Турызм яднае

У Каўроўскім раёне Уладзімірскай вобласці завяршыўся XII турыстычны злёт навучэнцаў Саюзнай дзяржавы. Лепшыя юныя турысты Расіі і Беларусі вярнуліся дадому з кубкамі, медалямі, а таксама новымі сябрамі і яркімі ўражаннямі. У час летняга лагера школьнікі дзвюх краін знаёміліся, сябравалі і спаборнічалі. Для ўдзельнікаў злёту была падрыхтавана насычаная праграма: спартыўныя спаборніцтвы і творчыя конкурсы, пазнавальныя экскурсіі, канцэрты, гульні, майстар-класы, дыскатэкі.

Арганізатарамі злёту традыцыйна выступілі Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У спаборніцтвах прынялі ўдзел больш за 400 чалавек: 34 каманды ад рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі (нават Хабараўскага краю, Іркуцкай вобласці) і 7 каманд з абласцей Беларусі і Мінска. У кожнай камандзе было па 10 навучэнцаў і двое кіраўнікоў.

У першы дзень злёту ўдзельнікі пазнаёміліся з Уладзімірскай вобласцю, прайшліся па пешаходнай вуліцы Уладзіміра, наведалі Успенскі і Дзмітрыеўскі саборы, паглядзелі помнікі старажытнаславянскай архітэктуры ХІІ стагоддзя. Перад пачаткам спаборніцтваў юныя турысты прынялі ўдзел у ваенна-патрыятычнай акцыі “Няхай пакаленні памятаюць!”. У даніну памяці загінуўшым падчас Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнікі злёту ўсклалі вянкі да Вечнага агню на плошчы Перамогі горада, сустрэліся з ветэранамі.

Урачыстая цырымонія адкрыцця злёту адбылася 23 ліпеня ў горадзе-курорце Дабраградзе. У летнім амфітэатры, на сцэне на вадзе выступілі творчыя дзіцячыя калектывы Уладзімірскай вобласці. З прывітальным словам да гасцей і ўдзельнікаў звярнуліся прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы і Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі, было зачытана прывітанне ўдзельнікам злёту ад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Камандам пажадалі паспяховых стартаў, добрага надвор’я і выдатнага настрою.

— Гэта не проста турыстычны злёт, гэта ўсё ж такі мерапрыемства, якое звязана з яднаннем Расіі і Беларусі, — сказаў Сяргей Аляксандравіч Лочан, галоўны суддзя злёту. — Дзеці атрымліваюць зарад бадзёрасці, яны знаходзяцца ва ўмовах натуральнага прыроднага асяроддзя, пераадольваюць яго перашкоды і, вядома, імкнуцца да перамогі.

Каб трапіць на турыстычны злёт Саюзнай дзяржавы, удзельнікі прайшлі сур’ёзны адбор у сваіх рэгіёнах. Ад Рэспублікі Беларусь гэта былі пераможцы абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў па спартыўным турызме.

— Тут сабраліся самыя моцныя і годныя каманды нашай краіны. Вельмі многія хацелі б сюды прыехаць, таму што тая атмасфера сяброўства і ўзаемнай любові, якая пануе на злёце, вельмі важная ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнцаў, — падзялілася Лідзія Андрэеўна Жур, намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

На паляне на тыдзень вырас вялікі палатачны гарадок. У кожнай каманды была свая тэрыторыя, месца для палатак, вогнішча і гатавання ежы. Юным турыстам не было калі сумаваць, штодня праходзілі забаўляльныя мерапрыемствы (гульні, майстар-класы, флэшмобы). Знаходзіўся час і для падрыхтоўкі да конкурсаў, спартыўных стартаў.

На працягу тыдня старшакласнікі спаборнічалі ва ўменні арыентавацца на мясцовасці, пераадольваць перашкоды індывідуальна і групай на кароткай пешаходнай дыстанцыі, камандай прайшлі па кантрольным турыстычным маршруце. Юныя турысты з Мінскай вобласці сталі другімі ў “Арыентаванні на мясцовасці”, Віцебская вобласць таксама паказала другі вынік — пры праходжанні кантрольна-турыстычнага маршруту.

Падчас праходжання дыстанцый удзельнікам прыйшлося пераадольваць стромкія яры і забалочаныя ўчасткі, складаныя спускі і пад’ёмы, спраўляцца з цяжкімі вяроўкамі і карабінамі. Арганізатары пастараліся зрабіць паласу перашкод максімальна набліжанай да рэальных паходных умоў. Тым не менш падрыхтаваная траса была бяспечная ў адрозненне ад сапраўднага паходу: на дыстанцыях работу кожнага ўдзельніка кантраляваў дасведчаны суддзя-інструктар.

Перамога ў турыстычным злёце дасягаецца не толькі за кошт спартыўных вынікаў, але і дзякуючы паспяховым выступленням у конкурснай праграме. Высокія ацэнкі і перамогу ў конкурсе прадстаўлення каманд “Турызм — гэта здорава!” атрымалі Магілёўская (1-е месца ў групе “А”) і Гомельская вобласці (1-е месца ў групе “Б”). Візітоўкі беларускіх каманд сталі лепшымі ў дзвюх узроставых групах, хлопцы і дзяўчаты змаглі найбольш ярка і артыстычна расказаць пра сваю каманду і рэгіён, паказаць пазітыўнае стаўленне да турызму і здаровага ладу жыцця. Брэсцкая і Мінская вобласці занялі 3-е месца ў групе “А”, Гродзенская вобласць — 3-е месца ў групе “Б”.

Беларускія каманды таксама ўвайшлі ў лік пераможцаў і прызёраў у конкурсе турыстычных газет. У групе “А” 1-е месца заняла каманда Віцебскай вобласці, 2-е заваявалі Мінская, Магілёўская і Брэсцкая вобласці, 3-е месца — у каманды Мінска. У групе “Б” 1-е месца дасталася камандзе Гомельскай вобласці, 3-е — камандзе Гродзенскай.

Конкурс краязнаўцаў “Гісторыя зямлі ўладзімірскай” выявіў лепшых знаўцаў гісторыі, геаграфіі і культуры. У гэтым інтэлектуальным конкурсе ў групе “А” каманда Магілёўскай вобласці заняла 2-е месца, каманды Віцебскай і Мінскай абласцей — 3-е. У групе “Б” удзельнікі з Гомельскай вобласці заваявалі 2-е месца, Гродзенскай — 3-е.

У конкурсе “Турыстычныя навыкі і побыт” было адзначана шмат каманд. У ліку пераможцаў — таксама прадстаўнікі ўсіх абласцей Беларусі. Штодня судзейская брыгада рабіла абход лагера і выстаўляла камандам балы за чысціню, акуратнасць, захаванне дысцыпліны. Ацэньвалася кожная дэталь у арганізацыі побыту.

Па-за агульным залікам таксама прайшлі спаборніцтвы па піянерболе, міні-футболе, шашках. Самыя актыўныя былі ўзнагароджаны прызамі.

28 ліпеня адбылося ўрачыстае закрыццё злёту. Кубкі, граматы і медалі знайшлі сваіх уладальнікаў. Павіншаваць юных турыстаў сабраліся арганізатары і судзейская брыгада, усе каманды разам з кіраўнікамі і трэнерамі. Традыцыйна Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы ўзнагароджвае спецыяльнымі прызамі самыя моцныя каманды Расіі і Беларусі. У 2018 годзе пераможцамі сталі Самарская і Віцебская вобласці. Святлана Шорнікава, кіраўнік каманды Віцебскай вобласці, выстаўляе зборныя рэгіёна на турыстычных злётах навучэнцаў Саюзнай дзяржавы з моманту іх заснавання — 12-ы раз, і перамогу сваіх выхаванцаў лічыць вынікам бесперапыннай работы і ўпартых трэніровак. Удзельнікі, якія прыехалі на злёт, былі адабраны з ліку пераможцаў абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Як вынік — на злёце ва Уладзімірскай вобласці навучэнцы заваявалі заслужаную перамогу.

У наступным годзе турыстычны злёт навучэнцаў Саюзнай дзяржавы будзе зноў праходзіць на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі — эстафету спаборніцтваў прыме Смаленская вобласць.

Ганна РУНЕЦ,
спецыяліст па сувязях са СМІ Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.
Фота Сяргея ГАПОНА.