Тварыць і спрабаваць, шукаць і развівацца

- 9:00Людзі адукацыі

Святлана Аляксандраўна Макаранка знайшла сваё прызванне ў рабоце з малодшымі школьнікамі. Прайшло дваццаць гадоў з таго часу, як яна стала настаўніцай пачатковых класаў. На працягу ўсёй сваёй педагагічнай дзейнасці няспынна асвойвае і спрабуе інавацыі, каб стварыць сваім вучням максімальна шырокія магчымасці для развіцця.

Для Святланы Аляксандраўны сярэдняя школа № 4 Салігорска Мінскай вобласці даўно стала асаблівым месцам. Тут штодня раніцай яе чакаюць хлопчыкі і дзяўчынкі, зараз ужо чацвёртакласнікі. Калегі і бацькі вучняў ведаюць Святлану Аляксандраўну як высокакваліфікаванага педагога, які не шкадуючы сіл усе свае веды і ўменні аддае справе навучання і выхавання дзяцей.

Варта толькі аднойчы пагаварыць з настаўніцай, як адчуваеш яе адказнасць і энергічнасць, трапяткія адносіны да давераных дзяцей. У свой час менавіта педагогі натхнілі яе на такі прафесійны выбар. Асабліва цёплыя адносіны склаліся з настаўніцамі пачатковых класаў і матэматыкі. Таму ўпэўнена і мэтанакіравана вырашыла ісці той жа дарогай. Спачатку вучылася ў Салігорскім педагагічным каледжы, пасля — у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Педагогіка і методыка пачатковага навучання”.

Свой працоўны шлях Святлана Аляксандраўна пачынала ў родным Слуцку ў гімназіі № 1. Яна ўдзячна лёсу за тое, што тут з самага пачатку побач аказаліся мудрыя кіраўнікі і калегі, якія падтрымлівалі ўсе яе ініцыятывы, давалі магчымасць праявіць сябе, працаваць творча, шукаць новае і эксперыментаваць. Нават пасля таго як выйшла замуж і пераехала ў Салігорск, настаўніца яшчэ доўга не магла развітацца са слуцкай гімназіяй. Тры гады штодня ездзіла туды, пераадольваючы па трыццаць кіламетраў у адзін бок, пакуль не рашылася на перамены дзеля сям’і. Другім месцам працы стала сярэдняя школа № 4 Салігорска. Святлана Аляксандраўна адзначае: ёй зноў пашчасціла трапіць у калектыў аднадумцаў і, што не менш важна, добразычлівых, неабыякавых людзей, з якімі прыемна працаваць.

Нязменнымі рысамі настаўніцы з’яў­ляюцца цікавасць да ўсяго новага і жаданне не адстаць ад карысных інавацый. У жыцці і працы кіруецца словамі: “Тварыц­ь і спрабаваць, шукаць і развівацца”. Яна заўсёды ў курсе вядучых вынаходстваў педагогікі і псіхалогіі, умее выбраць для сябе новыя, важныя кірункі для павышэння якасці адукацыі і выхавання вучняў. Актыўна дзеліцца ведамі не толькі з дзецьмі, але і з калегамі.

З усмешкай Святлана Аляксандраўна адзначае, што яе прозвішча па мужу, Макаранка, абавязвае да многага і непарыўна звязвае з педагогікай. Прозвішча, відац­ь, сапраўды стала лёсавызначальным. А калі сур’ёзна, то ад самога чалавека ў многім залежыць, што ён прынясе ў гэты свет і з чым будзе звязана яго імя. Прыклад Святланы Аляксандраўны пераконвае: пры са­праўдным жаданні не стаяць на месцы і любові да прафесіі чалавек паспявае многае. С.А.Макаранка — актыўны ўдзельнік інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання праектных уменняў у вучняў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі сродкамі набору LEGO”, кіраўнік лабараторыі “Робататэхніка” абласнога рэсурснага цэнтра “Пошук” і раённай педагагічнай майстэрні для маладых спецыялістаў. Настаўніца і яе вучні пастаянна ўдзельнічаюць у разнастайных конкурсах, аб чым сведчыць цэлы стос узнагарод. За кожнай з іх стаяць карпатлівая праца і жаданне пераадолець яшчэ адну прыступку, рухацца і развівацца.

