Творчае прывітанне свету і вясне

На Віцебшчыне прайшоў абласны этап IV Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”. Арганізатарамі абласнога этапу агляду-конкурсу з’яўляюцца ўпраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама і Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі.

—“Прывітанне, свет!” — грандыёзная падзея, сапраўдная феерыя дзіцячай творчасці, — падзялілася ўражаннямі загадчык сектара выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва абласнога Палаца дзяцей і моладзі Ірына Макарава. — Па нашым кірунку ў рэгіёне займаецца каля 11 тысяч навучэнцаў, і кожны з іх меў магчымасць праявіць свае здольнасці і раскрыць таленты. Цікавая асаблівасць цяперашняга конкурсу — яго тэматычны характар, што выяўляецца ў агульнай назве “Kazki.by”. Любімая дзіцячая тэма і поўная свабода творчасці: сучасны фармат разам з традыцыйнымі вышыўкай, саломкай, габеленам, маляванкай, выцінанкай; фальклор народаў свету і сюжэты знаёмых з ранняга дзяцінства беларускіх народных казак. Першапачатковы адбор лепшых работ праходзіў у кожнай установе адукацыі. Наступным этапам былі раённыя і занальныя туры, у якіх узялі ўдзел больш за 2000 нашых выхаванцаў.

У выніку на абласны этап прайшло 589 творчых работ розных жанраў і тэхнік, якія выканалі больш за 800 удзельнікаў. Дыпломамі ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама за лепшую выставачную экспазіцыю ўзнагароджаны ўстановы адукацыі Наваполацка, а таксама Віцебскі гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі.

Створаны мастакамі казачны настрой іх равеснікі — самадзейныя артысты — ператварылі ў захапленне і радасць судакранання з дзівам, што разгарнулася на сцэне. Сярод салістаў-вакалістаў дыпломамі І ступені адзначаны навучэнцы Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка Марыя Зайцава, Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Міхаіл Маскалёў і Ульяна Рыжова, сярэдняй школы № 1 Лепеля Яна Барынава (усе чацвёра — эстрадныя спевы) і Лізавета Лапуцэвіч з сярэдняй школы № 6 Полацка (народныя спевы). У намінацыі “Вакальная творчасць. Вакальны ансамбль” пераможцамі сталі ўзорны аматарскі калектыў Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Музычная студыя “Альтанка”, дуэт “Вясёлка”, які прадстаўляў сярэднюю школу № 27 Віцебска, узорная вакальная студыя “Асоль” Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі (эстрадныя спевы), а таксама ансамбль беларускай песні “Званы” Бешанковіцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, узорны вакальна-харэаграфічны ансамбль “Перапёлачка” гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна (народныя спевы). У намінацыі “Фальклорная творчасць” дыпломам І ступені ўзнагароджаны ўзорны фальклорны калектыў “Нежачкі” Расонскага цэнтра дзяцей і моладзі.

Нямала цудоўных імгненняў падарылі гледачам і артысты, якія выступалі ў жанры інструментальнай музыкі. Але перамагае наймацнейшы: вартымі найвышэйшай ацэнкі журы прызнала выступленні ўзорнага аркестра народных інструментаў Браслаўскага цэнтра дзяцей і моладзі, ансамбля цымбалістаў “Гукi сонца” Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі і ўзорнага духавога аркестра сярэдняй школы № 8 Оршы. У намінацыі “Тэатральная творчасць. Мастацкае слова” перамаглі Софія Крымачова (Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі), Марыя Зайцава (Палац дзяцей і моладзі Наваполацка) і Ганна Гагалінская (Верхнядзвінская гімназія). Асобна хочацца адзначыць выдатных канферансье, лепшыя з якіх разам са сваімі дарослымі калегамі вялі канцэртную праграму, — навучэнцаў Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Ганну Руткову і Дзмітрыя Бабіна, Ганну Жойдзь і Аляксандра Ерыса, а таксама Цэнтра дзяцей і моладзі Глыбоцкага раёна Лізавету Гапоненка і Кірыла Міхасёва. У намінацыі “Тэатры моды” трыумфальнымі сталі выступленні прадстаўнікоў Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, майстэрні моды “Дэбют” і тэатра моды “Дзіва”. Перамогу ў самай вялікай групе намінацый “Харэаграфічная творчасць” адзначылі выступленнямі ўзорны харэаграфічны калектыў “Акцэнт” Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (дзіцячы танец), харэаграфічны калектыў “Сюрпрыз” Докшыцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, калектыў сучаснай харэаграфіі Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі (сучасная харэаграфія), узорны ансамбль танца “Краіна цудаў” сярэдняй школы № 7 Наваполацка (класічны танец), танцавальны калектыў “Рандэву” сярэдняй школы № 2 Наваполацка і студыя спартыўнага танца “Аэліта” Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (бальны танец), узорны тэатр пластычнай мініяцюры “Эстрадная мазаіка” гімназіі № 7 Віцебска (эстрадны танец), а таксама студыя харэаграфіі “Крынічка” сярэдняй школы № 15 Віцебска, харэаграфічная група ўзорнага вакальна-харэаграфічнага ансамбля “Перапёлачка” гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна і ўзорнага ансамбля танца “Краіна цудаў” сярэдняй школы № 7 Наваполацка (народны сцэнічны танец). І, нарэшце, самыя казачныя пераможцы: у намінацыі “Казка booktrailer” гэта навучэнцы гімназіі № 1 Віцебска Данііл Семянкоў, Браслаўскага цэнтра дзяцей і моладзі Ян Тумашэвіч, аб’яднання па інтарэсах “Юны журналіст” гімназіі № 7 Віцебска Вольга Старыковіч.

Начальнік аддзела выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Валерый Кунашка падзякаваў самадзейным артыстам і педагогам за велізарную працу на працягу многіх гадоў, што ў выніку дазволіла дзецям выступіць на адной з лепшых сцэнічных пляцовак рэспублікі. Валерый Віктаравіч выказаў спадзяванне, што для таленавітых зорачак гала-канцэрт стане трамплінам у будучае творчае жыццё, дзе яны будуць прадстаўляць ужо не толькі паўночны рэгіён, але і ўсю нашу краіну. А потым звярнуўся да тых навучэнцаў, хто на гэты раз не прайшоў фінальны адбор і знаходзіўся ў зале ў якасці гледачоў: для іх гала-канцэрт можа і павінен стаць стымулам для пошуку і падрыхтоўкі новых арыгінальных нумароў, якія абавязкова прывядуць да перамогі.

Як і ў мінулых сезонах, на карце яркіх сузор’яў юных віцебскіх талентаў разам са знаёмымі калектывамі і выканаўцамі з’явіліся новыя зорачкі — гэта не можа не радаваць. Як і тое, што ў канцэрце прынялі ўдзел прадстаўнікі ці не ўсіх раёнаў і гарадоў вобласці. Што да ўзроўню выступленняў, то варта згадаць меркаванне старшыні журы, кампазітара, музыканта, прадзюсара Генадзя Маркевіча: статус горада фестываляў накладвае на творчасць артыстаў паўночнай сталіцы асаблівы адбітак. Той жа фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” штогод ставіць настолькі высокую планку ў любым кірунку — ад спеваў да харэаграфіі, — што і юным талентам грэх ад яе адступаць. Дарэчы, Генадзь Аляксандравіч асабліва адзначыў вакальныя нумары і дадаў, што, мяркуючы па ўзроўні, пара ў праграму агляду-конкурсу ўводзіць новую намінацыю —“Акадэмічны вакал”.

Пераможцы абласнога тура рыхтуюцца прадставіць Віцебшчыну на заключным этапе IV Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, які адбудзецца ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *