Творчасць і рэлаксацыя

- 15:38Адукацыйная прастора

Таямнічы свет арт-тэрапіі ўжо на працягу доўгага часу адкрывае ўсё новыя магчымасці для пазнання сябе і іншых, для станаўлення і развіцця асобы, для творчасці і рэлаксацыі. Метады і тэхнікі арт-тэрапіі сталі даволі эфектыўным інструментам лячэння душы.

У рабоце з дзецьмі арт-тэхнікі выходзяць на першы план. Дзякуючы сваім даступным і простым прыёмам, яны дазваляюць пераадольваць многія псіхалагічныя праблемы. Адной з тэхнік арт-тэрапіі з’яўляецца мандала.

Тэхніка мандалы, якая ўяўляе сабой намаляваны круг, увасабляе сімвал гістарычнага кругавога матыву цыклічнасці прыроды і жыцця. Гэтая тэхніка накіравана перш за ўсё на фарміраванне цэласнасці ўнутры асобы шляхам сустрэчы свядомага і несвядомага. Для дасягнення ўнутранай гармоніі і пераадолення негатыўных эмацыянальных перажыванняў тэхніка мандалы не ўступае іншым метадам арт-тэрапіі. Яна з’яўляецца адначасова заварожваючым і недаступным для разумення спосабам самапазнання і змянення.

Згаданая тэхніка прадстаўлена некалькімі варыянтамі — гэта могуць быць гатовыя мандалы (круг з мноствам мудрагелістых ліній і выгінаў) або мандалы свабоднага стварэння. Сутнасць работы з гэтай тэхнікай у наступным: неабходна запоўніць круг малюнкам без якіх-небудзь абмежаванняў пры выбары колеру, формы і фактуры.

У якасці інструментаў для стварэння мандал дзецям прапануецца ліст паперы з намаляваным кругам, набор гуашы, пэндзлі, ёмістасць з вадой, палітра, сурвэтка. Маляванне можа суправаджацца музыкай.

Запаўняючы круг малюнкам, дзіця запаўняе цэласнасць і асабістага ўнутранага свету, знаходзіць свае схаваныя рэсурсы. Групавая форма работы з мандалай валодае асаблівым творчым патэнцыялам, накіравана на згуртаванне дзіцячага калектыву. Малюючы мандалу, дзіця адлюстроўвае свой унутраны свет і яго змяненні. Радасць, трывога, страх, няўпэўненасць у сабе, расчараванне і многае іншае — усё гэта таксама знаходзіць сваё адлюстраванне ў мандале. Мандалы не паўтараюцца, таму заўсёды ўнікальныя і разнастайныя.

Задача псіхолага пры выкарыстанні тэхнікі мандалы ў рабоце з дзецьмі — дапамагчы дзіцяці перанесці свой унутраны стан або перажыванне на паперу, тым самым ператварыць яго, змяніць і такім чынам дасягнуць гармоніі. Таксама ў рабоце з мандалай важна звяртаць увагу на тлумачэнне сімволікі колеру і формы аб’ектаў, якія малююцца ў крузе. Кожны з іх мае сваё сімвалічнае значэнне і псіхалагічны сэнс.

Дзіцячы свет, напоўнены фантазіяй і імкненнем да творчасці, можна лёгка рабіць разнастайным і ўдасканальваць каляровым светам арт-тэрапіі.

Ларыса ГЛАЗКОВА,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 67 Гродна.