Цёплая сустрэча

- 11:03Актуально, Апошнія запісы

У суботу, 30 чэрвеня, адбылася сустрэча міністра адукацыі Ігара Карпенкі з выпускнікамі ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны. У лік запрошаных у галіновае міністэрства трапілі лепшыя — пераможцы інтэлектуальных конкурсаў, навукова-практычных канферэнцый, лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Сустрэча прайшла ў свабодным фармаце, у цёплай, сяброўскай атмасферы. Усе запрошаныя атрымалі граматы Міністэрства адукацыі за выдатныя поспехі ў вучобе, актыўны ўд зел у навукова-даследчай рабоце і грамадскім жыцці.

Ігар Васільевіч, вітаючы маладую інтэлектуальную эліту краіны, адзначыў, што дзяржава ўскладае на іх вялікія надзеі. “Ваша прафесійнае жыццё толькі пачынаецца і вельмі важна, каб вы з першых дзён імкнуліся да больш глыбокага пазнання сваёй прафесіі, бо без пастаяннага самаразвіцця вы не здолееце стаць сапраўднымі прафесіяналамі.

Вельмі важна ўмець працаваць у камандзе, прыслухоўвацца да калег. Дружалюбныя зносіны з людзьмі дапамогуць вам узняцца на прыступку вышэй. Высокакваліфікаваны кіраўнік абавязаны ведаць усё пра сваіх супрацоўнікаў. Шанаванне чалавечых якасцей і прафесійных дасягненняў аб’ядноўвае і матывуе кожнага ўдзельніка калектыву”, — звярнуўся да маладых людзей міністр адукацыі.

Разам з тым, як заўважыў Ігар Карпенка, трэба ўмець глядзець на перспектыву, вучыцца думаць у маштабах усёй краіны. Уменні аналізаваць, супастаўляць, крытычна ставіцца да падзей і з’яў патрэбны не толькі кіраўнікам, але і спецыялістам самых розных галін вытворчасці. Дарэчы, сёння патрэбны аналітыкі, менеджары, здольныя пралічваць не толькі выгаду, але і рызыкі, мысліць комплексна, на стыку некалькіх прафесій.

“За вамі — наша будучыня. Вам развіваць краіну, весці наперад, але не забывайцеся пра ўжо існуючыя дасягненні, з розумам стаўцеся да набытага. Вы павінны абапірацца на вопыт старэйшага пакалення, клапаціцца пра дэмаграфічную стабільнасць, развіццё і ўмацаванне нашай культуры, мовы, гісторыі і традыцый. Вельмі важна, што ў вас унутры. Праз жыццё вас будуць весці ваш розум і сэрца, таму, працуючы на карысць сваёй дзяржавы, вы будзеце расці як асоба, як сапраўдны грамадзянін”, — сказаў Ігар Карпенка.

Выпускнікі падзякавалі міністру за цёплыя словы віншавання, падтрымку і веру ў іх прафесійныя магчымасці. “Для нас вялікі гонар прымаць віншаванні ад міністра адукацыі. Кожны з нас будзе імкнуцца да таго, каб Беларусь крочыла толькі наперад”, — адзначылі ў зваротным слове выпускнікі.

Затым, карыстаючыся момантам, наваспечаныя маладыя спецыялісты задалі міністру адукацыі свае пытанні. У прыватнасці, гутарка ішла пра шляхі павышэння матывацыі да навучання ў студэнцкім асяроддзі. Ігар Васільевіч адзначыў, што жаданне вучыцца павінна культывавацца ў дзіцяці з першых гадоў жыцця. А сістэмная прафарыентацыйная, дапрофільная і профільная падрыхтоўка ў школах замацуе цікавасць да навучання і дапаможа выпускніку школы стаць мэтанакіраваным студэнтам. “Цікавасць да навучання павінна фарміравацца ў гульні, у разнастайнай пазнавальнай дзейнасці. Акрамя таго, мы павінны ствараць умовы для прафілізацыі не толькі ў межах школы. Мяркую, добрай базай у гэтым плане стане дзіцячы тэхнапарк з вучэбнымі лабараторыямі рознай прафесійнай накіраванасці, над стварэннем якога мы цяпер працуем.

Што датычыцца студэнцкага асяроддзя, то і тут ёсць зрухі. З нядаўняга часу студэнты практыкуюцца з 1 курса, яны ўключаны ў валанцёрскую дзейнасць. Мадэль “Універсітэт 3.0”, якую мы рэалізуем у шэрагу ўніверсітэтаў краіны, прадугледжвае практыкаарыентаванае навучанне (арыентаванае на вытворчасць гатовага прадукту), якое дазволіць набыць студэнтам першасныя прафесійныя навыкі і да канца зразумець уласныя жаданні і магчымасці”, — адказаў міністр.

Акрамя таго, выпускнікоў цікавіла пытанне развіцця нанаіндустрыі ў нашай краіне, на што Ігар Васільевіч сказаў, што гэты перспектыўны напрамак актыўна развівае Нацыянальная акадэмія навук, і калі хто жадае далучыцца, калі ласка, прапануйце свае ідэі. І тут узнікла дыскусія наконт развіцця менеджарскага мыслення, бо ідэя без плана яе рэалізацыі, матэрыяльнай выгады рызыкуе застацца толькі ідэяй. Павінны быць спецыялісты, якія распрацуюць стратэгію яе пераўтварэння ў гатовы і запатрабаваны прадукт. Як высветлілася, такія спецыялісты ў нас ёсць. Прынамсі менеджараў з маштабным мысленнем, комплексным бачаннем рыхтуюць у БНТУ. Яны ведаюць тэхналогію працэсу вытворчасці, маюць эканамічныя, юрыдычныя веды, а таму гатовыя працаваць на рэалізацыю любой ідэі. Як гаворыцца, у добры шлях!

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.