Творчасць дзеля бяспекі

- 12:40Навіны рэгіёнаў

“Ратавальнікі — гэта дзіўныя людзі, якія не задумваючыся гатовы ахвяраваць сабой дзеля выратавання чалавецтва, гатовы прыняць чужы боль як свой, супрацьстаяць стыхіі, праяўляючы мужнасць і прафесіяналізм”, — так напісала Паліна Ясюкевіч, навучэнка Кастрычніцкай сярэдняй школы Лагойскага раёна ў сваёй конкурснай рабоце. Паліна разам з тысячамі хлопчыкаў і дзяўчынак прыняла ўдзел у абласным аглядзе-конкурсе “Ратавальнікі вачыма дзяцей”.

Сёлета конкурс на Міншчыне праводзіўся 17 раз з нязменнай мэтай — сфарміраваць у дзяцей навыкі ўмелых дзеянняў у выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацый, а таксама прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем прафілактыкі надзвычайных сітуацый сярод дзяцей і моладзі, прапаганды здаровага ладу жыцця. “Жыццё і здароўе нашых дзяцей — гэта самае важнае. Таму такое вялікае значэнне мае гэты конкурс і наогул сістэма работы, якую сумесна праводзяць упраўленне адукацыі Мінаблвыканкама і ўпраўленне МНС па Мінскай вобласці, — кажа Таццяна Анатольеўна Цвірко, намеснік начальніка аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі. — Ствараючы свае работы для конкурсу, дзеці не толькі паглыбляюцца ў тэму і засвойваюць правілы бяспечнай жыццядзейнасці, яны таксама звяртаюць увагу сваіх сяброў, бацькоў на гэтую важную тэму”.
Тысячы навучэнцаў у кожным раёне вобласці прынялі ўдзел у конкурсе “Ратавальнікі вачыма дзяцей”. 500 лепшых работ былі прадстаўлены на абласной выставе ва Уздзенскім раённым доме культуры, дзе былі падведзены вынікі абласнога агляду-конкурсу. У вялікім холе дома культуры размясціліся шматлікія шэдэўры дзіцячай творчасці, а на сцэне віншавалі іх стваральнікаў. Святочнае мерапрыемства падарыла ўсім радасныя эмоцыі. Добры настрой стваралі творчыя калектывы ўстаноў адукацыі Уздзенскага раёна і шчырыя словы арганізатараў, адрасаваныя ўдзельнікам конкурсу.
Юныя мастакі паспрабавалі сябе ў дзвюх намінацыях конкурсу — “Малюнак” і “Плакат”. Пераможцы ў намінацыі “Малюнак” вызначаліся ў трох узроставых катэгорыях. Так, сярод дзяцей 7—10 гадоў лепшай стала першакласніца Яна Жэбрак, вучаніца сярэдняй школы № 4 Дзяржынска. Ва ўзроставай катэгорыі 11—14 гадоў перамог Міхаіл Кісель, вучань Клецкай сярэдняй школы № 2. Дар’я Бародзька, прадстаўніца Мар’інагорскай дзіцячай школы мастацтваў Пухавіцкага раёна, стала лепшай сярод дзяўчат і хлопцаў 15—17 гадоў.
Лепшы плакат стварыла Аліна Залан, вучаніца сярэдняй школы № 20 Барысава. Яе пранікнёная работа “Запалкі не цацка” прымусіла спыніцца і прыгледзецца не аднаго гледача, і аўтар абсалютна заслужана атрымала ўзнагароду.
Разнастайныя тэхнікі, матэрыялы і ідэі прадэманстравалі юныя майстры ў намінацыі “Выраб”. Дзеці выпальвалі і клеілі, выразалі і вязалі, каб прадставіць на суд журы вырабы з гліны, саломы, дрэва, шкла, паперы і нават макароны і гароху. А перамог у гэтай намінацыі “Ратавальнік Гарыныч” — работа выхаванцаў Любанскага цэнтра дзіцячай творчасці Аляксандры Муравейка і Юліі Развадоўскай. Яркі трохгаловы казачны герой, памерам большы, чым некаторыя наведвальнікі выставы, спадабаўся не толькі журы. Амаль кожны жадаў сфатаграфавацца з Гарынычам.
У намінацыі “Малая архітэктурная форма” 1 месца заняў Георгій Скараход, выхаванец Старадарожскага цэнтра дзіцячай творчасці “Светліца” імя І.М.Стасевіча за работу “Пажарны”. Раздоллем для фантазіі юных канструктараў стала намінацыя “Мадэль пажарнай тэхнікі”. Дзеці праявілі не толькі свае творчыя здольнасці, але і добрае веданне пажарнай тэхнікі, а таксама гісторыі. Пераможцай стала Алена Камеш з вілейскай гімназіі № 2, якая стварыла мадэль коннай пажарнай павозкі канца ХІХ стагоддзя.
У конкурсе змаглі прыняць удзел і тыя, хто лепш сплятае словы, чым ніткі, пруткі і саломіны, а менавіта юныя паэты і празаікі, якім было прапанавана напісаць казку, верш ці апавяданне. “Надзвычайнае здарэнне ў Трыдзявятым царстве” — такі твор прадставіла на конкурс Алеся Лятко, вучаніца Крывіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мядзельскага раёна, і стала пераможцай у намінацыі “Казка”. А найцікавейшае апавяданне, на думку журы, атрымалася ў Аксаны Замушынскай, вучаніцы Каладзішчанскай сярэдняй школы Мінскага раёна. “Асцярожны будзь з агнём!” — папярэджвае ў сваім вершаваным творы Наталля Сякацкая, вучаніца Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна, уладальніца дыплома І ступені ў намінацыі “Верш”.
“Год ад году цікавасць дзяцей да конкурсу расце, расце і колькасць удзельнікаў, — расказвае Валерый Аляксандравіч Вайцяховіч, начальнік Цэнтра прапаганды і навучання пры Мінскім абласным упраўленні МНС. — І хоць конкурсу ўжо 17 гадоў, кожны раз дзеці прыдумваюць нешта новае і кожны раз здзіўляюць нас сваімі талентамі і фантазіяй”. Тое, што работы выстаўляліся сапраўды годныя, пацвярджае і шчырая цікавасць да іх гледачоў. Выстава працавала ва Уздзе на працягу трох дзён. За гэты час больш за 2000 маленькіх уздзенцаў наведалі выставу. І калі ўранку і днём яны прыходзілі групамі разам з выхавальнікамі і настаўнікамі, то ўвечары многія вярталіся сюды са сваімі бацькамі, каб яшчэ раз паглядзець на тое, што ім сапраўды цікава. Гэтыя творы будуць і ў далейшым выконваць сваю выхаваўчую і прапагандысцкую функцыю. Работы-пераможцы адправяцца на рэспубліканскую выставу, а іншыя работы папоўняць экспазіцыю і фонд музея пажарнай і аварыйна-выратавальнай справы МНС Беларусі, а таксама стануць экспанатамі перасоўных выстаў.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.