Турыстычная артэрыя

- 16:43Родная земля

У маі Гродзеншчына сустракала 20-тысячнага бязвізавага турыста, у чэрвені — 30- тысячнага, у жніўні — ужо 50-тысячнага. Прааналізаваўшы тэндэнцыю, няцяжка здагадацца, што ў верасні турыстычна-рэкрэацыйны парк “Аўгустоўскі канал” па выніках дзевяці месяцаў бягучага года наведаюць больш за 60 тысяч замежных гасцей, у першую чаргу з Літвы і Польшчы. На стыку гэтых дзяржаў якраз і знаходзіцца ўнікальны ў прыродным, гістарычным, геаграфічным, культурным плане Гродзенскі раён — край вялікіх турыстычных магчымасцей.

Першы ў спісе

Ці толькі бязвізам прыцягвае маляўнічая гродзенская зямля гасцей з усяго свету? Канечне, не. Аўгустоўскі канал — раз. Палацава-паркавы комплекс у Свяцку — два. Доты 68-га Гродзенскага ўмацаванага раёна (вядомыя і як “Лінія Молатава”) — тры. Форт часоў Першай сусветнай вайны — чатыры. Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Гродзенская пушча” — пяць. Драўляныя крыжы-абярэгі ўздоўж дарог — шэсць. Старадаўнія могілкі — сем. Працягваць можна і да дзесяці і нават да дваццаці.

У гэтым спісе Аўгустоўскі канал нездарма стаіць на першым месцы. Як невыпадкова гродзенская бязвізавая зона афіцыйна называецца “Турыстычна-рэкрэацыйны парк “Аўгустоўскі канал”. З выдатным гідратэхнічным збудаваннем ХІХ стагоддзя, беларуская частка якога (а гэта 22 км) была рэканструявана ў 2004—2006 гадах у адпаведнасці з загадам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 2 ад 8 студзеня 2004 года, звязана не толькі турыстычнае развіццё раёна, але ў пэўнай ступені і сацыяльна-эканамічнае.

З розных краін, пераадольваючы тысячы кіламетраў (напрыклад, 50-тысячным турыстам, якога ўрачыста сустракалі на Аўгустоўскім канале, стаў госць з Нідэрландаў), прыязджаюць на Гродзеншчыну людзі самага рознага ўзросту. Еду ць па адным, сем’ямі, арганізаванымі групамі. І ўсё дзеля таго, каб палюбавацца знакамітым каналам, навакольнай прыродай, паназіраць за працэсам шлюзавання, прагуляцца воднымі, пешымі, веласіпеднымі маршрутамі беларускага памежжа.

На любы густ

Калі гэта з радасцю робяць замежныя госці, то не грэх і нам, беларусам, здзейсніць падобнае падарожжа. Напрыклад, калі вы жыхар Добруша і жадаеце праехацца веласіпеднымі маршрутамі ўздоўж Аўгустоўскага канала, не абавязкова цягнуць двухколавага сябра з аднаго канца Беларусі ў іншы. Узя ць веласіпед на пракат можна на месцы. Жадаеце праплыць па канале? Калі ласка, да вашых паслуг яшчэ і пракат байдарак, катамаранаў. Не жадаеце веславаць, а хочаце ў спакоі, фізічна не напружваючыся, цешыцца маляўнічасцю мясцовай прыроды? Тады можна адправіцца ў падарожжа на цеплаходзе “Нёман”. Дарэчы, такое падарожжа з’яўляецца самым папулярным відам карпаратыўнага адпачынку.

