Тварыць гісторыю

- 16:40Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

Радміла Альфрэдаўна Дораш — настаўніца гісторыі, класны кіраўнік брэсцкай сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава і мама траіх дзяцей. Педагог расказала аб сваёй місіі і падыходзе да работы.

Прызванне

Радміла ­Альфрэдаўна выкладае з 2001 года, хаця аб прафесіі настаўніка ніколі не марыла. З дзяцінства яна любіла фільмы пра Вялікую Айчынную вайну і мастацкую літаратуру, заснаваную на гістарычных падзеях. У школе гэты запал падмацавалі настаўнікі гісторыі, якія даступна падавалі інфармацыю і ведалі, як зрабіць урок цікавым і прадукцыйным.

— Я выбрала гісторыю, якую любіла і ведала, — успамінае педагог. — Без цяжкасцей паступіла ў ­Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна. За 20 з лішнім гадоў я тройчы была ў водпуску па догля­дзе дзіцяці, падчас якога вывучала новыя прафесіі: скончыла курсы цырульніка, атрымала адукацыю юрыста. Але так і прадоўжыла працаваць у школе. Спачатку хвалявалася, што не сышла, а пасля ўсвядоміла, што гэта маё прызванне. Пашкадавалі аб гэтым, магчыма, толькі мае дзеці, — жартуе Радміла Альфрэдаўна. — Настаўнікі часта быва­юць строгімі бацькамі. 

Нядаўна ў школьную праграму вярнулі прадмет “Мастацтва. Айчынная і сусветная мастацкая культура”. Я вельмі любіла яго раней і рада, што ён зноў з намі. Мастацтва і гісторыя выдатна дапаўняюць адно аднаго. Калі мы паказваем гісторыю праз жыццё людзей, якія дзецям могуць быць цікавыя, ім лягчэй яе зразумець і запомніць.

Для педагога сярэдняй школы № 20 Брэста было прынцыпова не выкладаць у сваіх дзяцей. Яе старэйшая дачка вучылася ў іншай школе, а сярэдняя, калі перавялася ў школу мамы, не была гэтым задаволена. Нават радавалася, калі прыходзілі новыя педагогі і не ведалі, што яны з настаўніцай гісторыі не проста цёзкі па прозвішчы. 

— Калі бацькі — педагогі, гэта заўсёды адлюстроўваецца на дзіцяці, але гэта і не дрэнна: такія сітуацыі загартоўваюць характар. Правільна мы выхоўваем сваіх дзяцей ці не, пакажа час, — упэўнена настаўніца.

Зараз Радміла Альфрэдаўна ўдзяляе вя­лікую ўвагу сям’і і як гісторык імкнецца паказаць, што ў розныя часы былі не заўсёды добрыя і часта складаныя сітуацыі. Але ўсё залежала ад людзей, ад іх умення шукаць кампрамісы і паважаць адно аднаго. 

— Праз прызму гісторыі я вучу дзяцей таму, што ўсё залежыць ад іх саміх. Аналізуючы ўчынкі вялікіх людзей, мы вучымся гля­дзець на рэчы пад розным вуглом і не баяцца рабіць памылкі. Я выслухоўваю меркаванне кожнага, дыскутую. Такі падыход дапамагае дзецям разняволіцца. Люблю моманты, калі вучні пераконваюць мяне ў нечым. Гэта натхняе і нагадвае, што я займаюся любімай справай. Важна, каб праца падабалася, — тады ёсць сілы і жаданне рабіць нешта цікавае і карыснае, — гаворыць настаўніца. 

Залатое правіла

Прызваннем Радмілы Альфрэдаўны з’яўляецца і класнае кіраўніцтва. Цяпер яна “класная” ў будучага 7 класа. Педагогу заўсёды шанцуе з дзецьмі і іх бацькамі, яшчэ з далёкага 2010-га, калі яна атрымала свой першы клас. Быць у добрых адносінах з мамамі і татамі важна, бо гэта дапамагае знайсці агульную мову з іх дзецьмі. І наадварот.

Радміла Альфрэдаўна разумее, што класны кіраўнік выконвае ролю правадыра і адказвае за тое, каб дзеці хутчэй адаптаваліся на новым месцы, а ўсе пытанні вырашаліся па-добраму, без канфліктаў. Настаўніца стараецца падтрымліваць у калектыве бяспечную, утульную атмасферу. Вучыць дзяцей вырашаць ­праблемы мірным шляхам, праз дыялог. 

Аналізуючы ўчынкі вялікіх людзей, мы вучымся глядзець на рэчы пад розным вуглом і не баяцца рабіць памылкі.

— Паводзь сябе з іншымі так, як хочаш, каб абыходзіліся з табой, — вось залатое правіла, якому я заўсёды вучу сваіх выхаванцаў. Яно элементарнае, але цяжкае ў выкананні. І чым раней яго засвоіць, тым лепш, — упэўнена настаўніца.

