Турнір вызначыў лепшых краязнаўцаў

Гарадскі краязнаўчы турнір “Горад над Сожам” трэці раз сабраў у Гомельскім гарадскім ліцэі № 1 юных знаўцаў з ліцэяў і гімназій абласнога цэнтра.

У інтэлектуальным спаборніцтве прынялі ўдзел 10 каманд, а гэта ўсе гімназіі Гомеля і гарадскі ліцэй. Сёлета турнір прысвячаўся Году малой радзімы і 75-годдзю вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

— Інтэлектуальны конкурс пад такой назвай праводзіўся ў Гомелі на пачатку 2000-х гадоў гарадскім вучэбна-метадычным кабінетам, — расказвае намеснік дырэктара Гомельскага гарадскога ліцэя № 1 Зоя Пашкова. — У той час гэта быў адзіны такі рэгіянальны конкурс у рэспубліцы. Каманда нашага ліцэя таксама ўдзельнічала ў ім, але ў хуткім часе конкурс спыніў сваё існаванне. У 2016 годзе мы вырашылі адрадзіць выдатную традыцыю і выступілі ініцыятарам правядзення гарадскога краязнаўчага турніру “Горад над Сожам” у новым фармаце.

Дарэчы, Зоя Васільеўна, непасрэдны арганізатар мерапрыемства, сама распрацоўвае пытанні для канкурсантаў і з’яўляецца вядучым спаборніцтва.

Традыцыйна турнір праводзіўся ў чатыры туры.

Першы тур, эколага-геаграфічны, праходзіў у форме гульні “Эрудыт-лато”. Камандам прапаноўвалася 12 пытанняў і чатыры адказы на кожнае з іх. Здавалася б, маючы падказкі, з лёгкасцю можна выбраць правільны варыянт. Аднак у спісе былі як простыя пытанні, так і даволі складаныя, разгадаць якія без аналізу ці ведання храналогіі па-дзей немагчыма. Напрыклад, юнакам і дзяўчатам неабходна было адказаць, дзе ў горадзе знаходзіцца самы высокі пункт над узроўнем мора, у якім годзе была створана свабодная эканамічная зона “Гомель-Ратон”, якая колькасць працаздольнага насельніцтва жыве ў абласным цэнтры і г.д.

У другім туры гімназісты і ліцэісты прадэманстравалі сваё прамоўніцкае майстэрства. Ад кожнай каманды выступаў адзін прадстаўнік з разважаннямі на тэму “Ёсць у кожнага свой, мілы сэрцу куток…”. На працягу адной мінуты прамоўца павінен быў на беларускай мове расказаць пра сваю малую радзіму. Публічнае выступленне для многіх аказалася нялёгкай задачай: адны хваляваліся і блыталіся ў сваіх выказваннях, іншыя сутыкаліся з праблемай білінгвізму і выкарыстоўвалі словы рускай мовы. Але найбольш складаным для юных прамоўцаў аказалася прытрымліванне рэгламенту, за што строгае журы здымала балы.

Трэці тур па форме нагадваў гульню “Што? Дзе? Калі?”. Тут навучэнцы паказалі сваё веданне гісторыі. Трэба сказаць, знаўцы парадавалі як арганізатараў і журы, так і педагогаў, якія рыхтавалі каманды да ўдзелу ў турніры, тым больш што ў асноўным гэта настаўнікі гісторыі.

Завяршаў спаборніцтва мастацтвазнаўчы тур пад назвай “Захоўвае маўчанне граніт”. Камандам дэманстраваліся размешчаныя на тэрыторыі Гомеля помнікі, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, а далей ішло пытанне: “Дзе знаходзіцца помнік?” ці “У якім годзе быў устаноўлены?”, “Каму ці якой падзеі прысвечаны?” і г.д.

Пераадольваючы адзін за другім туры, каманды юных знаўцаў абыходзілі адно аднаго, уступалі першынства і зноў вярталі яго. Нягледзячы на тое, што лідары вызначыліся амаль адразу, было нялёгка рабіць папярэднія высновы. Па выніках чатырох тураў спаборніцтва журы назвала пераможцаў краязнаўчага турніру. Першае месца — у каманды гімназіі № 10 Гомеля, якую рыхтавала настаўніца гісторыі ўстановы Наталля Аляксандраўна Курашова. На другім месцы апынуліся знаўцы з гімназіі № 58 Гомеля імя Ф.П.Гааза, чым вельмі парадавалі кіраўніка каманды сваю настаўніцу гісторыі Валянціну Уладзіміраўну Маркаўцову. Не менш ганарыліся сваімі навучэнцамі і настаўніцы гісторыі гімназіі № 46 Гомеля імя Блеза Паскаля Наталля Іванаўна Куракіна і Юлія Васільеўна Коцур: іх каманда пакінула за сабой пераможнае трэцяе месца.

Пераможцы атрымалі дыпломы ўпраўлення адукацыі Гомельскага гарвыканкама і памятныя падарункі, а навуковы супрацоўнік музея гісторыі Гомеля ўручыла камандам-пераможцам білеты на бясплатнае наведванне музея. Гомельскі гарадскі ліцэй № 1 перадаў у дар Музею гісторыі Гомеля каштоўны гістарычны дакумент — 9-ы нумар агітплаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”, выдадзены ў ліпені 1941 года. У ліцэй гэты рарытэтны плакат неяк прынёс на ўрок беларускай літаратуры адзін з навучэнцаў. Педагогі вырашылі, што месца такой гістарычнай рэчы ў музеі.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.