Студэнты і выкладчыкі ГрДУ імя Янкі Купалы на чале з рэктарам Ірынай Кітурка наведалі Гальшанскую сярэднюю школу Ашмянскага раёна. Госці перадалі навучэнцам спартыўны і турысцкі інвентар ад Міністэрства адукацыі: мячы, дыванкі, спальныя мяшкі і палаткі. Цяпер можна выпраўляцца ў вялікія падарожжы.
Рашэнне падарыць школе спартыўны рыштунак было прынята ў сакавіку падчас рабочай паездкі міністра адукацыі на Ашмяншчыну. Даведаўшыся, што ў гальшанскай школе актыўна развіваецца турыстычны рух, Ігар Карпенка паабяцаў дапамагчы з інвентаром. І вось купалаўцы даставілі жаданыя рэчы.
Студэнты ГрДУ, сярод якіх ёсць прызёры рэспубліканскіх спаборніцтваў па пешаходным турызме, правялі для гальшанскіх школьнікаў майстар-класы. Так, дзеці вучыліся пераадольваць навясную пераправу, вязалі турысцкія вузлы, асвойвалі тэхніку фігурнага ваджэння веласіпеда. Таксама ўдзельнікам сустрэчы прадэманстравалі электронныя сродкі навучання “Спартыўна-аздараўленчы турызм”, якія выкарыстоўваюцца ва ўніверсітэце для навучання студэнтаў. Загадчык кафедры турызму і культурнай спадчыны ГрДУ Уладзімір Ляўшук прэзентаваў гальшанцам кнігу пра патэнцыял этнатурызму на памежжы “Этнакультурныя і прыродныя турыстычныя рэсурсы Гродзеншчыны і Сувальшчызны: энцыклапедычны даведнік”.
Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце № 54, 18 мая.
Падрыхтавала Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА.