Турэцкае “золата” для віцебскага эколага

- 15:57Адукацыйная прастора, Рознае

Адзінаццацікласнік віцебскай гімназіі № 1 выхаванец Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Ілья Саўчанка атрымаў залаты медаль на XXII Міжнароднай алімпіядзе экалагічных праектаў INEPO- 2014, якая праходзіла ў Стамбуле (Турцыя). Штогод на ёй вызначаюцца лепшыя знаўцы біялогіі і экалогіі з усяго свету. Сёлета за гэтае званне на алімпіядзе змагаліся 137 старшакласнікаў з больш як 40 краін: Расіі, Украіны, Германіі, ЗША, Бразіліі, Японіі, Кітая, Емена, Ірака, Ірана, Нігерыі, Кот-д’Івуара і г.д.

“Уплыў выпальвання травы на фарміраванне супольнасцей жужаляў” — так гучыць назва работы Ільі, над якой ён працаваў два гады ў аб’яднанні па інтарэсах “Заалогія бесхрыбетных”. Праект быў распрацаваны разам з педагогам Палаца дзяцей і моладзі, дацэнтам кафедры заалогіі, кандыдатам біялагічных навук Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Ігарам Альбертавічам Саладоўнікавым.
“У Турцыі работа выклікала вялікі інтарэс не толькі членаў інтэрнацыянальнага журы, але і іншых удзельнікаў, бо мае не толькі экалагічнае значэнне, але і сацыяльнае. Выпальванне травы — гэта бяда не толькі для прыроды, але і для чалавека, — гаворыць загадчыца сектара біялогіі Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Вераніка Уладзіміраўна Пішчэліна. — Людзі вясной часта зграбаюць траву і паляць яе ці, што яшчэ горш, паляць прама на ўчастках. Яна гарыць хутка, таму можна страціць кантроль над агнём, які знішчае і пабудовы, а часта гінуць і людзі”.

Прычым, як адзначае Ілья, праблема выпальвання травы вельмі актуальная не толькі для Беларусі, але і для іншых еўрапейскіх краін, ды і краін свету. “У многіх людзей склаўся стэрэатып, што выпальванне не толькі знішчае сухую траву, але і насычае зямлю карысным угнаеннем — попелам, — гаворыць Ілья. — На самай жа справе, прыродзе наносіцца велізарны ўрон. Тэрмічнае ўздзеянне знішчае цэлую экасістэму. Аб’ект даследавання — жужалі — выбраны невыпадкова. Самі па сабе яны з’яўляюцца індыкатарам травяных выпальванняў, рэагуюць на змену біяцэнозу. Інфармацыя аб тым, якія віды гэтых жукоў з’яўляюцца, знікаюць, мігрыруюць, можна сказаць пра асяроддзе іх пражывання ўсё, што неабходна ведаць біёлагам: тып расліннасці, тып лугу, якім нагрузкам ён падвержаны і інш.”.

Ілья з дзяцінства цікавіўся працэсамі, якія адбываюцца ў прыродзе. Педагогі, і ў першую чаргу настаўніца біялогіі Ала Аляксееўна Мараліна, заўважылі старанні і здольнасці хлопчыка і прапанавалі займацца навукай сур’ёзна. Гэта дазваляе не толькі адкрыць у школьніках маладых таленавітых вучоных, але і дапамагчы ім знайсці свой шлях, вызначыцца з будучай прафесіяй.
“Такую магчымасць — прыняць удзел у конкурсе такога маштабу — школьнікі маюць, мабыць, толькі адзін раз за жыццё, — гаворыць Ілья. — Я планую прысвяціць сваё жыццё біялогіі. Сёлета буду паступаць у медыцынскі ўніверсітэт, і для мяне гэты конкурс — незабыўныя ўражанні”.
Поспехаў табе, Ілья!

 

Святлана НІКІФАРАВА.