У адрозненні ад суседняй Польшчы, дзе турыстычнае жыццё на Аўгустоўскім канале практычна не перарывалася на працягу амаль 100 гадоў, наша краіна толькі адраджае калісьці багатыя традыцыі. Кожны гістарычны перыяд характарызуецца панаваннем пэўных відаў турызму. Сёння папулярнасць набірае веласіпедны турызм, уздоўж Аўгустоўскага канала распрацаваны і прамаркіраваны шэсць турыстычных маршрутаў з красамоўнымі назвамі (“Аўгустоўскі шлях”, “Лісіная гара”, “Шляхам магната Валовіча”, “Лінія Молатава”, “Райгарад”, “Па слядах яцвягаў”). А вось у 1920-я гады ў турыстычную моду ўваходзілі падарожжы на байдарках. У іх папулярызацыі значную ролю адыгралі падарожныя нататкі польскай пісьменніцы Ванды Мілашэўскай па выніках плавання па рэчцы Чорная Ганча. Першыя турыстычныя даведнікі выпусцілі ўдзельнікі Саюза польскіх настаўнікаў “Аўгустоўскі Калумб”.

У міжваенны час на берагах Аўгустоўскага канала была пабудавана сетка водна-спартыўных баз. У будынках наглядчыкаў шлюзаў абсталяваны станцыі Польскага саюза байдарачнікаў (сёння ў былым будынку наглядчыка на шлюзе Дамброўка знаходзіцца музей гісторыі Аўгустоўскага канала). Дарэчы, на шлюзе Дамброўка штогод з вялікім размахам праходзіла свята мора, а па маршруце Гродна — Аўгустаў — Гродна рэгулярна курсіравалі два параходы. Пасля вайны на беларускай частцы канала развіваўся толькі водны турызм, аднак ён не дасягнуў даваенных размахаў.

За спадам — уздым

Турыстычнае жыццё канала характарызуецца то ўздымам, то спадам. Для таго каб пачатак ХХІ стагоддзя стаў этапам чарговага ўздыму, створаны ўсе ўмовы: канал рэканструяваны, уведзены шматдзённы бязвізавы рэжым для грамадзян амаль 80 краін свету, паступова ствараецца турыстычная інфраструктура. Можа, не так хутка, аднак беларуская частка Аўгустоўскага канала вяртае сваю турыстычную прывабнасць і славу. Садзейнічаюць гэтаму і фестывалі, святы.

Стала добрай традыцыяй праводзіць напрыканцы жніўня абласны адкрыты фестываль народнай творчасці “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў”. Фестываль мае і спартыўна-экстрэмальны характар. Яго праграма прадугледжвае не толькі сустрэчу беларускіх, польскіх, літоўскіх калектываў мастацкай самадзейнасці, але і спаборніцтвы па балотным футболе, а таксама яркае свята “Плаванне на чым папала”, якое карыстаецца папулярнасцю як у турыстаў, так і ў мясцовых жыхароў. Актыўны ўдзел у свяце пры-маюць і ўстановы адукацыі.

З асаблівай нецярплівасцю настаўнікі і вучні чакаюць спаборніцтвы па балотным футболе і заплыве на чым папала. У 2015 годзе гран-пры свята заваявала каманда Раціцкай сярэдняй школы. Нікога з членаў журы і гледачоў не пакінула абыякавым “плаваючая тачанка” ў складзе Чапаева, Анкі і Пецькі, ролю якіх выконвалі раціцкія педагогі. А самая яркая роля (каня Чапаева) была ў педагога-арганізатара Анжалікі Юр’еўны Ігнатовіч, аўтара незвычайнага плаваючага сродку. Добрай традыцыяй стала і правядзенне фестывалю “Аўгустоўскі канал запрашае сяброў”, адкрытага веласіпеднага марафону Гродзенскага раёна “Суседзі”, міжнароднага фестывалю воднага турызму “Нёманская вясна”, адкрытага турыстычнага воднага марафону “Аўгустоўскі канал”.

Суседзі

Папулярызацыяй турыстычнага патэнцыялу бязвізавага рэгіёна займаюцца і ўстановы адукацыі, у прыватнасці, Раціцкая і Сапоцкінская сярэднія школы, мікрараёнам якіх і з’яўляецца тэрыторыя, што прымыкае да Аўгустоўскага канала. Педагогі менавіта гэтых устаноў адукацыі стануць нашымі экскурсаводамі і праваднікамі па маляўнічых узгорках у ваколіцах старажытнага Гродна.

