Твой выбар — тваё жыццё

Умацаванне псіхічнага здароўя вучняў, актывізацыя работы па фарміраванні пазітыўнага ладу жыцця і прафілактыцы суіцыдальных паводзін непаўналетніх — адны з галоўных задач педагогаў Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна.

Месячнік прафілактыкі суіцыду “Твой выбар — тваё жыццё” праходзіў ва ўстанове з 10 верасня па 10 кастрычніка. Падчас правядзення акцыі “Давай намалюем усмешку” актывісты БРПА фатаграфавалі пазітыўны настрой вучняў і педагогаў, а затым фота трансліравалася на экране тэлевізара. Вельмі важна было паказаць, якое цудоўнае жыццё.

У фае школы быў размешчаны плакат з дэвізам: “Мы галасуем за жыццё!”. Кожны жадаючы мог пакінуць свой адбітак далоні на белым ватмане, тым самым аддаўшы свой голас за жыццё.

У класных калектывах прай­шлі класныя гадзіны “Падарожжа ў жыццё”, “Я люблю цябе, жыццё!”, “Беражы жыццё — яно адно ў нас!”, “Не нашкодзь здароўю свайму”, на якіх закраналіся вострыя праблемы сучаснага грамадства; была праведзена акцыя “Запішы тэлефон даверу ў свой дзённік”. Мэта правя­дзення гэтых класных гадзін — развіццё ў дзяцей уяўленняў пра дабро і зло, выхаванне імкнення рабіць добрыя справы, развіццё самакантролю і выпрацоўка навыкаў канструктыўнага ўзаемадзеяння.

З мэтай павышэння ўзроўню псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў прайшоў баць­коўскі сход “Роля сям’і і школы ў прафілактыцы суіцыдальных паводзін у непаўналетніх” з запрашэннем педагога-псіхолага Навагрудскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Вольгі Анатольеўны Свораб. Педагог-псіхолаг дала бацькам рэкамендацыі пра тое, як паводзіць сябе з непаўналетнім, што апынуўся ў крызіснай сітуацыі, як у цяжкую хвіліну прыйсці на дапамогу.

Для класных кіраўнікоў быў арганізаваны семінар “Паняцце суіцыду”, у рамках якога з мэтай своечасовага рэагавання і прадухілення суіцыду педагогам даваліся рэкамендацыі па распазнаванні эмацыянальных прыкмет суіцыдальных паводзін падлеткаў.

У ходзе месячніка псіхалагічнага здароўя вучняў прайшоў конкурс малюнкаў. Усе работы  былі размешчаны ў фае школы, лепшыя прадстаўлены на раённым этапе рэспубліканскага конкурсу. Таксама школьнікі ўдзельнічалі ў конкурсе сачыненняў-разважанняў сярод вучняў 8—11 класаў “Я люблю цябе, жыццё!”, па выніках  якога пераможцам  стала Дар’я Малейковіч, вучаніца 9 класа.

Заключным этапам месячніка прафілактыкі суіцыду стала мерапрыемства ў форме інтэрактыўнага дыялогу “Жыццё — дар. Павер у сябе!”, на якім прысутнічаў айцец Аляксей. Вучні задумаліся пра ўнікальнасць унутранага свету кожнага чалавека, атрымалі масу станоўчых эмоцый.

Спадзяёмся, што праведзеная работа  дапаможа  фарміраваць у дзяцей пазітыўны вопыт зносін адно з адным і бацькамі, уменне давяраць і строіць цёплыя адносіны.

Таццяна НАГОРНАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна.