Тут пачынаецца мастацтва

А ці ведаеце вы, што ў Мінску функцыянуюць 26 дзіцячых школ мастацтваў?.. Усе яны адрозніваюцца напрамкамі: ёсць музычныя — ажно 20 устаноў, тры мастацкія і адна харэаграфічная. Акрамя таго, у сталіцы працуе дзве шматпрофільныя школы мастацтваў, у якіх дзеці атрымліваюць азы па ўсіх напрамках. Адна з іх — школа мастацтваў № 2, заснаваная ў 2004 годзе. Першапачаткова ўстанова мела толькі адзін профіль — харэаграфічны. Аднак у 2013 годзе было вырашана адкрыць тры новыя аддзяленні: тэатральнае, эстраднае і мастацка-эстэтычнае. Як там адбываецца навучанне, кім ганарыцца школа і дзякуючы каму юныя таленты атрымліваюць “пуцёўку” ў свет вялікага мастацтва — высветліла карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Танцуюць і спяваюць, малююць і іграюць

“Наша школа — самая маладая школа мастацтваў у Мінску, ёй усяго толькі 16 гадоў. Хоць першапачаткова было так: асобна існавалі дзіцячая тэатральная школа № 1 пры Новым драматычным тэатры і харэаграфічная школа № 2, якія аб’ядналі і ў выніку атрымалася вялікая паўнавартасная школа мастацтваў з чатырма аддзяленнямі”, — па­тлумачыла дырэктар Людміла Семіжон.

У школе створаны ўсе ўмовы для найбольш поўнага раскрыцця творчых здольнасцей юных беларусаў. “Часам бывае так, што дзеткі прыходзяць да нас, каб займацца вакалам, але педагогі, заўважаючы іншыя здольнасці, могуць параіць звярнуць увагу на іншае аддзяленне, напрыклад, на мастацка-эстэтычнае, дзе вучацца ляпіць, маляваць, знаёмяцца з асновамі харэаграфіі, музычнай пісьменнасці і тэатральнай ігры. Акрамя таго, там можна нават пачаць вучыцца іграць на музычным інструменце, а праз пару гадоў вызначыцца з асноўным напрамкам дзейнасці. У гэтым плане мы стараемся задаволіць усе творчыя патрэбы дзіцяці”,— падкрэсліла Людміла Альгардаўна.

Па яе словах, зараз у школе мастацтваў № 2 Мінска займаецца каля 330 чалавек. Сёлета набралі 85 вучняў: 20 чалавек на харэаграфічнае аддзяленне, 30 — на аддзяленне эстраднага вакалу, 15 — на мастацка-эстэтычнае і 20 — на тэатральнае. “Вясной з-за эпідсітуацыі мы вымушаны былі пачац­ь дыстанцыйнае навучанне, і каля 70% вучняў займаліся анлайн. Канечне, гэта стала сур’ёзным выпрабаваннем як для педагогаў, так і для нашых дзяцей. Але мы вельмі годна з гэтым справіліся і не страцілі ніводнага вучня, у нас ніхто не сышоў ні з аднаго аддзялення”, — дадала яна. Хоць зразумела, што калі б не прафесіяналізм педагогаў школы, то вучні, страціўшы зацікаўленасць, наўрад ці да іх бы вярнуліся. А таму дырэктар школы з гонарам прадстаўляе свой калектыў: “У нас працуюць 36 настаўнікаў і канцэртмайстраў, з іх 30 чалавек маюць вышэйшую адукацыю і 6 — сярэднюю спецыяльную, 5 магістраў і 3 аспіранты. За іх плячыма работа ў прафесійных харэаграфічных і тэатральных калектывах, вялікі вопыт педагагічнай дзейнасці. Усе яны рэгулярна павышаюць сваё педагагічнае і выканальніцкае майстэрства, усе яны — сапраўдныя прафесіяналы і энтузіясты, якія бязмежна любяць дзяцей, — сказала Л.Семіжон. — Асноўнай задачай нашых педагогаў з’яўляецца ўсебаковае, гарманічнае развіццё асобы і яе эстэтычнага густу. Да таго ж, выкладаючы асновы пачатковай прафесійнай мастацкай адукацыі, нашы спецыялісты імкнуцца прывіць вучням любоў да нацыянальнага i су­светнага мастацтва”.

Вучым разумець мастацтва

У школе вучацца дзеці ва ўзросце 6—16 гадоў. Тэрмін навучання — 5—7 гадоў. На базе школы таксама працуе падрыхтоўчае аддзяленне для дзяцей ва ўзросце 5—6 гадоў, дзе яны авалодваюць асновамі харэаграфіі. “Апошнія некалькі гадоў дастаткова гнуткія вучэбныя планы для школ мастацтваў, якія даюць магчымасць утрымаць у школе таленавітых і здольных дзяцей і знайсці для іх аптымальны варыянт навучання. Напрыклад, на харэаграфічнае аддзяленне да нас у 1 клас паступаюць дзеткі 6—8 гадоў па 7-гадовым плане навучання і дзеці ва ў­зросце 9—11 гадоў па 5-гадовым плане навучання — гэта значыць, што мы набіраем два класы, — патлумачыла Людміла Альгардаўна. — Дарэчы, у Мінску толькі наша школа мае мастацка-эстэтычнае аддзяленне, там 7-гадовае навучанне, і ў 1 клас набіраем дзяцей 6—8 гадоў”.

Прынамсі, “уладарыць” у самым новым і незвычайным мастацка-эстэтычным аддзяленні Таццяна Ігараўна Валчок. Яна прый­шла працаваць у школу мастацтваў 8 гадоў назад, калі была яшчэ студэнткай магістратуры БДУКМ. Пасля скончыла аспірантуру, аднак месца працы не змяніла. І ўсе гады пад яе чуйным кіраўніцтвам зусім яшчэ малыя хлопчыкі і дзяўчынкі пачынаюць вучыцца маляваць, танцаваць, іграць на музычных інструментах і спасцігаць тэатральную навуку. “Нашым маленькім вучням мы прапаноўваем паспрабаваць сябе ва ўсіх кірунках і далучыцца да розных відаў творчасці. Яны займаюцца тры гады, а пасля, зразумеўшы, што ім больш даспадобы, могуць перайсці на тэатральнае ці харэаграфічнае аддзяленне па 5-гадовым плане навучання, — гаворыц­ь педагог. — Усяго ў нас шэсць класаў па 10 чалавек. Зразумела, што не ўсе стануц­ь артыстамі, але затое яны навучацца разумець і адчуваць мастацтва”.

Па-іншаму і не можа быць, бо ўсе вучні атрымліваюць добрую базу класічнай адукацыі. Так, вакалісты, акрамя практыкі, знаёмяцца з нотнай граматай і гісторыяй джазавай і акадэмічнай музыкі, а танцоры — з гісторыяй харэаграфічнага мастацтва, асновамі класічнага, гісторыка-бытавога і народна-сцэнічнага танца, балета, але могуць пры жаданні і хіп-хоп развучыць. “У нас займаецца каля сотні дзяцей. Працуюць два калектывы: “Медунічка” на чале з Аленай Міхайлаўнай Кузнік, больш скіраваны на народны танец, і мой калектыў — AMKIDsDANCE, у прыярытэце якога — сучасны танец. Увогуле, мы стараемся даваць дзецям тое, што ім цікава. Для харэаграфіі вельмі важная знешнасць, каб дзеці былі стройнымі, гнуткімі, пластычнымі. Таксама важны і музычны слых, бо калі няма ні слыху, ні рытму, то вельмі цяжка, хоць і можна, навучыць танцаваць такога чалавека, — расказаў загадчык харэаграфічнага аддзялення Станіслаў Аляксандравіч Сяргееў. — Я працую ў гэтай школе ўжо 8 гадоў, пасля заканчэння БДУКМ і магістратуры прыйшоў сюды па размеркаванні. І ўвесь гэты час я атрымліваю задавальненне ад той энергетыкі, якая ідзе ад дзяцей, асабліва ў час іх выступленняў. Калі сам танцаваў — гэта былі адны адчуванні, а калі ты стаіш за кулісамі і выступаюць твае выхаванцы — зусім іншыя: за іх і больш хвалюешся, і гордаць большая, калі перамагаюць”.

На аддзяленні эстраднага вакалу таксама працуюць два калектывы: “Анёлы музыкі” пад кіраўніцтвам Інгі Паўлаўны Цемчанка і “Нясумны ўзрост” на чале з Наталляй Міхайлаўнай Сухамліной. Тут, акрамя спеваў, вывучаюць сальфеджыа, музычную літаратуру і харэаграфію, па жаданні вучацца іграць на музычных інструментах і асвойваюць акцёрскае майстэрства. “У кожнага з чатырох педагогаў нашага аддзялення свой непаўторны стыль. Мы праводзім і калектыўныя, і індывідуальныя заняткі, абавязковыя танцавальныя ўрокі. Танец мы заўсёды дадаём у нашы нумары, якія, дзякуючы гэтаму, атрымліваюцца вельмі відовішчнымі і яркімі, — акцэнтавала ўвагу загадчыца аддзялення эстраднага вакалу Наталля Сухамліна. — Ад іншых вакальных студый мы адрозніваемся ў першую чаргу тым, што ў нас ёсць свой аўтар — Сяргей Сухамлін, які піша выдатныя сучасныя песні спецыяльна для нашай групы. Але выконваючы эстрадныя песні, мы вывучаем і класіку. Таму, калі хочацца атрымаць больш шырокую адукацыю, чым проста музычную, варта выбіраць менавіта школу мастацтваў. Іншая справа,  што не ва ўсіх баць­коў і дзяцей ёсць час, бо вучыцца ў 2 школах адначасова вельмі складана”.

Добрая традыцыя — “Крокі”

Хоць сталічная школа мастацтваў № 2 зусім маладая, аднак у ёй ужо склаліся добрыя традыцыі, адна з якіх — Мінскі міжнародны дзіцячы тэатральны форум “Крокі”, пачатак якому быў пакладзены ў 2011 го­дзе. Фестываль ладзіцца з мэтай захавання і развіцця нацыянальных традыцый у тэатральнай творчасці. “Крокі” — гэта добрая магчымасць выявіць таленавітую моладзь, а для кіраўнікоў калектываў — бясцэнны абмен вопытам з калегамі з розных краін. “Наш фестываль, які праводзіцца раз у два гады, стаў ужо своеасаблівым тэатральным брэндам Мінска. У 2018 годзе адбыўся V форум, а паколькі ён міжнародны, то на яго прыязджаюць тэатральныя калектывы з розных краін: Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Малдовы, Украіны, Польшчы, былі таксама з Ізраіля, Славеніі. Я лічу, што нават школы з большай гісторыяй не маюць такіх значных праектаў, — лічыць Л.А.Семіжон. — Мы вельмі спадзяёмся, што ў 2021 годзе адбудзецца VI Мінскі міжнародны дзіцячы тэатральны форум. Ён вельмі цікавы яшчэ і тым, што мы, запрашаючы калектывы, прапаноўваем ім аплаціць толькі дарогу, а пражыванне і харчаванне — за кошт нашага боку. Заснавальнікам фестывалю з’яўляецца Мінгарвыканкам, які і фінансуе яго. Адзінае, у мінулым годзе мы ўсё ж такі прапанавалі, каб у палажэнне форуму ўнеслі дапаўненне аб увя­дзенні сімвалічнага грашовага збору на прызавы фонд”.

Штогод навучэнцы школы становяцца пераможцамі шматлікіх конкурсаў і фестываляў. І каб пералічыць імёны ўсіх — спа­трэбіцца не адна старонка, таму нагадаем толькі імёны апошніх. Так, у мінулым годзе Яраслаў Саколікаў стаў сярэбраным прызёрам Міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў папулярнай музыкі “Дзіцячая Новая хваля — 2019” і лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, а сёлета Ангеліна Ламака перамагла на Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе “Віцебск­2020”. “Нашы дзеці шмат дзе ўдзельнічаюць. Многія вызваляюцца ад вучобы і аплаты за яе менавіта пасля таго, як сталі лаўрэатамі, дыпламантамі, занялі першыя месцы ў міжнародных, рэспубліканскіх, творчых конкурсах”, — патлумачыла дырэктар школы.

Творчыя задачы на максімум

Людміла Альгардаўна Семіжон пераканана, што задача максімум іх школы заключаецца ў тым, каб дзеці пасля яе заканчэння змаглі працягнуць навучанне ў вядучых творчых адукацыйных установах як Беларусі, так і замежжа: “Штогод 20—30% нашых выпускнікоў паступаюць у творчыя ўстановы. Так, летась Любоў Аднаконная стала студэнткай Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва, а Аліна Рачкоўская — школы-студыі ММАТ. У гэтым годзе тры выпускнікі тэатральнага аддзялення паступілі ў Расійскі інстытут сцэнічнага мастацтва, Маладзечанскі каледж мастацтваў і ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, — дадала яна. — Нашы выпускнікі вельмі эрудзіраваныя, з развітым кругаглядам, яны цікавыя суразмоўнікі, бо ўмеюць слухаць і чуць. А яшчэ мы заўсёды гаворым ім, што калі яны навучацца атрымліваць асалоду ад мастацтва, разумець і шанаваць яго, то будзе лягчэй і цікавей жыць. І дадаём, што наша школа павінна дапамагаць у вучобе, а не адцягваць ад яе. Бо дзеці, якія займаюцца не ў адной школе, як правіла, вучацца рацыянальна выкарыстоўваць свой час”.

Акрамя таго, многія выпускнікі школы ўжо працуюць у тэатрах. Так, у Драматычным тэатры Беларускай арміі выступае маладая актрыса Алеся Клачко, у Новым драматычным — Аляксей Кузміцкі, спявачка Ганна Зайцава вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, а Вольга Мядзведзь працуе вядучай на адным з айчынных тэлеканалаў.

Навучанне ў школе мастацтваў дапамагае дзецям развіць эстэтычны густ і камунікатыўнасць, інтэлект і каардынацыю, пашырае іх кругагляд, дысцыплінуе і арганізуе, вучыць думаць і аналізаваць. І ці можа быць інакш, калі побач такія педагогі! “Прафесійная дзейнасц­ь заўсёды павінна прыносіць задавальненне, бо інакш яе трэба мяняц­ь, — пераканана Наталля Сухамліна. — Калі я бачу, як растуць і ў прамым, і ў пераносным сэнсе мае вучні, які прагрэс у іх адбываецца, то мяне гэта акрыляе і натхняе на новыя здзяйсненні!”

Вольга АНТОНЕНКАВА.