“Цёплыя кнігі” ў падарунак для дзяцей з парушэннямі зроку

- 14:45Сацыяльны ракурс

Праект “Цёплыя кнігі” па стварэнні тактыльных кніг для невідушчых дзяцей, які быў распрацаваны ў сярэдняй школе № 35 імя М.А.Волкава Гродна, прызнаны лепшым падчас Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі — 2018” у намінацыі “Грамадства, эканоміка і сацыяльная сфера”. Кіраўнікі праекта — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ўстановы А.К.Казлоўская, педагог-арганізатар Н.П.Ханько і педагог дадатковай адукацыі Д.А.Трафімаў.

Вытокі праекта “Цёплыя кнігі” былі акрэслены ў бібліятэчнай сістэме Гродна ў 2015 годзе. Пачынанне адразу знайшло водгук у навучэнцаў-валанцёраў 35-й гродзенскай школы з атрада “Добрае сэрца”, і летам 2017 года ва ўстанове была арганізавана пляцоўка “Карпарацыя дабра” па стварэнні тактыльных кніг пад кіраўніцтвам педагогаў Настассі Пятроўны Ханько і Дзмітрыя Аляксандравіча Трафімава. Дзякуючы гэтаму, удалося папоўніць кніжны фонд Гродзенскай спецыяльнай бібліятэкі для інвалідаў па зроку.

“У нашай школе развіты так званы вытворчы турызм, — паведамляе Настасся Пятроўна. — Аднойчы з навучэнцамі мы пабывалі на экскурсіі на прадпрыемстве БелТІЗ, дзе пазнаёмілася са слабавідушчымі людзьмі. Ніхто не застаўся абыякавым. Пасля экскурсіі дзеці перажывалі, задавалі шмат пытанняў аб жыцці невідушчых людзей. Іх цікавіла, як людзі з праблемамі зроку гатуюць сабе ежу, чысцяць зубы, карыстаюцца мабільным тэлефонам, камп’ютарам і, канечне ж, чытаюць кнігі. Першы раз на БелТІЗ мы паехалі з навучэнцамі 8—9 класаў, затым адправіліся на экскурсію з чацвёртакласнікамі. Бібліятэкар БелТІЗ паказала нам кнігі, надрукаваныя шрыфтам Брайля, а таксама тактыльныя кніжкі для маленькіх дзяцей. Кніг было няшмат. Набываць іх у вялікай колькасці спецыялізаванай бібліятэцы для інвалідаў па зроку, а таксама бацькам дзяцей з парушэннямі зроку складана. Кошт тактыльнай кнігі складае ад 30 да 50 беларускіх рублёў, а кошт кнігі, дзе 15—20 лістоў надрукаваны шрыфтам Брайля, ад 20 да 35 беларускіх рублёў”.
Сярод невідушчых і слабавідушчых чытачоў традыцыйна вельмі папулярныя кнігі на носьбітах, разлічаных на праслухоўванне інфармацыі (на аўдыякасетах, электронныя выданні на CD-дысках, фармату МР3), і кнігі на флэш-картах. Але гэтыя носьбіты малаэфектыўныя для невідушчых дзяцей дашкольнага ўзросту. Таму пажадана, каб у спецыяльных бібліятэках знаходзілася літаратура, якая была б даступна кожнаму дзіцяці з любой вастрынёй зроку.

Такімі выданнямі з’яўляюцца менавіта тактыльныя кнігі. Яны прыносяць карысць не толькі дзецям з парушэннем зроку, але і дзецям з іншымі асаблівасцямі ў развіцці, напрыклад, з цэрэбральным паралічам, з аўтызмам, і нават абсалютна здаровым дзецям.

“Мы пачалі ў школе выраб тактыльных кніг, у першую чаргу для дзяцей з парушэннем зроку малодшага дашкольнага ўзросту (ад 3 да 5 гадоў), — гаворыць Настасся Пятроўна. — Свае кнігі мы называем цёплымі, бо яны прыемныя навобмацак, паколькі зроблены з выкарыстаннем фетру і футра. Да таго ж іх вырабляюць дзеці-валанцёры, якія працуюць з вялікай цікавасцю, укладваючы ў гэты працэс сэрца і душу. Яны адчуваюць, што робяць сапраўды добрую справу для невідушчых дзяцей, якія змогуць вучыцца па тактыльных кнігах.

На сёння намі падрыхтаваны асновы для 20 тактыльных кніг рознай тэматыкі, у тым ліку па матывах вядомых дзіцячых казак. Поўнасцю зроблена 9 тактыльных кніг: “Лясныя звераняты” (3 кнігі), “Займальная матэматыка” (3 кнігі), “Вясёлы заапарк” (3 кнігі). У планах нашай каманды валанцёраў стварыць дапаможнікі “Свет фігур”, “Вясёлы агарод”, “Вязаныя рэчы”, “Пасцельныя рэчы”, “Свойскія жывёлы”. Але гэта не адзіны наш дабрачынны праект. Мы заняліся яшчэ і карпатлівай работай па стварэнні кніг з выкарыстаннем шрыфту Брайля — выраблены 33 такія кнігі. Пісаць шрыфтам Брайля даволі складана, бо літары запісваюцца ў люстэркавым адлюстраванні. Да таго ж пішуцца словы справа налева. Памыляцца нельга, трэба быць вельмі ўважлівым. У гэтым нам дапамагалі невідушчыя валанцёры Станіслава Аляновіч і Яўген Паплаўскі, супрацоўнікі Бел ТІЗ. Першая кніга, надрукаваная шрыфтам Брайля, “Зернавушка і Багач” прысвечана беларускім абрадавым лялькам. У камплекце да яе ідуць і самі лялечкі, зробленыя вучнямі-валанцёрамі”.

Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце № 50, 
4 мая.

Надзея ЦЕРАХАВА.