Твой чат-­бот — твае правілы

- 15:03Вышэйшая школа, Увайсці ў IT

Што ў нас на снеданне? Навіны! На абед і на вячэру — таксама… Уцячы ад іх практычна немагчыма, ды і не варта. Дастаткова пакінуць тыя, што па-­сапраўднаму спатрэбяцца. А як іх адсартаваць? Капацца ў інфармацыйным смецці самому стомна, лепш даверыць гэта спецыяльна навучанаму алгарытму. Але спачатку яго трэба стварыць.

Час дарагі

Аб гэтым думаў другакурснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандр Грыжон, калі гартаў стужку ў пошуках чаго-небудзь прыдатнага. “Я хутчэй напішу праграму, якая падбярэ патрэбную мне інфармацыю, чым выпадкова наткнуся на карысны кантэнт”. Сказана — зроблена: хлопец распрацаваў сеткавага памочніка “PIE-BOT”, які ўмее не толькі сартаваць навінавую рассылку, але і весці адміністраванне цэлых супольнасцей.

— Часта выкарыстоўваю розныя чат-боты ў сацыяльных сетках. Яны — ідэальныя памочнікі пры мадэраванні гутарак. З часам заўважыў негатыўны момант: пры пераходзе з аднаго рэсурсу ў іншы, напрыклад, з “УКантакце” ў Telegram, збіваюцца ўсе настройкі. Гэта адбываецца з-за таго, што ўсюды дзейнічае свая сістэма каманд і ёсць свае асаблівасці інтэрфейсу. Таму прыходзіцца па новай разбірацца ў, здавалася б, аднолькавым прадукце.

Чат-боты бываюць розныя, але выконваюць прыкладна адну і тую ж функцыю — сістэматызуюць работу сацыяльнай сеткі. Яны ўмеюць мадэраваць супольнасці, надзяляць карыстальнікаў разнастайнымі паўнамоцтвамі, дастаўляць навіны і нават перакладаць іх на розныя мовы. А ў маім “PIE-BOT” можна ствараць уласныя модулі з ужо гатовымі канструкцыямі. Дзякуючы гэтаму зададзеныя настройкі не скідаюцца пры пераходзе з аднаго рэсурсу ў іншы. Карысць відавочная — эканомія часу.

Увесь працэс ажыццяўляецца ў некалькі клікаў. Я распрацаваў падрабязную навучальную анатацыю, з дапамогай якой устанавіць чат-бот зможа кожны. Карыстальнік адпраўляе яму спецыяльны файл, у якім паказвае спасылкі на сайты, адкуль хоча атрымліваць навіны. “PIE-BOT” яго загружае і даследуе, а потым арганізуе дастаўку кантэнту.

Універсальны “баец”

Аляксандр назваў сваю распрацоўку менавіта так невыпадкова. PIE перакладаецца “змеш-
ваць”, а значыць, сеткавы памочнік здольны сумяшчаць функцыянал розных сацыяльных сетак і выкарыстоўваць элементы аднаго модуля для вырашэння некалькіх задач.

— “PIE-BOT” — кросплатформавая прылада, гэта значыць працуе і ва “УКантакце”, і ў Telegram, і ў Discord. Таксама планую падключэнне да месенджара WhatsApp. Я стварыў такі набор алгарытмаў, які дазваляе адаптавацца да любой сацыяльнай сеткі. І калі ў чалавека ўзнікне жаданне дабавіць опцыі, ён зможа іх падключыць.

Аналагічныя рашэнні ёсць у замежных кампаній, але яны ігнаруюць сайты многіх устаноў адукацыі і грамадскіх арганізацый. Мой памочнік здольны шукаць навіны нават на лакальных рэсурсах. Яшчэ адна фішка — “PIE-BOT” практычна не мае аналагаў у арганізацыі зносін “карыстальнік — чат-бот”. Ён здольны не толькі выконваць заданні аднаго кліента, але і абслугоўваць цэлую гутарку дзясяткаў чалавек.

Без матывацыі ніяк

Юны праграміст не толькі прыдумаў перспектыўную ідэю, але і заняўся яе ўвасабленнем. Ён стаў удзельнікам рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага праекта “100 ідэй для Беларусі” і абараніў сваю работу на рэгіянальным і абласным этапе. Наперадзе фінал!

— У конкурсе мне прапанавала паўдзельнічаць старшы выкладчык кафедры сістэмнага праграмавання і камп’ютарнай бяспекі ГрДУ імя Янкі Купалы Ганна Тадэвушаўна Сазонава. Спачатку я не вельмі гарэў жаданнем. Думаў, што шансаў паказаць высокі вынік няшмат. Але Ганна Тадэвушаўна знайшла правільныя словы, патлумачыўшы мне, што арганізатары “100 ідэй для Беларусі” шукаюць менавіта перспектыўныя задумы і, заўважыўшы прыдатную, дапамагаюць з рэалізацыяй. Яна мела рацыю, бо нават на рэгіянальнай стадыі ацэначная камісія не толькі вынесла вердыкт, але і дапамагла парадамі па дапрацоўцы праекта.

На “вобласці” задача аказалася больш складанай, паколькі там, акрамя ідэі, неабходна было прадставіць прататып. “PIE-BOT” апынуўся ў ліку лепшых, таму што ён, па сутнасці, унікальны. Аналагаў падобнай прылады, якія сумяшчалі б у сабе столькі функцый і спалучаліся з рознымі месенджарамі, я не знайшоў, хоць дэталёва вывучыў рынак.

Сацыяльныя сеткі ідэальна падыходзяць для ўкаранення такіх распрацовак, таму што вельмі хутка мяняюцца і мадэрнізуюцца. Думаю, не за гарамі той дзень, калі праз іх можна будзе выконваць амаль усе штодзённыя задачы.

Галоўнае — быць у тэме

Сеткавы памочнік Аляксандра напісаны на вэб-мове Golang. Хлопец пачаў разбірацца ў ёй яшчэ ў школе, а ва ўніверсітэце змог прысвяціць праграмаванню ўвесь вольны час.

— У ГрДУ імя Янкі Купалы ёсць профільныя прадметы, на якіх я не толькі асвойваю тэорыю, але і атрымліваю практычныя навыкі. Напрыклад, дыскрэтная матэматыка дазваляе зразумець, як уладкавана сама мова, што вельмі важна для маёй дзейнасці.

Галоўнае ў гэтай сферы — быць у тэме, аналізаваць навінкі, якія выходзяць на рынак, разумець, чым яны лепшыя за папярэднікаў. Праграмаванне — гэта не навука, дзе можна нешта адзін раз вывучыць,
а потым прымяняць на працягу многіх гадоў. Тут трэба пастаянна трымаць руку на пульсе, таму я кожны дзень развіваю навыкі і вучуся нечаму новаму. І мой сеткавы памочнік “PIE-BOT” — чарговы крок наперад.

Дзмітрый АРХІПЕНКА.
Фота з асабістага архіва Аляксандра Грыжона.