Турыстычны адпачынак

- 15:21Нам пішуць

25—26 мая на маляўнічым беразе возера Літоўкі на Навагрудчыне адбыўся традыцыйны раённы турыстычны злёт, прысвечаны Году малой радзімы. Сёлета ў спаборніцтвах і мерапрыемствах злёту ўзялі удзел каля 150 навучэнцаў 6—11 класаў з 12 устаноў адукацыі, якія атрымалі велізарнае задавальненне яшчэ і ад нефармальных зносін з аднагодкамі, бацькамі і настаўнікамі.

Улад Цуран, Алёна Марушка, Даніла Шнігір, Сяргей Кошур, Ягор Ісаенка, Аляксандра Нагорная, Аліна Аляшкевіч, Даша Камар, Дзмітрый Новік, Лізавета Бурчык, Вілора Маляўская прадстаўлялі каманду нашай школы. Турыстычны злёт — гэта не толькі спаборніцтвы дзеля перамог і спартыўных дасягненняў, а перш за ўсё папулярызацыя турызму як сродку ўмацавання здароўя і фарміравання станоўчай устаноўкі на здаровы лад жыцця. У праграму турзлёту ўваходзілі спаборніцтвы ў тэхніцы пешаходнага турызму, спартыўнае арыентаванне, турыстычна-краязнаўчая Рабінзанада, конкурс турыстычных газет, ацэньваліся турыстычныя навыкі і побыт.

Вельмі цікава было правесці час на прыродзе ў кампаніі дзяцей, іх бацькоў і настаўнікаў, што спрыяла цеснаму згуртаванню калектыву ў незвычайных, часам складаных сітуацыях. У выпрабаваннях неабходна было прадэманстраваць свае ўменні і навыкі пры пераадоленні розных перашкод, праявіць творчыя таленты. Традыцыйна ў гэтым цудоўным месцы сабраліся тыя, хто жыць не можа без песень ля вогнішча і спартыўных спаборніцтваў. Турзлёт стаў захапляльнай і самай запамінальнай падзеяй для ўсіх яго ўдзельнікаў.

Што такое турзлёт, немагчыма расказаць словамі, гэта трэба бачыць, трэба ўдзельнічаць. Пабываўшы на турзлёце адзін раз, будзьце ўпэўнены: вернецеся сюды зноў!

Таццяна НАГОРНАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна.