Турзлёт для малой радзімы

- 11:31Адукацыйная прастора

Вучні сярэдняй школы № 8 Гродна турыстычны злёт пад назвай “Малая радзіма: ад вывучэння да дзеяння” прысвяцілі важнай даце ў жыцці роднага горада — 890-годдзю з дня яго заснавання.

Турыстычны настрой і павага да малой радзімы аб’ядналі вучняў, настаўнікаў і бацькоў у адну каманду. Асноўнымі мэтамі мерапрыемства сталі аздараўленне вучняў, далучэнне іх да турызму, праверка ведаў па краязнаўстве, выхаванне пачуцця павагі і гордасці за свой любімы горад.

Удзельнікамі турзлёту былі вучні 6—11 класаў разам са сваімі бацькамі. Ім было прапанавана 5 спаборніцкіх відаў: паласа перашкод “Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”, квест-гульня па краязнаўстве “Пазнаём горад лепш”, конкурс газет “Лепшае падарожжа па Рэспубліцы Беларусь”, конкурс турыстычнага побыту і кухні, флэш-моб “У падарунак Гродну”.

Падчас урачыстага адкрыцця злёту кожная каманда агучыла сваю назву і дэвіз, пасля чаго ўсе ўдзельнікі праспявалі Дзяржаўны гімн. Затым пачалася конкурсная праграма.

Паласа перашкод складалася з некалькіх этапаў: скачкі па купінах, пераход па бервяне, прапаўзанне пад вяроўкай, пераправа “праз рэчку”. Усе заданні неабходна было выконваць хутка і правільна, без штрафных балаў, але важным было дасягнуць галоўнай мэты — адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Квест-гульня па краязнаўстве “Пазнаём горад лепш” утрымлівала пытанні па гісторыі горада, на веданні яго знакамітых мясцін і людзей. Да конкурсу газет “Лепшае падарожжа па Рэспубліцы Беларусь” каманды рыхтаваліся загадзя. Таму работы атрымаліся маштабнымі і творчымі. Конкурс турыстычнага побыту і кухні заключаўся ў лепшым афармленні і творчым прадстаўленні стала. Усе каманды справіліся з заданнем на ўра: сустракалі з хлебам-соллю ў беларускім нацыянальным касцюме, частавалі чаем з самавара, спявалі турыстычныя песні пад гітару, упрыгожвалі сталы беларускімі ручнікамі і сурвэткамі, выкладалі слова “Гродна” з цукерак. Флэш-моб “У падарунак Гродну” стаў самым яркім і вясёлым конкурсам злёту. Удзельнічалі як індывідуальна, так і цэлым класам. У гэты дзень на беразе Нёмана гучалі песні пра Гродна, Беларусь, беларускія народныя песні.

Турзлёт закончыўся падвядзеннем вынікаў. Каманды-пераможцы атрымалі заслужаныя ўзнагароды: дыпломы і кубак за 1-е месца.

Таццяна ЛОЙША,
настаўніца сярэдняй школы № 8 Гродна.