— Галоўнае дасягненне настаўніка — у тых зменах, якія адбываюцца з яго вучнямі, — гаворыць Святлана Аляксандраўна. — Назіраю зараз за маімі чацвёртакласнікамі і не магу стрымаць усмешкі. За мінулыя гады яны змяніліся, многаму навучыліся. Радуе, што дзеці разважаюць, задаюць пытанні, неабыякава адносяцца да вучобы. Хтосьці асабліва захапіўся гісторыяй, іншыя — матэматыкай ці літаратурай. Калі бачыш зацікаўленыя вочы вучняў, іх станоўчыя вынікі і перамогі, натхняешся на далейшую работу, пачынаеш шукаць і прыдумваць нешта новае.

Для Святланы Аляксандраўны настаўнік пачатковых класаў — той, хто закладвае фундамент будучага развіцця дзіцяці. А гэта праца адказная і тонкая, ад яе ў многім залежаць усе будучыя поспехі. Адносіны з вучнямі настаўніца будуе на ўзаемным даверы. Напрыклад, традыцыйна ў школе прахо­дзяць інтэлектуальныя гульні паміж класамі па розных прадметах. Настаўніца ўжо дазваляе сваім чацвёрта­класнікам самастойна вызначыцца са складам каманд. Цікава назіраць, як яны адказна ставяцца да гэтай справы, разважаюць, хто зможа лепш выступіць, а пасля аналізуюць вынікі.

— У школьнай інтэлектуальнай гульні па гісторыі Беларусі сярод вучняў пачатковых класаў наша каманда заняла 2-е месца з розніцай у адзін бал, — расказвае С.А.Макаранка. — Дзеці самі пасля доўга не маглі супакоіцца, размаўлялі аб тым, чаму так атрымалася, што яны зрабілі няправільна, што трэба вывучыць. Ім было важна дакапацца да сутнасці, убачыць свае памылкі. Мяне прыемна ўразіў такі падыход. А яшчэ нядаўна радаснай навіной стала тое, што вучні запрасілі мяне далучыцца да іх групы ў Viber “Сябры чацвёртага класа”. Для мяне гэта знак даверу, адкрытасці. Такія адносіны важна не толькі цаніць, але і апраўдаць. Бо страціць давер дзяцей — самае страшнае.

Святлана Аляксандраўна з самага пачатку робіць стаўку на выхаванне ў сваіх вучняў адказнасці, пастаянна падкрэслівае, што многае залежыць ад іх саміх, а не толькі ад бацькоў і настаўнікаў. Каб падтрымац­ь жаданне дзяцей пазнаваць нешта новае і адначасова з’яднаць клас, настаўніца часта арганізоўвае для дзяцей экскурсіі і паездкі. У апошні час з-за эпідэмічнай сітуацыі гэта немагчыма, і дзённікі падарожнікаў, якія вядуць дзеці, часова прыйшлося адкласці ўбок. Пакуль выручае інтэрнэт, дзякуючы якому можна адкрыць для сябе новыя месцы і знайсці цікавыя пазакласныя мерапрыемствы.

Шмат увагі Святлана Аляксандраўна ў­дзяляе рабоце з сем’ямі вучняў. Пачынае будаваць адносіны, не чакаючы першага верасня, а з таго моманту, як толькі становіцца вядома, хто прыйдзе да яе ў першы клас. Праводзіць анкетаванне бацькоў, гутаркі, а затым на пастаяннай аснове пазакласныя мерапрыемствы для сем’яў. Гэта дапамагае лепш зразумець адно аднаго, падтрымлівац­ь цёплыя, прадукцыйныя адносіны і быць заўсёды на сувязі.

Ва ўсіх справах і пачынаннях Святлану Аляксандраўну падтрымліваюць яе муж і сын. Яна заўсёды раіцца з імі, расказвае пра праекты, конкурсы, да якіх хоча далучыцца. І ў адказ чуе: “Канечне, спрабуй. Ты па-іншаму і не зможаш”.

Таццяна ШЫМКО.