“Фізкультура зімой на вуліцы?.. Які жах!” Чаму такое сёння магчыма: хораша ўмець разважаць пра высокія матэрыі, любоў да Радзімы, атрымліваць высокія адзнакі па грамадазнаўстве ці гісторыі, а ў рэальным жыцці, што называецца, сядзець у балоце.

Падстава для нататак — скарга, пра якую расказала дырэктар школы ў адным аграгарадку. Разважаючы пра часам няпростыя зносіны педагогаў з бацькамі, дасведчаная, у гадах настаўніца выглядала разгубленай. Згадала, што бацькі паскардзіліся на яе, на школу ў раён. А чаго? Даведаліся, што іх дачка разам з аднакласнікамі пад кіраўніцтвам настаўніка займалася фізкультурай на вуліцы, на стадыёне. І ўсё б нічога, ды ў таго цеплалюбівага дзіцяці “пацякло з носа”. Вось і паспрабавалі бацькі знайсці, як кажуць, крайніх… Нават да ўрача звярнуліся, і ён пацвердзіў даведкай: прастудзілася дзяўчо. А было ж тады на вуліцы — звернем увагу — каля нуля!
Дырэктар паспрабавала мірна вырашыць сітуацыю. Але яе словы пра тое, што парухацца на свежым паветры ўсім карысна, узрушаная маці “прастуджанай дзяўчынкі” ўспрыняла ў штыкі. “Фізкультура зімой на вуліцы?.. Які жах! Дзяўчынка мая, — выкрыквала далей маці, — хваравітая. Мы яе ў такое надвор’е ўвогуле на вуліцу не пускаем, на машыне да школы падвозім, каб не застудзіць”. І ў той жа танальнасці дырэктару папрок: “Мы вам, настаўнікам, сваіх дзяцей давяраем. А вы што з імі робіце?”
І што ж рабіць нам з такімі кволымі дзеткамі, а найперш — з такімі “клапатлівымі”, але абмежаванымі жалезнымі догмамі бацькамі? Што рабіць беларускаму грамадству, якое ставіць на мэце гадаванне і выхаванне сапраўдных патрыётаў? Выдаць яшчэ некалькі цыркуляраў? Калі ж не трашчаць словамі, а спакойна ўдумацца ў глыбокі сэнс акрэсленых імі паняццяў, то стане відавочным: недзе ж мы якраз у сферы духоўнай пакуль не дапрацоўваем. Гаворка тут не пра цела — пра дух. Вядома ж, і сапраўдныя патрыёты могуць прастуджвацца, хварэць і, будзем шчырымі, нават паміраць ад хвароб: як дарослыя, так і дзеці. Бо ўсе мы людзі, кожнаму з нас уласцівы слабасці-недахопы. Але патрыятызм, напэўна, ёсць такі высокі стан духу чалавека (не цела!), які надае нам сілы, каб пераадольваць многія цяжкасці: фізічныя і не толькі. Нават перад тварам смерці заставацца чалавекам.
Пра гэта нядаўна, выступаючы на дыялогавай пляцоўцы перад настаўнікамі ў Магілёве, ёмка сказаў протаіерэй Фёдар Поўны: “Дух дае магчымасць любіць блізкіх сваіх, Радзіму, незалежна ад жыццёвых умоў”. Вось як любіў Радзіму, скажам, лётчык Аляксей Марэсьеў, які, дзякуючы пісьменніку Барысу Палявому, яго “Аповесці пра сапраўднага чалавека”, для многіх стаў прыкладам духоўнай моцы. А правобразам яшчэ аднаго моцнага духам героя — Андрэя Сакалова з аповесці Міхаіла Шолахава “Лёс чалавека” — паслужыў наш зямляк-беларус Рыгор Дольнікаў. Ён быў родам з вёскі Сахараўкі Горацкага раёна Магілёўшчыны, пасля вайны — генерал-палкоўнік авіяцыі, Герой Савецкага Саюза. І чаму б, дарэчы, імем героя не назваць адну з беларускіх школ?
Ёсць высокі дух, а ёсць захутаная ў клопат пра ўласнае дзіця (маё!) бездухоўнасць. Не адразу яе і заўважыш. Але часам нават пры тэмпературы паветра каля нуля ў такога чалавека ўшчэнт вымярзаюць духоўныя ўстаноўкі, арыенціры.
У народзе пра такіх кажуць: толькі зачапі. Таму і праяўляецца глыбіннае, дзікае, жывёльнае жаданне пакусаць блізкага, “пабрахаць” на яго, зрабіць яму як мага больш балюча… Як у нашым выпадку: паскардзіцца і знайсці ўправу.
Як жа такую з’яву назваць-акрэсліць? А зрабіць гэта трэба. Сёння праяўленне дзікага эгаізму і элементарнай непрыстасаванасці як да жыцця ў соцыуме, так і да таго, каб любіць бліжніх і Радзіму, незалежна ад жыццёвых умоў, не рэдкасць. Неяк, расказвалі ў вёсцы, прыехала летам да дзеда з бабуляй з горада ўнучка-пяцікласніца, узялася з ёй гатаваць боршч, а цыбулю не ўмее абабраць, знімае лупіну, як з бульбы. Некаторых дзетак, ведаю, бацькі “абараняюць”, ды з упартасцю, ад заняткаў па фізкультуры (а тым больш на свежым паветры), ад любой працы на прышкольных участках, у школьных цяпліцах, садах і агародах. Дрэвы ім садзіць нельга, вядро з вадой, каб дрэўца паліць, ім зацяжкае. Узяць швабру ці анучу, каб у класе прыбраць, — праблема. У адной са школ расказалі, што дзяўчынка не змагла падмесці падлогу венікам. На пытанне настаўніцы, чаму так, адказала: “Дома прыбірае мама… Пры дапамозе пыласоса”.
Не зайздрошчу людзям, якія вымушаны прымаць рашэнні, рабіць высновы, рэагуючы на бацькоўскія скаргі ў падобных сітуацыях. Як ні круці, ёсць “хворае дзіця” з даведкай і зафіксавана скарга бацькоў — трэба рэагаваць. Калі ж прыўзняцца над сітуацыяй, то варта б і дзяўчынцы, і бацькам паставіць несуцяшальны дыягназ: цяплічны патрыятызм. Чаму такі? Неяк мне расказалі ў вясковай школе, што калі ператрымаць расаду агародніны ў цяпліцы, то яна расце хутка, ды тонкай, кволай ніцінай, да жыцця ў адкрытым грунце не прыстасаванай.
У цяплічных умовах добра падрастаюць гультаі, хлюпікі, эгаісты, прыстасаванцы — ніяк не патрыёты.
Фота на прэўю pixabay.com, выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі