Турыстычныя канікулы

- 16:14Нам пішуць

Аздараўленне ў перасоўным кругласутачным лагеры “Турыст” стала добрай традыцыяй для навучэнцаў гімназіі № 6 г. Гродна. Ініцыятары і арганізатары турыстычнага лагера — настаўнікі фізічнай культуры і здароўя гімназіі.

Турызм як актыўны від адпачынку папулярны ў гімназістаў на працягу больш чым дзесяці гадоў. Вось і гэтае лета не стала выключэннем. Дзеці з нецярпеннем чакалі канікул, каб зноў акунуцца ў свет прыгод і рамантыкі. Улетку 2018 года турыстычны лагер размяшчаўся на беразе возера Белае ў Гродзенскім раёне, яго ўдзельнікамі былі 30 дзяцей. Канікулы ў турыстычным лагеры не толькі забаўляльныя, але і вельмі пазнавальныя, бо праграма дзевяцідзённай змены ўключае абавязковыя тэарэтычныя і практычныя заняткі.

Пад кіраўніцтвам педагогаў дзеці вучацца правільна ўсталёўваць палаткі, хутка разводзіць вогнішча ў любых умовах надвор’я, вывучаюць правілы арыентавання на мясцовасці, вучацца карыстацца компасам і завязваць вузлы. Штодня ў лагеры праводзіліся міні-спаборніцтвы па бадмінтоне, футболе, валейболе, спартыўным арыентаванні. Дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў займальных конкурсах і віктарынах. А па вечарах ля вогнішча ўсе разам спявалі турыстычныя песні і падводзілі вынікі дня за сяброўскімі гутаркамі. Турызм развівае фізічныя здольнасці, цягавітасць, спрыт, выхоўвае любоў да прыроды, жаданне дапамагчы сябру.

Наталля ГОРБАЧ,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя гімназіі № 6 Гродна.