Якасць, а не колькасць

Сёння галоўным вы­нікам адукацыі разглядаецца гатоўнасць і здоль­насць маладых людзей, якія заканчваюць школу, несці асабістую адказ­насць за ўласны дабрабыт. І на гэтую мэту Радміла Альфрэдаўна працуе на кожным уроку.

Настаўніца гісторыі выкарыстоўвае на ўроках прыёмы тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення: сінквейн, ПАПВ-формулу (пазіцыя, абгрунтаванне, прыклад, вынік), воблака слоў. Дзякуючы ім, кожны этап урока становіцца цікавым і далучае дзяцей да працы. Гэтая тэхналогія развівае аналітычныя здольнасці дзяцей, адкрытасць да новых ідэй, выказвання сваіх меркаванняў, рэфлексіі.

— Важная не перадача ведаў, а стварэнне ўмоў, пры якіх становяцца магчымымі працэсы спараджэння ведаў самім навучэнцам і праяўлення яго творчасці, — расказвае педагог. 

Пры такой сістэме работы вынік не прымушае сябе доўга чакаць. У класе Радмілы Альфрэдаўны вучылася дзяўчынка, якая марыла стаць актрысай і паступіць у тэатральны, але ў год яе паступлення набор закрылі. Яна вырашыла здаваць ЦТ па гісторыі без падрыхтоўкі і паказала добры вынік, паступіла ва ўніверсітэт і атрымала прафесію настаўніка гісторыі. 

— Наведваючы толькі мае ўрокі, яна змагла атрымаць высокі бал на ЦТ — для мяне гэта асабістае дасягненне і матывацыя рухацца ў тым жа кірунку, — адзначае настаўніца.

Паводзь сябе з іншымі так, як хочаш, каб абыходзіліся з табой, — вось залатое правіла, якому я заўсёды вучу сваіх выхаванцаў.

Хачу, магу, павінен

У афіцыйных дакументах падкрэсліваецца, што настаўнік павінен быць узорам паводзін, знешняга выгляду і зносін, — у разуменні Радмілы Альфрэдаўны інакш і быць не можа. 

— Гэта абавязкова для кожнага педагога, — кажа выкладчыца. — Сумна ўсведамляць, што не ўсе людзі нашай прафесіі гэта разуме­юць. Хоць наконт знешняга выгляду адзначу: да яго заўсёды праяўля­юць шмат увагі, як і нежадання прытрымлівацца пэўнага стылю. Наша школа дастаткова дэмакратычная ў гэтым пытанні і разумее, як для дзяцей важна самавыяўленне, але ўсё ж у нас пажаданы строгі стыль адзення.

Радміла ­Альфрэдаўна ў пытанні знешняга выгляду, як і ў астатніх, пазбягае аўтарытарызму. Яна абмяркоўвае ўсе пытанні з дзецьмі — іх стыль у тым ліку. Разам яны прыйшлі да высновы, што адзенне заўсёды ўплывае на паводзіны і аказвае псіхалагічнае ўздзеянне, задае характар: кактэйльная сукенка стварае гуллівы настрой, строгі дзелавы касцюм — жаданне вучыцца і старанна працаваць.

Дзеці ў маім класе “садаўскія” — гэта значыць прыйшлі ў школу пасля навучання ў пачатковай школе ў дзіцячым садзе. Таму сама школа як установа для іх у навінку.

Радміла Альфрэдаўна чалавек “савецкі” і вучылася ў часы агульнай школьнай формы. У апошнія гады яе вучобы адзіны стыль адмянілі — і яна адчула на сабе ўсе плюсы і мінусы гэтага рашэння. Са станоўчых момантаў — свабодная форма адзення больш зручная і дазваляла самавыяўляцца. 

З адмоўных — моцна падкрэслівала сацыяльны дабрабыт: некаторыя вучні такім чынам ўзвышаліся над іншымі, а некаторыя, наадварот, адчувалі сябе ізгоямі. Таму зараз Радміла Альфрэдаўна выступае за залатую сярэдзіну. Яна ўпэўнена, што дзелавы стыль дысцыплінуе, але таксама разумее, што дзяцей ён можа стаміць.

— Каб вучні не адчувалі сябе заложнікамі правіл, у апошні дзень чвэрці мой клас прыхо­дзіць у школу так, як захоча. А я бяру на сябе ўсе пытанні і прэтэнзіі ў іх адрас. Вы б ведалі, як ім падабаецца гэтая дамоўле­насць. Яны ба­чаць, што я іду ім насустрач, разумею іх і даю магчымасць самавыяўляцца. Усё гэта неабходна дзецям, — падагульняе Радміла Альфрэдаўна.

Соф’я ЦЫКУНОВА.