Тут памяць свята берагуць

Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў — прыярытэтны напрамак дзейнасці Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага. Гэтая ўстанова прафесійнай адукацыі размясцілася ў гераічным месцы — вёсцы Буйнічы пад Магілёвам. У гады Вялікай Айчыннай вайны тут праходзіў Дняпроўскі рубеж, ішлі жорсткія баі. У каледжы імкнуцца захаваць памяць пра тыя падзеі, пра подзвігі салдат-герояў.

Некалькі гадоў назад педагогі і навучэнцы каледжа стварылі маштабную музейную экспазіцыю пад адкрытым небам, з гістарычнай дакладнасцю аднавілі нямецкую лінію абароны. Першым крокам па стварэнні музея стала аднаўленне нямецкага ваеннага дота. Пасля вакол была зроблена сетка акопаў, узведзена назіральная вышка, зямлянка, бліндаж, створана алея герояў. Потым экспазіцыя дапоўнілася ваеннай тэхнікай: гарматамі, нямецкім танкам і самалётам.

— Аб легендарнай абароне Магілёва, маштабных бітвах на Буйніцкім полі ведаюць усе. А вось інфармацыі пра тое, што адбывалася ў 1944 годзе на тэрыторыі цяперашняга каледжа, не так многа. Між тым на гэтым месцы размяшчалася магутнае нямецкае ўмацаванне. Летам 1944 года чырвонаармейцы пад камандаваннем лейтэнанта Мяльнова пад няспынным кулямётным агнём на падручных сродках фарсіравалі Днепр і знішчылі на беразе агнявыя кропкі праціўніка, забяспечыўшы пераправу праз раку ўсяго батальёна. Маладыя хлопцы, якім у той час было па 20 гадоў, здзейснілі сапраўдны подзвіг. Сёння такога ж узросту большасць навучэнцаў каледжа. Таму мы і вырашылі аднавіць тыя падзеі, увекавечыць іх у музейнай экспазіцыі. Гэта дапамагае сучаснай моладзі наглядна зразумець, што давялося ў гады вайны перажыць савецкім салдатам, якой цаной была заваявана перамога. Подзвіг чырвонаармейцаў лейтэнанта Мяльнова настолькі ўразіў нашых навучэнцаў, што цяпер штогод яны па ўласнай ініцыятыве праводзяць рэканструкцыю таго бою, — паведаміў дырэктар каледжа Г.М.Маліноўскі.

Аднаўленне нямецкіх ваенных умацаванняў стала першай часткай маштабнага праекта па стварэнні музея. Зараз ён актыўна папаўняецца новымі экспазіцыямі і экспанатамі, якія будуць дэманстраваць наведвальнікам усю моц Чырвонай Арміі.

— Летась, дзякуючы спонсарскай дапамозе, мы стварылі адпаведныя бетонныя пляцоўкі, дзе будуць размешчаны машыны, і зараз плённа працуем над іх аднаўленнем. У асноўным усе работы выконваюцца сіламі выкладчыкаў і навучэнцаў. Ужо зроблены аўтамабіль ЗІС-5, рэактыўны мінамёт “Кацюша”, зенітка ўзору 1944 года, — расказаў Георгій Мікалаевіч.

Цяпер у каледжы пачалі стварэнне легендарнай палутаркі і самалёта часоў Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, самалёт АН-2 навучальнай установе перадалі з калгаса імя К.П.Арлоўскага. Педагогі і навучэнцы плануюць перапрафіляваць і ператварыць яго ў баявы.

— У нас ёсць фюзеляж, рухавік і крылы самалёта АН-2. Яго пярэдняя частка вельмі падобная на маторны адсек савецкага знішчальніка ЛА-5 ФН. Мы плануем самастойна зрабіць адпаведны каркас, абшыць яго металічнымі лістамі і ўсталя­ваць на наяўны рухавік. Спадзяёмся, што ўсё атрымаецца, бо гэта не першая падобная наша работа. Ра­зам з навучэнцамі мы ўжо стварылі рэактыўны мінамёт “Кацюша”, нямецкі самалёт “Месершміт”. Гэтая дзейнасць не проста захапленне. Створаныя экспанаты ваеннай тэхнікі становяцца своеасаблівым напамінам пра подзвіг савецкіх салдат, — лічыць выкладчык каледжа К.А.Міхалёнак.

Са сваім педагогам цалкам згодны і навучэнцы МДПАТК. Па словах Данііла Ягелы, работа па аднаўленні ваеннай тэхнікі складаная, але яна вельмі важная, бо гэта памяць аб тых, хто падарыў нам сённяшняе мірнае неба.

— Мая прабабуля была ­ўдзельніцай Вялікай Айчыннай вайны. Я гэтым вельмі ганаруся. Памяць пра герояў вайны трэба захоўваць, ні ў якім разе не забываць пра подзвігі салдат, — падкрэсліў Арцём Салтановіч.

Памяць аб героях вайны беражэ ўвесь каледж. І праяўляецца яна не толькі ў словах, а і ў рэальных справах. Навучэнцы аказваюць усебаковую дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, даглядаюць мемарыял “Буйніцкае поле”. Акрамя музея пад адкрытым небам, ва ўстанове стварылі музейны пакой, прысвечаны творчасці вядомага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава. Музейныя экспазіцыі каледжа заўсёды адкрыты. Іх могуць бясплатна наведаць усе жадаючыя.

— Наведвальнікі ёсць амаль штодня. Да нас прыходзяць нават выхаванцы дзіцячых садкоў. І гэта правільна, бо нашы экспазіцыі даюць магчымасць наглядна ўбачыць, прачуць падзеі ваенных гадоў. Ні адна кніга, ні адзін фільм не аказваюць такога ўздзеяння на патрыятычнае выхаванне, — адзначыў Г.М.Маліноўскі.

У Магілёўскім дзяржаўным прафесійным агралесатэхнічным каледжы плануюць працягваць развіццё музея пад адкрытым небам. Кіраўніцтва і калектыў навучальнай установы ўпэўнены: такая работа найлепшым чынам дазваляе моладзі зразумець сутнасць патрыятызму, мужнасці, гераізму.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.