілава і вучыцца ў БНТУ. Здольны, таленавіты, лёгкі. Коля, скончыўшы 9 класаў, паступіў у Мінскі тэхнічны каледж хлебапячэння. Актыўны, жыццярадасны, адказны. Дзяўчынкі займаюцца індыйскімі танцамі і з’яўляюцца пастаянным танцавальным упрыгожаннем ўсіх школьных мерапрыемстваў.

Таццяна Аляксееўна нарадзілася на Віцебшчыне. З маленства ўзгадаваная прыродай, яна гарнулася любоўю да яе, навучылася глыбока адчуваць і разумець. Яе мама, Валянціна Карпаўна, 40 гадоў працавала настаўніцай у школе, а бацька, Аляксей Якаўлевіч, усё сваё жыццё працаваў на зямлі. Колькі сябе памятае, Таццяна Аляксееўна без меры захаплялася бацькамі і ўдзячна ім за любоў, якую яны падарылі сваім траім дзецям, за тое, што навучылі працаваць, не шкадуючы сіл, і шанаваць чужую працу.

Андрэй Міхайлавіч нарадзіўся ў сям’і, дзе духоўна-маральныя каштоўнасці — не пусты гук. Яго прадзед і дзед — кубанскія казакі. Як вядома, казакоў выхоўвалі ў строгасці, прывівалі любоў да Бога і роднай зямлі. Мужнасць, смеласць, гордасць яны ўбіралі з малаком маці і перадавалі з пакалення ў пакаленне. Маючы перад вачыма ўзоры, годныя пераймання, Андрэй Міхайлавіч даволі шмат чаго дасягнуў у жыцці. Ён кандыдат біялагічных навук, майстар спорту па турызме, інструктар па ёзе, дырэктар СТАА “Дайнова”. Але галоўнае тое, што ён — надзейная абарона і цвёрдая апора, годны прыклад для ўсіх васьмярых дзяцей. Ён адбыўся як асоба, як муж і, што важна, як клапатлівы бацька, якому ёсць чым падзяліцца і чаму навучыць дзяцей.

Пры асабістых сустрэчах з законнымі прадстаўнікамі і педагогамі ў нашай школе мнагадзетныя бацькі, дзелячыся вопытам, кажуць: “За 10 гадоў шмат чаго змянілася ў нашым жыцці. Пабудаваны дом на Цнянскім вадасховішчы, у ім ёсць усё для гарманічнага развіцця дзяцей. Склаўся лад жыцця, які дазваляе ўсебакова іх развіваць: штотыднёвыя паходы выхаднога дня з трэнінгамі па рэлаксацыі і ёзе, веласіпедныя прагулкі, навучанне па міжнароднай праграме “Брайтэрмайднс”, турзлёты, летнія паходы ў Крым і на Каўказ. У мінулае сыходзяць тоўстыя медыцынскія кніжкі з дыягназамі, фарміруюцца новыя звычкі. Дзеці ўліваюцца ў струмень жыцця, зліваюцца з яго цяцэннем, плывуць насустрач сваім лёсам”.

“Чаму ж мы як бацькі хочам навучыць дзяцей? Хацелася б іх навучыць жыць у гармоніі з сабой і прыродай, ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх насуперак усяму, радавацца жыццю ва ўсіх яго праявах, годна прымаць пакуты, якія выпадаюць на долю, дараваць і прасіць прабачэння. Хацелася б ім прышчапіць прастату і непераборлівасць, імкненне да праўды і справядлівасці, уменне любіць і прымаць любоў; пазначыць верны жыццёвы шлях, прайшоўшы які, не будзе сорамна за бессэнсоўна пражытыя гады”, — кажа Андрэй Міхайлавіч.

Пра гэтую дзіўную сям’ю зняты дакументальны фільм “Цяпер мы разам”, выйшлі шматлікія публікацыі. Знакамітая сям’я з задавальненнем прымае ўдзел у мерапрыемствах, якія праводзяцца ў школе, Нацыянальным цэнтрам усынаўлення.

Наталля КОТАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ларыса Салагубоўская,
настаўнік рускай мовы і літаратуры,
класны кіраўнік 10 “Б” класа сярэдняй школы № 34 Мінска.