У перыяд з 9 па 14 кастрычніка ў Мілявіцкім ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці прайшоў тыдзень маці. Удзел узялі навучэнцы 1—11 класаў. На кожны дзень былі запланаваны мерапрыемствы рознай накіраванасці.
Перш-наперш — лінейка. Намеснік дырэктара Марына Уладзіміраўна Андала расказала гісторыю святкавання Дня маці.
Актыўнымі ўдзельнікамі тыдня сталі навучэнцы пачатковых класаў, дзякуючы якім быў арганізаваны паядынак фантазёраў “Падарунак маме”. Дзеці праявілі творчыя здольнасці і крэатыўна аформілі фотаздымкі сваёй матулі. Была арганізавана работа творчай майстэрні, дзе навучэнцы афармлялі паштоўкі, буклеты і г. д.
Цікавай стала акцыя “Мы славім жанчыну-маці”. На працягу тыдня члены БРСМ і БРПА рыхтаваліся да святочнай праграмы: падбіралі песні, вучылі вершы. Навучэнцы 1—5 класаў узялі ўдзел у конкурсе малюнкаў “Я люблю сваю матулю” (падарылі малюнкі мамам на святочным канцэрце).
Запамінальнай стала акцыя “Дом без адзіноты” (віншаванне ветэранаў-жанчын з Днём маці), у якой прынялі ўдзел усе ахвотныя.
Самымі актыўнымі ўдзельнікамі Рэспубліканскай прафсаюзнай акцыі “Павіншуем маму разам” сталі навучэнцы 4 класа, якія парадавалі матуль яркімі паштоўкамі.
У завяршэнне тыдня маці прайшоў канцэрт “Ты маё сэрца”, які наведалі матулі і бабулі. Усе засталіся задаволеныя і шчаслівыя.
Ірына ГАРДЗЕЙКА,
сацыяльны педагог Мілявіцкага ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа Мастоўскага раёна.