Цяжар дзіцячай інваліднасці знізіўся

- 12:52Сацыяльны ракурс

Вынікі сумеснага праекта ЮНІСЕФ і Міністэрства аховы здароўя Беларусі па прафілактыцы дзіцячай інваліднасці абмеркавалі больш за 200 спецыялістаў з усёй краіны на анлайн­канферэнцыі ў Мінску. 

Праект “Прафілактыка інваліднасці і сацыяльная інтэграцыя дзяцей з інваліднасцю і асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь” быў рэалізаваны пад эгідай ЮНІСЕФ у Беларусі ў супрацоўніцтве з Міністэрствам аховы здароўя і ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам адукацыі і іншымі міністэрствамі, пры фінансавай падтрымцы Урада Расійскай Федэрацыі. 

У Беларусі налічваецца 34 954 дзі­цяці з інваліднасцю (па стане на 2020 год). Каб знізіць гэтую лічбу, ЮНІСЕФ і Міністэрства аховы здароўя стварылі ў Беларусі эфектыўную сістэму ранняга ўмяшання. Яе асноўная задача — на ранняй стадыі выявіць у дзяцей ад 0 да 3 гадоў парушэнні развіцця або рызыкі іх узнікнення. Чым раней бацькі звернуцца да спецыялістаў, якія ўбачаць праблему і прапануюць шляхі вырашэння, тым больш шансаў скарэкціраваць стан малога.

Праект пачаўся ў 2017 годзе. За чатыры гады ў Беларусі ўдалося зацвердзіць неабходныя нарматыўна-прававыя дакументы, падрыхтаваць метадалагічную і тэхнічную базу, укараніць новыя методыкі і нормы прадастаўлення міждысцыплінарнай дапамогі сям’і, у якой расце дзіця з парушэннямі развіцця або рызыкай іх узнікнення. 

На сёння ў краіне функцыянуе 37 цэнтраў ранняга ўмяшання, 5 з іх — на базе дамоў дзіцяці. Бясплатную дапамогу ў цэнтрах ранняга ўмяшання атрымалі 20 398 дзяцей; каля 1000 спецыялістаў па ўсёй Беларусі прайшлі навучанне па сучасных методыках і падыходах работы з дзецьмі з інваліднасцю. Прапанаваць паслугі спецыялістаў атрымалася 96,9% дзецям ва ўзросце да трох гадоў; 94% мам і татаў засталіся задаволены зразумеласцю і дэталёвасцю рэкамендацый (па апытаннях наведвальнікаў цэнтраў ранняга ўмяшання).

— Адным з галоўных вынікаў праекта з’яўляецца зніжэнне цяжару дзіцячай інваліднасці на 3%, што значна для нашай краіны. Я хачу падзякаваць Дзіцячаму фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі і Ураду Расійскай Федэрацыі за аказаную экспертную і матэрыяльную дапамогу, — адзначыў Барыс Мікалаевіч Андрасюк, намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. 

Чым раней бацькі звернуцца да спецыялістаў, якія ўбачаць праблему і прапануюць шляхі вырашэння, тым больш шансаў скарэкціраваць стан малога.

Дзякуючы праекту, цэнтры ранняга ўмяшання былі аснашчаны аргтэхнікай, рэабілітацыйным і гульнявым абсталяваннем. У іх ёсць сертыфікаваныя інструменты скрынінгу і шкалы ацэнкі развіцця дзяцей да трох гадоў, якія дазваля­юць на ранняй стадыі дыя­гнаставаць парушэнні развіцця, у тым ліку і расстройства аўтыстычнага спектра. Усе метадычныя матэрыялы і распрацоўкі па праекце прайшлі міжнародную экспертызу.

— Зразумець, як выяўляць цяжкасці на раннім этапе, як аказваць падтрымку дзецям, іх сем’ям і спецыялістам, было ў фокусе нашай работы больш за чатыры гады і патрабавала пастаянных намаганняў. Мы яшчэ не дасягнулі жаданага выніку. Але ёсць падтрымка з боку ўрада, стратэгічныя дакументы і практыка. Тое, што мы разам стварылі за чатыры гады, з’яўляецца ўстойлівым сістэмным змяненнем на карысць дзяцей. Таму я хачу адзна­чыць дасягненні ўсіх, хто ўдзельнічаў у праекце, і выказаць надзею, што работа ЮНІСЕФ і партнёраў у гэтым кірунку працягнецца, — адзначыла Таня Радачай, прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі. 

Асаблівую ўвагу праект удзя­ляе дзецям, якія нарадзіліся неданошанымі, з экстрэмальна нізкай ці нізкай масай цела. Спецыялісты распрацавалі алгарытм работы з сем’ямі, дзе з’явіліся такія малышы. У пяці рэгіёнах запрацаваў праект “Школа бацькоўства”, дзе бацькі неданошаных дзяцей вучацца навыкам догляду і развіцця малыша. З ліпеня 2018 года ў РНПЦ “Маці і дзіця” адкрыты кабінет катамнестычнага назірання, дзе ўрачы сочаць за фізічным, нервова-псіхічным і кагнітыўным развіццём такіх малых. За тры гады дапамогу спецыялістаў тут атрымалі 387 дзяцей. Вядзецца рэгістр неданошаных дзяцей, што дазваляе атрымаць прагноз неспрыяльных канцоў і індывідуальных фактараў рызыкі для кожнага дзіцяці. 

Праект дапамагае ўсёй сям’і, бо ажыццяўляецца комплекснае суправаджэнне рознымі спецыялістамі, у тым ліку псіхолагамі. Прычым на кожным этапе: калі мама знаходзіцца ў радзільным доме, а дзіця — у рэанімацыі; калі мама ўжо дома, а малы яшчэ ў рэанімацыі; калі мама з малым знаходзяцца ў стацыянары і калі ўся сям’я прыязджае дадому. З’явіліся пакоі падтрымкі груднога выкормлівання, дзе мамы могуць атрымаць практычную падтрымку ад спецыялістаў і сфарміраваць індывідуальны банк груднога малака ў аддзяленні неданошаных нованароджаных. Усе гэтыя меры ствараюць паразуменне паміж мамай і ўрачамі, з’яўляюцца прафілактыкай дэпрэсіі ў маці і крызісу сямейных адносін. 

— Расія ўдзяляе асаблівую ўвагу фінансаванню праектаў развіцця на тэрыторыі Беларусі і мае намер працягваць узаема­дзеянне з беларускімі калегамі з ААН у мэтах паступальнага вырашэння значных для сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны задач, — заявіў Пётр Валер’евіч Фралоў, саветнік-пасланнік Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі.

Каб знізіць стыгму і дыскрымінацыю ў адносінах да дзяцей з інваліднасцю і іх сем’яў, прайшла інфармацыйная кампанія “Проста дзеці”. Апошнія апытанні, якія праводзіў ЮНІСЕФ у Беларусі, паказваюць, што 80% рэспандэнтаў лічаць, што дзеці з інваліднасцю — гэта проста дзеці. У першую хвалю кампаніі гэтая лічба складала 76%. А 68% апытаных згодны з тым, што дзеці з інваліднасцю павінны вучыцца ў агульнаадукацыйных школах разам з іншымі дзецьмі (раней 63%). Такіх вынікаў удалося дасягнуць дзякуючы шматлікім публікацыям у СМІ, дзе расказваліся гісторыі сем’яў з дзецьмі з інваліднасцю, школьнікаў са складанымі дыягназамі, якія вучацца ў звычайных школах, сябруюць з аднакласнікамі і мараць аб будучай прафесіі. Дзякуючы інфармацыйнай кампаніі, запрацаваў сайт www.prostodeti.by/crv, дзе апублікавана інфармацыя аб даступнасці паслуг ранняга ўмяшання і работы цэнтраў па ўсёй Беларусі. Бацькі дзяцей да трох гадоў пры неабходнасці могуць самастойна без накіравання ўрача звяртацца ў цэнтры па дапамогу спецыя­лістаў.

Надзея ЦЕРАХАВА.