Турнір для аматараў робататэхнікі

- 11:09Дадатковая адукацыя

Першыя адкрытыя спаборніцтвы па адукацыйнай робататэхніцы RoBoTechGames адбыліся ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска.

Удзел у турніры прынялі 15 каманд з Бабруйска, Мінска і Віцебска. Усяго спаборніцтвы аб’ядналі 25 самых моцных юных спартсменаў Беларусі.

— Многія нават не чулі пра тое, што робаты ўмеюць спаборнічац­ь. “Робарэйс”, “Міні-сумо”, “Лабірынт”, “Вялікае падарожжа” — усё гэта катэгорыі спаборніцтваў, у якіх удзельнічаюць пачынаючыя праграмісты, што захапляюцца робататэхнікай. RoBoTechGames праходзіў у дзвюх катэгорыях: “Прытрымліванне лініі. Адукацыйныя канструктары” і “Прытрымліванне лініі. Стандарт”. Сутнасць спаборніцтваў у тым, што робат павінен праехаць па спецыяльнай траекторыі — “трасе” — за мінімальны час. У кожнай каманды было тры спробы, а пры падвядзенні вынікаў залічвалася самая лепшая, — расказала загадчык аддзела па асноўнай дзейнасці Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска Таццяна Кізатава.

Паводле яе слоў, спаборніцтвы прайшлі дынамічна, ярка і запамінальна. На адкрыцці ўдзельнікаў віталі ганаровыя госці — начальнік упраўлення па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама Алена Лісіца і інжынер, кандыдат тэхнічных навук, валанцёр-трэнер па робататэхніцы, прадстаўнік аргкамітэта Кубка адукацыйнай робататэхнікі Аляксей Голік.

У ходзе спаборніцтваў не раз гаварылася пра неабходнасць правядзення ў рэгіёнах турніраў, падобных да RoBoTechGames. Яны не толькі папулярызуюць адукацыйную робататэхніку, але і дапамагаюць раскрываць здольнасці навучэнцаў. Часта пасля ўдзелу ў такіх мерапрыемствах хлопцы і дзяўчаты яшчэ больш захапляюцца робататэхнікай і свядома займаюцца гэтай справай.

Па выніках RoBoTechGames у прызёрах апынуліся ў асноўным прадстаўнікі сталіцы. У катэгорыі “Прытрымліванне лініі. Адукацыйныя канструктары” ў тройку лідараў увайшлі каманды ZUBRoid, White Storks і White Wings — усе прадстаўнікі Мінска. У катэгорыі “Прытрымліванне лініі. Стандарт” перамогу атрымала каманда T-Rex з Мінска, другімі сталі ўдзельнікі з мінскай каманды “Чыкагскі Кот”,  замкнулі тройку лідараў бабруйчане — каманда Q Bit.

Усім пераможцам і прызёрам былі ўручаны дыпломы ўпраўлення па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама і каштоўныя падарункі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска.