Турызм — справа цікавая

Гродзенскі раён сёння — гэта цэнтр актыўнага турызму вобласці. З кожным годам павялічваецца колькасць выхаванцаў аб’яднанняў па інтарэсах турыстычнага напрамку ў Гродзенскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Вынікам сістэматычнай якаснай работы з’яўляюцца высокія паказчыкі ўдзелу дзяцей у спаборніцтвах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.

На базе Капцёўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна прайшоў першы этап абласнога кубка па турысцка-прыкладным мнагаборстве ў тэхніцы горна-пешаходнага турызму ў закрытых памяшканнях, які сабраў наймацнейшых спартсменаў вобласці. Мэтай спаборніцтваў з’яўляецца папулярызацыя турызму як аднаго са сродкаў выхавання падрастаючага пакалення, удасканаленне тэхнікі і тактыкі спартыўнага турызму.

Спаборніцтвы па спартыўным турызме такога фармату праводзяцца ў Гродзенскім раёне ўжо трэці год. Сёлета ў спаборніцтвах прынялі ўдзел 13 каманд з вобласці. Упершыню ўдзельнічалі навучэнцы з Воранаўскага раёна.

У праграму каманднай дыстанцыі былі ўключаны сем этапаў: уздым свабодным лажаннем, навясная пераправа, вертыкальны спуск, вертыкальны ўздым. Удзельнікам неабходна было таксама паказаць свае навыкі дапамогі пацярпеламу. Усе этапы патрабавалі ад спартсменаў рознабаковых ведаў, уменняў, вопыту і добрай фізічнай, тэхнічнай і псіхалагічнай падрыхтоўкі.

Дынамізм, барацьба, экстрым — вось асноўныя якасці, якія дапамаглі камандзе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Гродзенскага раёна заваяваць 1-е месца ў спаборніцтвах. У лютым навучэнцаў чакае другі этап абласнога кубка, які адбудзецца ў Зэльвенскім раёне.

Юлія ЧАКАВАЯ,
метадыст Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.