Тварыць і не баяцца памыліцца

Для поспеху сёння важна не столькі тое, што ты ведаеш, колькі тое, ці можаш ты вывучыць штосьці новае, знайсці крэатыўнае рашэнне нестандартнай задачы. З дапамогай Scratch-праграмавання ў навучэнцаў гімназіі Ганцавіч Брэсцкай вобласці з’яўляецца магчымасць развіць лагічнае і алгарытмічнае мысленне, выказаць свае ўласныя ідэі і падзяліцца імі з іншымі людзьмі.

Ужо два гады запар ганцавіцкія гімназісты маюць магчымасць наведваць заняткі гуртка “Сучасныя камп’ютарныя тэхналогіі”, на якім вывучаецца Scratch-праграмаванне і якім кіруе настаўніца інфарматыкі Таццяна Анатольеў­на Гурман.

— Захапленне Scratch у мяне пачалося чатыры гады назад са сваіх уласных дзяцей. Я скончыла анлайн-курсы і паступова ненавязліва пачала навучанне, — расказвае Таццяна Анатольеўна. — Галоўнай перавагай рашэння задач у асяроддзі Scratch з’яўляецца магчымасць візуалізаваць вынік. Тады дзіцяці больш зразумелым становіцца працэс рашэння задачы, бо тое, што яму даводзіцца ўяўляць, ба­чыць на экране, дапамагае ў стварэнні фармальнай мадэлі задачы. У Scratch можна з лёгкасцю ствараць аніміраваныя паштоўкі і прэзентацыі, інтэрактыўныя гісторыі і гульні, прыдумваць і рэалізоўваць розныя аб’екты, вызначаць, як яны выглядаюць у розных умовах, перамяшчаць па экране, устанаўліваць спосабы ўзаемадзеяння паміж аб’ектамі. Вынікі, якія назіраліся ў дачок, вельмі парадавалі, і таму я вырашыла арганізаваць гурток і ў гімназіі.

Сёлета заняткі гуртка наведвалі дзеці з 2-га па 5-ы клас. Яны доўжыліся па дзве гадзіны на тыдзень.

— Заняткі ў нас звычайна выгля­даюць так. Спачатку я даю дзецям крыху тэорыі, выкарыстоўваючы матэрыялы сайта scratch.by і дадаючы нешта сваё. Затым адпрацоўваем усё на практыцы. Дзецям лёгка пакрокава паўтараць за настаўнікам тое, што ім паказваюць. Але калі просіш іх прайграць усе крокі самастойна, у іх не заў­сёды атрымліваецца. Каб аблегчыць навучанне, даводзіцца даносіць інфармацыю рознымі шляхамі: і расказваць вусна, і прапаноўваць рабочыя сшыткі, і тлума­чыць індывідуальна, — расказвае настаўніца.

Безумоўна, усе Scratch-праекты ўтрым­ліваюць гульнявыя элементы або цалкам з’яўляюцца гульнявымі. Дзеці мо­гуць складаць гісторыі, маляваць і ажыў­ляць на экране прыдуманых імі персанажаў, вучыцца працаваць з графікай і гукам. Важна і тое, што можна падзяліцца вынікамі сваёй творчасці ў сетцы інтэрнэт з сябрамі, пазнаёміцца з творамі іншых карыстальнікаў, знайсці новыя ідэі для сваіх работ. У дзяцей фарміруюцца навыкі камунікацыі і работы ў камандзе. Як правіла, дамашнія заданні не задаюцца.

Т.А.Гурман імкнецца захапіць дзяцей конкурсным рухам. Вось і сёлета чац­вёра гімназістаў змаглі прайсці ў фінал юбілейнага V конкурсу для школьнікаў “Праграмаванне ў асяроддзі Scratch — 2020”. Прыклады выхаванцаў настаўніцы натхняюць і іншых гімназістаў. Папулярнасць Scratch у гімназіі расце. “Калі я пачынала выкладаць Scratch у гуртку, то бая­лася, што не ўсе дзеці зразумеюць, што гэта і навошта, і не захочуць да мяне ха­дзіць. Але цяпер бачу, што вучням Scratch падабаецца. З боку адміністрацыі гімназіі таксама ёсць значная падтрымка. Бацькі рады, што іх дзеці захапляюцца праграмаваннем”, — адзначае педагог.

Сапраўды, навучыўшыся разумець логіку напісання інструкцый для персанажаў у Scratch, будучыя праграмісты ў далейшым значна лягчэй асвояць і “дарослыя” мовы праграмавання. А тыя, хто не ба­чыць сябе ў ІТ-сферы, усё роўна атрымаюць многа радасці і задавальнення, бо заняткі Scratch садзейнічаюць больш поўнаму творчаму самавыяўленню і самарэалізацыі, навыкі, набытыя на іх, абавязкова спатрэбяцца.

— Я займаюся Scratch ужо чацвёрты год, і мне гэтыя заняткі вельмі падабаюцца за тое, што можна тварыць і не баяцца памыліцца. Твая памылка можа стаць іскрынкай праекта. І для гэтага не трэба быць высокакваліфікаваным праграмістам! Гэта крута! — падзялілася сваімі ўражаннямі пяцікласніца Лізавета Гурман, якая па выніках “Тыдня Scratch у Беларусі” ўдастоена ганаровага звання Senior Scratcher.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.