Тут пачатак усіх дарог

Год малой радзімы для айчыннай сістэмы адукацыі быў насычаным на падзеі. Тэматычныя конкурсы, фестывалі, семінары як рэгіянальнага, так і рэспубліканскага ўзроўню праводзіліся рэгулярна, маштабна, ярка. І, канечне ж, экскурсіі. Менавіта падарожжы па родным краі дазволілі тысячам навучэнцаў і педагогаў спазнаць чароўнасць малой радзімы. Рэспубліканскі форум юных экскурсаводаў, на які ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства сабраліся фіналісты конкурсу “З чаго пачынаецца Радзіма…” грамадзянска-патрыятычнага праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, стаў своеасаблівым фінальным акордам Года малой радзімы.

Чаму форум менавіта юных экскурсаводаў, а не, скажам, краязнаўцаў, эколагаў або турыстаў, якія да Года малой радзімы таксама маюць непасрэднае дачыненне? Усё проста. 2018 год стаў не толькі Годам малой радзімы, але і годам лібералізацыі візавага рэжыму. Дзякуючы знакамітаму ўказу № 8 кіраўніка дзяржавы, мы чакаем істотнае павелічэнне колькасці замежных турыстаў. А каб госці адчувалі сябе на беларускай зямлі, як дома, павінна павялічыцца і колькасць айчынных экскурсаводаў, людзей, якія шчыра любяць куточак, дзе яны жывуць, і гатовы дзяліцца гэтай любоўю з гасцямі. А дзе ўзяць неабходную колькасць экскурсаводаў? Канечне, падрыхтаваць. І пачынаць гэтую справу варта са школы. Конкурс “З чаго пачынаецца Радзіма…” якраз і накіраваны на вырашэнне гэтай задачы.

У канкурсантаў была выдатная магчымасць пазнаёміцца з культурай, гісторыяй, геаграфічнымі асаблівасцямі малой радзімы, самастойна распрацаваць рэгіянальныя экскурсійныя маршруты, а таксама мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю экскурсійнай дзейнасці ў краіне. Як адзначыла галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна Васільеўна Драпакова, конкурс юных экскурсаводаў з’яўляецца яркім прыкладам тых добрых традыцый, якія склаліся ва ўстановах адукацыі і накіраваны на вывучэнне адметнасцей малой радзімы. Распрацоўка маршрутаў — гэта вялікая заслуга педагогаў, якія што-дзённа ў аб’яднаннях па інтарэсах турыстычна-краязнаўчай накіраванасці або падчас правядзення выхаваўчых мерапрыемстваў нагадваюць вучням, што яны жывуць у цудоўнай краіне і кожны яе куточак трэба любіць.

— Экскурсіі заўсёды нясуць дабро, служаць умацаванню сяброўства паміж народамі, фарміруюць нацыянальную самасвядомасць, павагу да сябе і іншых народаў. Таму прафесія экскурсавода, безумоўна, самая прыгожая, самая запатрабаваная ў турызме. Невыпадкова экскурсаводаў называюць інтэлектуальнай элітай турызму. Прыемна, што школьнікі, якія прымаюць удзел у падобных конкурсах, збіраюць па крупінках веды пра родны край, распрацоўваюць экскурсіі, праводзяць іх для сваіх равеснікаў, сяброў, гасцей, потым выбіраюць прафесію, звязаную з экскурсазнаўствам, турызмам і гасціннасцю. Канечне, не ўсе перамогуць. Нехта будзе першым, а нехта будзе роўным з першымі. Той факт, што вы дайшлі да фіналу, прымаеце ўдзел у рэспубліканскім форуме юных экскурсаводаў, ужо вялікая перамога, падзея, пра якую вы будзеце помніць усё жыццё, — звярнулася да навучэнцаў кансультант аддзела планавання і арганізацыі турыстычнай дзейнасці Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Марына Веньямінаўна Масташова.

Дар’я НАСКАВЕЦ: “Паважаныя члены журы, экскурсанты, сваю правую руку пакладзіце на левую руку суседа, а левую руку — на правую руку суседа. Заплюшчыце вочы і адчуйце згуртаванасць, сяброўства. Адчулі? Выдатна! Тады мы разам адпраўляемся ў падарожжа па Ляхавіцкім раёне. Нас сустрэнуць абдымкі свежага ветру. Кожны паварот дарогі адкрые новы, непаўторны і чароўны краявід. На шляху сустрэнуцца паўнаводныя рэкі і бязмежныя азёры, якія захоўваюць у сваіх водах старажытныя легенды і паданні. Мы ўбачым шыкоўныя будынкі, якія нараджаюць фантазіі пра знакамітых князёў, адважных рыцараў і прыгожых дам. Мы адкрыем сэрца Ляхавіччыны. Ляхавічы — гэта невялікі, але ўтульны гарадок, які размясціўся на маляўнічым беразе Ведзьмы. Нягледзячы на немілагучную назву ракі, горад носіць добрае імя. І ў ім жывуць такія ж добрыя, ветлівыя і гасцінныя людзі. У Ляхавічах Ян Караль Хадкевіч у канцы XVI стагоддзя заклаў новы замак. Каб вы змаглі падрабязней даведацца пра яго і разгледзець усю прыгажосць замка, я падрыхтавала для вас яго макет”.