— Месца, дзе мы жывём, — унікальнае. Наш край знаходзіцца на памежжы пражывання трох народаў: беларускага, польскага, літоўскага. А яшчэ ў ХІХ стагоддзі мы нават уваходзілі ў склад Прусіі. Гэтая адметнасць уплывае на менталітэт нашых землякоў, у адпаведнасці з ёй мы будуем і выхаваўчую работу. На працягу некалькіх гадоў сапоцкінская школа ўдзельнічала ў рэспубліканскім інавацыйным праекце “Укараненне вусна-гістарычных даследаванняў роднага краю як сродак фарміравання грама-дзянска-патрыятычных кампетэнцый навучэнцаў”. У рамках праекта вучні пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі і геаграфіі Алены Пятроўны Касцюшка правялі некалькі даследчых работ. У прыватнасці, праведзены аналіз росту папулярнасці Аўгустоўскага канала, даследавана рэлігійнае жыццё Сапоцкінскага краю, мясцовыя тапонімы, дэмаграфічная сітуацыя гарадскога пасёлка і яе прагноз, распрацаваны турыстычныя маршруты па ваколіцах. Экскурсіі праводзяцца як для сапоцкінскіх педагогаў і вучняў, так і для гасцей раёна, у тым ліку замежных, — гаворыць дырэктар Сапоцкінскай сярэдняй школы Тэрэса Іванаўна Кодзік.

Школьным краязнаўчым традыцыям Сапоцкіна амаль 100 гадоў. Яшчэ ў 1934 годзе была выдадзена манаграфія мясцовай настаўніцы, якая займалася вывучэннем мясцовага насельніцтва, яго побыту, менталітэту. “У краязнаўчай рабоце нашай школы багатыя традыцыі, гэта наша іскрынка. Мы рэгулярна праводзім школьныя краязнаўчыя конкурсы, конкурсы экскурсаводаў, у рамках якіх дзеці збіраюць інфармацыю пра розныя аб’екты краю. Для чаго гэта патрэбна? Гэта мы, дарослыя, тут даўно жывём і пра ўсё ведаем, а дзецям такія конкурсы дазваляюць пазнаць малую радзіму. Найбольш папулярнай формай вывучэння роднага краю з’яўляецца даследчая работа. У нас дзейнічае некалькі навукова-даследчых аб’яднанняў”, — паведаміла Алена Пятроўна Касцюшка.

Яшчэ адной формай вывучэння малой радзімы з’яўляецца ўд зел вучняў у зборы матэрыялу для школьнага музейнага пакоя “Побыт сялянскага памежжа”, створанага пад кіраўніцтвам Алены Пятроўны ў 2006 годзе ў рамках рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Музейны пакой з’яўляецца цэнтрам патрыятычнага, грамадзянскага, этнакультурнага выхавання падрастаючага пакалення, цэнтрам жыцця школы. Падобны пакой створаны і ў Раціцкай сярэдняй школе педагогам-арганізатарам Анжалікай Юр’еўнай Ігнатовіч. Першыя экспанаты сабраны настаўнікам гісторыі Паўлам Валер’евічам Русіным. Экспазіцыя прысвечана ў асноўным падзеям дзвюх войнаў, якія закранулі ваколіцы вёскі. Асобныя раздзелы расказваюць пра развіццё школы, гісторыю СВК “Ніва-2003”, мясцовую этнаграфію.

Дарога памяці

Кожнай школе Гродзенскага раёна ёсць чым здзівіць нават самых вопытных і пераборлівых турыстаў. Візітоўкай Раціч з’яўляюцца экскурсіі-анімацыі, а дакладней сапраўдныя тэатральныя прадстаўленні пад адкрытым небам, якія настаўнікі і вучні праводзяць пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара. Месца правядзення экскурсіі — форт № 2 каля вёскі Навумавічы, помнік “Маці, якая смуткуе”, усталяваны на месцы знішчэння нямецка-фашысцкімі захопнікамі мірных жыхароў.

— Экскурсія-анімацыя распрацавана ў рамках праекта “Дарога памяці”, рэалізацыя якога пачалася ў 2013 годзе па ініцыятыве аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага райвыканкама. За гэты час нашых гасцей (а сустракалі мы не толькі беларусаў, але і палякаў, літоўцаў, расіян, латышоў) з трагічнымі падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, якія адбыліся на тэрыторыі фарта № 2, знаёмілі практычна ўсе школьнікі, хоць усяго ў анімацыі адначасова задзейнічана каля дзесяці хлопчыкаў і дзяўчынак. Першапачаткова экскурсію праводзіла творчая група, зацікаўленая расказаць насельніцтву пра падзеі вайны. Калі пачалася рэканструкцыя Аўгустоўскага канала і ўзнікла пытанне пра стварэнне турыстычнай зоны, да справы далучылася вялікая колькасць настаўнікаў і вучняў. Ужо на прафесійным узроўні была распрацавана экскурсія.

Наогул, людзей, якія вывучаюць падзеі дзвюх войнаў на тэрыторыі Гродзенскага раёна, шмат. Разам з настаўнікамі-краязнаўцамі з іншых устаноў адукацыі мы робім адну справу. Таму нельга сказаць, што звесткі, сабраныя для экскурсіі, — выключна наша заслуга, — паведаміла Анжаліка Юр’еўна Ігнатовіч.

Пачатак праекта “Дарога памяці” паклала сустрэча педагога з адной раціцкай жанчынай, якая была сведкай ваеннага ліхалецця, бачыла, што адбывалася ў форце ў 1942, 1943 і 1944 гадах. Той расказ нельга было слухаць без камяка ў горле і слёз на вачах. Анжаліка Юр’еўна вырашыла падзяліцца пачутай інфармацыяй і сваімі эмоцыямі з іншымі людзьмі і распрацавала экскурсію-анімацыю. Хто як не дзеці, сённяшнія равеснікі загінуўшых тут калісьці, змогуць найбольш поўна на эмацыянальным узроўні паведаміць пра жахі, якія давялося перажыць мясцовым жыхарам? Таму галоўнымі героямі анімацыі з’яўляюцца вучні.

Старажылы добра памятаюць, як жывёл нібыта магнітам цягнула на форт. У хуткім часе стала зразумелай прычына такіх незвычайных паводзін. Акупанты, спрабуючы схаваць сляды сваіх злачынстваў, раскапалі целы і спрабавалі іх спаліць. Гэта было ў 1944 годзе, а ў 1942-м і 1943-м пасля расстрэлу вяскоўцы бачылі, як вырушылася зямля (закопвалі і забітых, і параненых), як быў чырвоным ад крыві пясок. На прыступках ля помніка “Маці, якая смуткуе” гасцей сустракаюць апранутыя ў ваенную форму настаўнікі, а таксама дзеці ў белым адзенні ў вобразе анёлаў, якія сімвалізуюць душы расстраляных. Цэнтральным героем з’яўляецца маці з дзіцем на руках. Яе ролю выконваюць вучаніцы старшых класаў.

— У ліпені 1944 года 50-я армія вызваліла вёску Навумавічы і размешчаны непадалёк ад яе форт № 2. Жудасная праўда пра зверствы акупантаў адкрылася перад савецкімі воінамі. Яны знайшлі ў равах рэшткі паўспаленых чалавечых трупаў, груды попелу ад вялікіх вогнішчаў. Помнік маці ўстаноўлены ў 1960 годзе ў памяць ахвяр фашызму, закатаваных і расстраляных тут у гады Вялікай Айчыннай вайны. На месцы, дзе мы з вамі стаім, пахавана больш за 3 тысячы палякаў, яўрэяў, беларусаў, рускіх. Цяпер спакоем і цішынёй напоўнена зямля, і толькі наша памяць не дае забыць пра чужы боль, гора і страты, — падзялілася Анжаліка Юр’еўна.

