Цёплыя сустрэчы на халодным лёдзе

- 12:04Актуально, Апошнія запісы

IV чэмпіянат свету сярод студэнтаў па канькабежным спорце, які ў гэтыя дні прымае беларуская сталіца, у самым разгары. Ужо прайшло ўрачыстае адкрыццё спаборніцтваў, разыграны першыя камплекты ўзнагарод, спартсмены ахвотна дзеляцца ўражаннямі ад чэмпіянату і гасціннасці беларусаў. Напярэдадні старту спартыўнага форуму адбылася яшчэ адна значная падзея: паміж Беларускай асацыяцыяй студэнцкага спорту і Студэнцкім спартыўным саюзам Польшчы быў заключаны мемарандум аб супрацоўніцтве.

Самая масавая спартыўная студэнцкая арганізацыя Польшчы мае 110-гадовую гісторыю. За гэты час, безумоўна, склаліся свае традыцыі, напрацаваны багаты вопыт папулярызацыі спорту і здаровага ладу жыцця сярод студэнцкай моладзі. У знаёмстве з гэтым вопытам якраз і зацікаўлены беларускі бок. Падпісанне мемарандума будзе паляпшаць узаемаадносіны паміж студэнтамі дзвюх краін, дазволіць асацыяцыям вывесці іх сяброўства на новы ўзровень.

— Беларусь — адкрытая, спартыўная краіна, у нас цудоўныя спартыўныя пляцоўкі, на якіх мы рады бачыць польскіх спартсменаў. Наша асацыяцыя існуе не так даўно, аднак мы гатовы браць ад польскіх сяброў усё лепшае і ўкараняць гэта ў сваю дзейнасць. Падпісанне мемарандума — гэта першы крок на шляху наладжвання больш цесных стасункаў. Гэтым актам мы паказваем сваю адкрытасць і гатоўнасць супрацоўнічаць, абменьвацца вопытам, а таксама праводзіць спаборніцтвы як на беларускіх спартыўных аб’ектах, так і прымаць удзел у польскіх чэмпіянатах і спаборніцтвах, — адзначыў старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Аляксандр Багдановіч.

Па словах генеральнага сакратара Студэнцкага спартыўнага саюза Польшчы Барталамея Корпака, польскія студэнты з гатоўнасцю будуць вывучаць тыя кампетэнцыі, якімі валодаюць іх беларускія аднагодкі. Для польскага боку важнай з’яўляецца магчымасць праводзіць падрыхтоўку на спартыўных аб’ектах, якімі славіцца Беларусь, у тым ліку на аб’ектах “Мінск-Арэны”. Менавіта на канькабежным стадыёне комплексу і прайшло яркае, незабыўнае, урачыстае адкрыццё IV чэмпіянату свету сярод студэнтаў па канькабежным спорце. Свята спорту і сяброўства — так коратка можна ахарактарызаваць гэтую падзею. У Мінску сабраліся паспяховыя маладыя спартсмены з 14 краін розных кантынентаў, якіх у гэтыя вясновыя дні аб’ядноўваюць любоў да канькабежнага спорту, надзея на поспех і вера ў перамогу. Гэта прадстаўнікі каманд Кітая, Чэхіі, Фінляндыі, Венгрыі, Італіі, Японіі, Казахстана, Манголіі, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Швецыі, ЗША, Беларусі.

— Правядзенне сусветных спартыўных форумаў сярод студэнтаў пад эгідай FISU ў нашы дні з’яўляецца важнай часткай студэнцкага спартыўнага жыцця ва ўсім свеце. Гэта ўнікальная магчымасць не толькі пазмагацца за спартыўнае першынство, але і набыць вопыт узаемаадносін з равеснікамі з розных краін свету. Цяперашні чэмпіянат для нашай краіны асаблівы. Другі раз за гады суверэннай гісторыі нашай дзяржавы выканаўчы камітэт FISU прадаставіў права правядзення студэнцкіх спаборніцтваў міжнароднага ўзроўню Рэспубліцы Беларусь. Мы спадзяёмся, што правядзенне чэмпіянату свету па канькабежным спорце сярод студэнтаў яшчэ больш падыме прэстыж Беларусі як спартыўнай дзяржавы. Упэўнены, што ў складзе кожнай каманды — лепшыя прадстаўнікі сваёй краіны: моцныя, мужныя, якія маюць на сваім рахунку нямала спартыўных дасягненняў. Адным словам, сапраўдная сусветная спартыўная эліта. Перакананы, што спартсмены гатовы прадэманстраваць і майстэрства, і волю да перамогі, і самыя высокія, па-сапраўднаму алімпійскія вынікі. Няхай усім удзельнікам чэмпіянату садзейнічае поспех падчас сумленнай і бескампраміснай барацьбы, — звярнуўся да ўдзельнікаў урачыстага адкрыцця чэмпіянату міністр адукацыі Ігар Карпенка.


Барацьба сапраўды адбываецца сумленная і бескампрамісная. Атмасфера, якая пануе на бегавых дарожках канькабежнага стадыёна “Мінск-Арэны”, амаль не адрозніваецца ад алімпійскай: тыя ж эмоцыі, той жа высокі ўзровень арганізацыі спаборніцтваў, тая ж узаемапавага паміж канкурэнтамі на лёдзе, а ў вольны ад стартаў час — добрымі таварышамі, сябрамі. Гэта пацвердзілі ўдзельнікі забегу на 3000 м сярод жанчын. Паглядзіце на фотаздымак дзяўчат. Хіба скажаш, што гэта саперніцы? Гэта ж самыя шчырыя сяброўкі! На першым месцы — прадстаўніца Польшчы Магдалена Чышчон з вынікам 4:21,11, другой была Паўлін Верхар з Нідэрландаў (4:22,53), на трэцім месцы — расіянка Алена Ераніна (4:25,50). Беларуска Ганна Кавалёва фінішавала дзявятай, аднак лепшыя вынікі ў нашай спартсменкі яшчэ наперадзе.

Пасля дзяўчат спаборнічалі мужчыны. У забегу на 5000 м прынялі ўдзел 19 спартсменаў з 10 краін. Лепшы вынік — у італьянца Давіда Джыёта (6:30,66), 2-е месца — у яго земляка Мішэля Малфаці, “бронза” — у казахстанца Дзмітрыя Марозава. Лепшы вынік сярод беларусаў паказаў Аляксей Кірпічнік, заняўшы 4-е месца з вынікам 6:44,60. У чацвер былі разыграны ўзнагароды і ў камандным спрынце. Сярод жанчын перамогу святкавалі расіянкі з вынікам 1:33,33, на 2-м месцы — полькі, на 3-м — каманда Нідэрландаў. Сярод мужчын у спрынтарскай гонцы 1-е месца занялі таксама расіяне (1:23,44), другімі былі палякі, на 3-м месцы — прадстаўнікі Казахстана.

Нагадаем, што ўваход на канькабежны стадыён — па білетах, якія можна бясплатна спампаваць на сайце kvitki.by, і кожны з нас можа падтрымаць землякоў у змаганні за медалі сусветнага першынства сярод студэнтаў па канькабежным спорце.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.