Праграма форуму прадугледжвала не толькі прэзентацыю і абарону фіналістамі экскурсій па малой радзіме, але і правядзенне адкрытага дыялогу “Экскурсійна-краязнаўчая дзейнасць устаноў адукацыі — патэнцыял стварэння турыстычнага іміджу рэгіёна”. У юных экскурсаводаў была магчымасць абмеркаваць разам з прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту і турызму, Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, Беларускага фонду культуры перспектывы развіцця экскурсійнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі, пачуць адказы на хвалюючыя пытанні. Размова атрымалася канструктыўнай і змястоўнай.

Самае першае пытанне тычылася магчымасці атрымання для пераможцаў краязнаўчых конкурсаў, а таксама конкурсаў юных экскурсаводаў пэўных прэферэнцый пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі на аддзяленні турызму і гасціннасці. Па словах дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алены Уладзіміраўны Ануфровіч, у 2019 годзе пройдзе І Рэспубліканскі конкурс навукова-даследчых краязнаўчых праектаў. Па выніках конкурсу будзе падрыхтавана хадайніцтва ў спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў аб заахвочванні пераможцаў.

Асобнае пытанне тычылася пераліку рэкамендуемых для наведвання навучэнцамі экскурсійных аб’ектаў і турыстычных маршрутаў у рамках правядзення вучэбных і факультатыўных заняткаў, пазакласных мерапрыемстваў з улікам зместу вучэбных праграм, які быў складзены ў 2015 годзе. “Ці плануецца дапоўніць гэты пералік?” — такім было пытанне. У сваім адказе Таццяна Васільеўна Драпакова адзначыла, што работа па абнаўленні пераліку ўжо праведзена Міністэрствам адукацыі разам з Міністэрствам спорту і турызму. У найбліжэйшы час гэты пералік будзе даведзены да ўсіх зацікаўленых. “Вы зможаце з улікам вашага ўзросту, прадмета, які вывучаеце, вызначыць для сябе цікавую экскурсію або турыстычны маршрут, наведаць яго і зрабіць па выніках падарожжа адпаведны запіс у дзённіку, абазначыць там свае эмоцыі, уражанні”, — адзначыла Таццяна Васільеўна.

Экскурсавод — гэта прафесія, а значыць, чалавек, які мае адпаведную спецыяльнасць, за сваю працу атрымлівае грошы. Нядзіўна, што прагучала і такое пытанне: “Ці могуць турыстычныя фірмы прыцягваць вучняў-экскурсаводаў, у тым ліку школьных музеяў, для правядзення экскурсій на платнай аснове?” Па словах Марыны Венья-мінаўны Масташовай, згодна з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб турызме” і Палажэннем аб атэстацыі экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, экскурсійнае абслугоўванне на тэрыторыі нашай краіны могуць ажыццяўляць толькі атэставаныя экскурсаводы і гіды-перакладчыкі. На атэстацыю прымаюцца дакументы ад тых прэтэндэнтаў, якія скончылі хаця б 3 курс УВА або маюць дыплом аб заканчэнні ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

— Пры гэтым заканадаўства дазваляе настаўнікам у рамках урока, выхаваўчых мерапрыемстваў праводзіць заняткі ў выглядзе экскурсій на бясплатнай аснове. Калі вы хочаце аказваць платныя экскурсійныя паслугі насельніцтву не ў рамках адукацыйнай дзейнасці, то трэба абавязкова прайсці атэстацыю, — дапоўніла Алена Уладзіміраўна Ануфровіч.

Падчас адкрытага дыялогу абмяркоўвалася, у прыватнасці, пытанне пашырэння даступнага ў цэнавай катэгорыі жылля падчас здзяйснення экскурсійных падарожжаў. Ганаровыя госці адкрытага дыялогу рэкамендавалі больш актыўна карыстацца паслугамі ўстаноў дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю, пры якіх дзейнічаюць турыстычныя базы. Любая экскурсія — гэта знаёмства з пэўнымі аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны. Невыпадкова навучэнцы пацікавіліся, якія аб’екты ў перспектыве могуць быць унесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і якім крытэрыям яны павінны адпавядаць. Найбольшая верагоднасць — у Аўгустоўскага канала, а таксама Полацка як сукупнасці архітэктурных помнікаў.

Безумоўна, кожны канкурсант, не раздумваючы, уключыў бы ў гэты спіс аб’екты, якія ўваходзяць у распрацаваны ім экскурсійны маршрут па малой радзіме. Што гэта за аб’екты, вы можаце ўбачыць на фотаздымках. А наколькі цікава прэзентавалі турыстычны патэнцыял малой радзімы фіналісты конкурсу, можна пераканацца на прыкладзе слоў навучэнкі Малагарадзішчанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна Дар’і Наскавец. Дарэчы, разам з Дар’яй па выніках конкурсу “З чаго пачынаецца Радзіма…” пераможцам ва ўзроставай катэгорыі 14—20 гадоў стаў Мікалай Касцюкоў з гімназіі Быхава. А вось ва ўзроставай катэгорыі да 14 гадоў дыпломам І ступені Міністэрства адукацыі ўзнагароджаны Кацярына Галаўня (навучэнка сярэдняй школы № 42 Мінска) і Платон Шыблеў (навучэнец гімназіі № 1 Брэста). (Падрабязней са спісам прызёраў конкурсу можна азнаёміцца на сайце РЦЭіК.)

Кожны ўдзельнік конкурсу зрабіў у 2018 годзе на карысць малой радзімы як мінімум адну добрую справу: распрацаваў экскурсійны маршрут. А чым можа пахваліцца кожны з нас? Дапоўніць адказ можна ў наступным годзе. Год малой радзімы працягваецца…

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.