Твар у твар, рукзак да рукзака

- 16:42Нам пішуць

У адным з найпрыгажэйшых месцаў Піншчыны, на возеры Завішша (база адпачынку ЗАТ “Холдынгавая кампанія “Пінскдрэў”), напярэдадні завяршэння навучальнага года адбылося адно з захапляльных і традыцыйных для нашай школы спартыўна-турыстычных мерапрыемстваў, дзе твар у твар, рукзак да рукзака сышліся каманды вучняў 10 і 11 класаў, іх бацькоў, педагогаў. Два дні маляўнічы бераг возера Завішша прымаў удзельнікаў школьнага турзлёту. Арганізатарам выступіў творчы калектыў школы пры падтрымцы Пінскага гарадскога камітэта БРСМ, Пінскай гарадской арганізацыі Беларускага фонду міру.

Сёлета турзлёт прысвяцілі Году малой радзімы. Праграма была максімальна насычаная і цікавая. Да традыцыйнай турыстычнай эстафеты, арыентавання на мясцовасці, спаборніцтваў па дартсе, валейбольных баталій і конкурсаў на лепшы бівак каманды ў гэтым годзе дадаліся віктарына “Мая краіна”, конкурс на лепшую страву (у адпаведнасці з зададзенай тэматыкай), конкурс насценных газет “Мой родны горад Пінск”, творчы конкурс. Апошні ператварыў турыстычныя спаборніцтвы ў вялікі інтэрактыўны канцэрт і шчырыя песні ля вогнішча.

Ранішняя зарадка “На першы-другі разлічыся!”, маладзёжная дыскатэка “Muz.by” сталі прыемнымі бонусамі для ўсіх удзельнікаў. Упартая і напружаная барацьба суправаджала два конкурсныя дні турзлёту. Усе праявілі кемлівасць. Каманды былі настроены толькі на перамогу. Аднак вікторыя — дама капрызная, скараецца толькі наймацнейшым. У розных відах конкурсаў яна даставалася розным камандам. Пераможцам уручылі дыпломы і прызы. Усе ўдзельнікі ад’язджалі дадому стомленыя, але шчаслівыя і радасныя ад масы новых эмоцый і з багажом добрых успамінаў пра цудоўна праведзены час у коле сяброў!

Важным звяном у праграме турыстычнага злёту стала дзейнасць школьнага самакіравання, якое часткова ўзяло на сябе функцыі каардынацыі каманд, адказнасць за дысцыпліну і парадак сярод удзельнікаў, захаванне грамадскага парадку, правіл бяспекі на месцах правядзення спаборніцтваў і пражывання, захаванасць маёмасці ў дарозе да месца турзлёту і назад.

Традыцыйна турыстычны злёт ладзіцца ва ўстанове двойчы на год: у маі і верасні. Такія мерапрыемствы прыцягваюць і дзяцей, і дарослых да рэгулярных заняткаў фізічнай культурай і спортам, садзейнічаюць правядзенню масавых спартыўных спаборніцтваў, накіраваных на прафілактыку негатыўных з’яў у школьнай супольнасці, выхоўваюць у моладзі нацыянальную і грамадзянскую самасвядомасць, папулярызуюць традыцыі маладзёжнага руху, даюць магчымасці рознабакова праяўляць сябе не толькі вучням і іх бацькам, але і педагагічнаму калектыву, фарміруючы дружную сям’ю ўстановы адукацыі. У турыстычнай палатцы, ля вогнішча чалавек адпачывае ад штодзённай вучобы або працы і можа па-новаму паглядзець на сваіх калег, адкрыць у сабе і ў іншых новыя якасці. Без пачуцця таварыства, узаемадапамогі, каманднай падтрымкі не абысціся не толькі на спартыўнай пляцоўцы або паласе перашкод, але і ў вучобе, працы.

Вельмі павучальнымі для дзяцей сталі аповеды бацькоў пра тое, што з турыстычных актываў іх савецкага студэнцтва склалася нямала сем’яў. Прычым у такіх сем’ях можна прасачыць станоўчую дынаміку: тут рэдкія разводы, бацькі з дзяцінства прывіваюць дзецям любоў да здаровага ладу жыцця і турызму, жыццё ў такіх сем’ях яркае і цікавае.

Турзлёт ужо ў мінулым, але тым ён і добры, што ўражанні застаюцца на многія гады і ў арганізатараў, і ва ўдзельнікаў, а вынік — духоўнае развіццё кожнага!

Алена ЛАБАЧЭЎСКАЯ,
дырэктар сярэдняй школы № 3 Пінска.