Тураўскія чытанні — інтэлектуальны марафон поспеху

Сярэдняя школа № 1 Турава чацвёрты раз прыняла ўдзельнікаў інтэлектуальнага марафону “Тураўскія чытанні” імя асветніка і прапаведніка Кірыла Тураўскага. Традыцыйна мерапрыемства прайшло 11 мая — у дзень памяці вялікага тураўчаніна.

Арганізатары конкурсу — адміністрацыя сярэдняй школы № 1 Турава — з радасцю адзначылі, што чытанні набіраюць папулярнасць сярод вучняў. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Т.В.Шруб расказала, што конкурс сабраў 115 работ ад інтэлектуалаў з Гомельскай, Мінскай, Брэсцкай, Магілёўскай абласцей і нават з Расіі.

Кожную з іх разгледзела кампетэнтнае журы: намеснік начальніка аддзела спорту і турызму Жыткавіцкага райвыканкама Т.В.Русая, загадчык вучэбна-метадычнага кабінета С.І.Пахомава, дырэктар Тураўскага гісторыка-краязнаўчага музея Д.Э.Апановіч, загадчык Тураўскай гарадской бібліятэкі Т.М.Струк, настаяцель храма Усіх Святых протаіерэй А.І.Міхлюк, старшыня Тураўскага гарадскога выканаўчага камітэта І.Л.Міцюрыч, а таксама настаўнікі школы. Разам яны абралі 36 пераможцаў раённых (для навучальных устаноў Жыткавіцкага раёна) і гарадскіх (для школ і гімназій суседніх раёнаў і абласцей) чытанняў. Вучні і педагогі атрымалі дыпломы і сувеніры ад аддзела спорту і турызму Жыткавіцкага райвыканкама.

Канкурсанты наведалі гістарычныя мясціны і храмы старажытнага горада. Госці “Тураўскіх чытанняў” узялі ўдзел у гарадскіх мерапрыемствах, прысвечаных свяціцелю Кірылу Тураўскаму, наведалі музейныя экспазіцыі “Златоуст, паче всех воссиявших” на Замкавай гары і “Старажытны Тураў”, дзе праходзіла літургія з удзелам архірэйскага мужчынскага хору Турава-Мозырскай епархіі.

Калектыў сярэдняй школы № 1 спадзяецца, што конкурс будзе і далей карыстацца папулярнасцю сярод навучальных устаноў Беларусі і бліжняга замежжа.

Л.ГУК,
настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 1 Турава

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *