Цыркавое шоу — для талентаў

Паўтары тысячы школьнікаў з усёй краіны сустрэліся днямі ў Беларускім дзяржаўным цырку, каб акунуцца ў атмасферу казкі, цудаў і радасці. У двухгадзіннае падарожжа па казачнай краіне адправіліся з навагоднім настроем выдатнікі, юныя навукоўцы, пераможцы алімпіяд, стартсмены, творчыя таленты. Свята праходзіць у рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.


Пакуль маленькія поні важна правозяць сваіх юных вершнікаў па арэне, дзеці ў зале не могуць дачакацца пачатку паказу. Для большасці гледачоў сёлетняя казка ў цырку — першая ў жыцці.

Маша Цімашэнка з сярэдняй школы № 2 Жлобіна — будучы філолаг, прызёр Абласной алімпіяды па рускай мове, нават у сталіцы да гэтага дня ніколі не была, хоць заўсёды марыла. А самым галоўным у спісе абавязковых для наведвання месцаў быў у дзяўчынкі менавіта Беларускі дзяржаўны цырк. Машы давялося пабываць у Гомельскім цырку, але гэтых першых уражанняў было недастаткова.

Васьмігадовая Кіра Якун з Новай Гуты (Гомельскі раён), пераможца абласнога конкурсу па вакальным майстэрстве, так часта бывае на сцэне, што не заўсёды знаходзіць час на адпачынак. Дзяўчынка ўвогуле ніколі не была ў цырку, але па чутках ведае, што пад купалам абавязкова выступяць гімнасты, на арэне цырка будуць смяшыць клоўны і кланяцца сланы.

У Дашы Доліс, юнай біятланісткі з Навагрудка, таксама “цыркавы дэбют”. Дзяўчынка ўпэўнена, што зарад святочна-навагодняга настрою, снежнае надвор’е і новыя ўражанні дапамогуць ёй атрымаць будучыя перамогі.

Навагодні спектакль і падарункі ў Белдзяржцырку сталі традыцыйнымі сюрпрызамі для маленькіх гледачоў і чарговы раз нагадалі ім, што цуды існуюць. Толькі, каб іх убачыць, трэба крыху пастарацца.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.