Потым ціха, нібы баючыся парушыць цішыню гэтага месца, жанчына пачала чытаць:

“Семь рвов с землей сравняло время,
Костры от пепелищ развеяли ветра.
И в скорби мать спустилась на колени
В немой мольбе: “Прости, не сберегла”.
И обнимая пустоту, застыв,
Надежду, веру и любовь лелея,
Она сквозь время смотрит на живых,
Встречая, как всегда, в конце аллеи”.

Разам з калегамі і вучнямі педагог-арганізатар раціцкай школы распрацоўвае і экскурсію-анімацыю “Чырвоны снег” па тэме Першай сусветнай вайны. Гучная назва дадзена экскурсіі невыпадкова. Люты 1915 года. У ваколіцах Раціч вядуцца жорсткія баі. 20-ы армейскі корпус 10-й рускай арміі трымае абарону на подступах да Гродна. Пасля баёў поле літаральна засыпана трупамі. У небе — белая завіруха, а на полі — чырвоны ад крыві снег… Сёння на гэтым месцы — брацкая магіла.

Святая святых

Тэма вайны не адзіная, якой займаюцца настаўнікі-краязнаўцы Раціцкай сярэдняй школы. У 2015 годзе разам з сапоцкінскімі калегамі пачалася работа над праектам “Укараненне вусна-гістарычных даследаванняў роднага краю як сродак фарміравання грамадзянска-патрыятычных кампетэнцый навучэнцаў”. У межах праекта педагогі праводзілі розныя даследаванні. Напрыклад, Тэрэза Рамуальдаўна Петрашэвіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, працавала над вывучэннем радаводу сем’яў вучняў. Вывучалі педагогі назвы населеных пунктаў, мінулае вёсак, размешчаных у мікрараёне школы, палацава-паркавы комплекс у Свяцку. Распрацоўваліся турыстычныя маршруты па мікрараёне школы, па храмах, фартах. У рамках праекта вучні пішуць навукова-даследчыя работы, выступаюць на канферэнцыях, займаюць прызавыя месцы.

— Нарадзілася я ў суседняй вёсцы Валавічоўцы, якая знаходзіцца за 3 кіламетры адсюль. Аднак з Рацічамі звязана фактычна ўсё маё жыццё. Я скончыла раціцкую школу, тут выйшла замуж, тут нарадзіліся трое маіх дзяцей, якія таксама скончылі гэтую школу. Больш за 30 гадоў працую ў роднай установе адукацыі. Малая радзіма — гэта святая святых кожнага чалавека, усе мы чэрпаем адсюль сілы. Гэта вытокі, якія даюць нам моц, жаданне жыць, працаваць, — падзялілася настаўніца.

Сяброўства без меж

А яшчэ гэтыя вытокі прыносяць матэрыяльную выгоду. Як паведаміла дырэктар Раціцкай сярэдняй школы Яніна Іосіфаўна Валкоўская, бязвізавы рэжым адыгрывае станоўчую ролю не толькі ў плане актывізацыі турыстычнага жыцця рэгіёна, але і наладжвання сяброўскіх адносін паміж установамі адукацыі Беларусі, Польшчы, Літвы. Раціцкія педагогі і вучні правялі аднойчы экскурсію-анімацыю для польскіх педагогаў. У хуткім часе гэтая сустрэча знайшла працяг у выглядзе дагавора аб супрацоўніцтве. І такія сяброўскія кантакты на памежжы Беларусі, Польшчы, Літвы ладзяцца кожны дзень. Маляўнічы Аўгустоўскі канал нездарма з’яўляецца своеасаблівай артэрыяй, якая жывіць турыстычнае жыццё Гродзеншчыны, яе цёплыя адносіны з суседнімі краінамі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.