Творчасць маладых педагогаў

Падведзены вынікі конкурсу

На XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ва ўрачыстай атмасферы прайшло ўзнагароджанне пераможцаў V Рэспубліканскага конкурсу “Творчасць маладых педагогаў”. Яго арганізатарам выступілі выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”, рэдакцыя часопіса “Пачатковая школа” пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. На конкурс былі дасланы метадычныя распрацоўкі настаўнікаў пачатковых класаў і студэнтаў выпускных курсаў вышэйшых педагагічных устаноў па спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя”.

“За 5 гадоў конкурс здабыў сваю папулярнасць у педагагічным асяроддзі, штогод павялічваецца колькасць заявак ад маладых педагогаў для ўдзелу ў ім, — адзначыў намеснік дырэктара выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” Віктар Віктаравіч Якжык. — Ад сучаснага педагога патрабуецца не толькі ведаць свой прадмет, але і разумець выхаваўчы працэс, умець забяспечваць псіхалагічнае суправаджэнне навучання, валодаць навуковымі ведамі, рабіць усё для таго, каб выхаваць асобу, грамадзяніна, патрыёта сваёй краіны”.

“Рэдакцыя часопіса “Пачатковая школа” імкнецца падтры­маць маладых настаўнікаў, адкрыць імёны самых творчых і неардынарных з іх, павысіць прэстыж педагагічнай прафесіі, актывіза­­ваць дзейнасць устаноў адукацыі па стымуляванні прафесійнага росту моладзі”, — падкрэсліла загадчык рэдакцыі часопіса Алена Генрыхаўна Сугака. — БДПУ імя Максіма Танка з’яўляецца адным з заснавальнікаў часопіса “Пачатковая школа”. Штогод студэнты выпускных курсаў універсітэта прымаюць актыўны ўдзел у конкурсе і перамагаюць у ім. Маладыя педагогі прыходзяць ва ўстановы адукацыі з добрым багажом сучасных тэарэтычных ведаў, яны поўныя жыццёвага запалу, энергіі, крэатыўных ідэй. Важна падтрымаць іх у гэтым, надаць упэўненасці, каб іх напрацоўкі ішлі на карысць педагагічнаму калектыву і, вядома ж, школьнікам, для якіх асоба першага настаўніка часта становіцца ўзорам, маральным арыенцірам на ўсё жыццё”.

Конкурс “Творчасць маладых педагогаў” праводзіцца па намінацыях: “Працуем у беларускамоўнай школе”, “Дыдактычны сцэнарый урока”, “Выхаваўчае мерапрыемства”. Матэрыялы канкурсантаў ацэньваліся кампетэнтным журы — вядучымі рэдактарамі выдавецтва, метадыстамі МГІРА, спецыялістамі кафедры дашкольнай і пачатковай адукацыі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава і факультэта дашкольнай і пачатковай адукацыі Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна. Сярод крытэрыяў ацэнкі работ: арыгінальнасць матэрыялу (уласная распрацоўка); адпаведнасць асноўным палажэнням педагогікі, псіхалогіі і методык выкладання вучэбных прадметаў; адпаведнасць вучэбнай праграме; наяўнасць цікавых і разнастайных прыёмаў, іх мэтазгоднасць; выкарыстанне сучасных педагагічных і інфармацыйных тэхналогій; падрабязнае апісанне мерапрыемства; спасылкі на выкарыстаныя крыніцы.

У цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў прыняла ўдзел галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Уладзіміраўна Булаўкіна і дэкан факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Наталля Уладзіміраўна Ждановіч.

Намінацыя “Працуем у беларускамоўнай школе”

Дыплом І ступені атрымала настаўніца гімназіі Асіповіч Хрысціна Сяргееўна Булычова за ўрок “Гукі “т” і “ц” і іх абазначэнне на пісьме” (2 клас).

Дыпломам ІІ ступені ўзнагароджана студэнтка БДПУ імя Максіма Танка Зоя Рыгораўна Кавалевіч за распрацоўку канспекта ўрока па прадмеце “Чалавек і свет” з выкарыстаннем тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення па тэме “Птушкі” (2 клас).

Дыпломам ІІІ ступені адзначана настаўніца Палатоўскага дзіцячага сада — базавай школы Полацкага раёна Вераніка Рыгораўна Махіня за ўрок “Лік і лічба 9” (1 клас).

Намінацыя “Выхаваўчае мерапрыемства”

Дыпломам І ступені ўзнагаро­джана настаўніца сярэдняй школы № 14 Наваполацка Валерыя Андрэеўна Былінская за мерапрыемства “Дарожны лабірынт” па ПДР (2 клас).

Дыплом ІІ ступені атрымала настаўніца Ляскавіцкай сярэдняй школы Петрыкаўскага раёна Валянціна Сяргееўна Мелюх за мерапрыемства “Падарожжа па родным краі” (4 клас).

Дыплом ІІІ ступені ў студэнткі БДПУ імя Максіма Танка Таццяны Юр’еўны Падаляк за праект пазакласнага мерапрыемства “Гуканне вясны” (2 клас).

Намінацыя “Дыдактычны сцэнарый урока”

Дыплом І ступені ў настаўніцы сярэдняй школы № 16 Полацка Дзіяны Вячаславаўны Арловай за ўрок “Складанне віду 22 + 4” (2 клас).

Дыплом ІІ ступені атрымала настаўніца сярэдняй школы № 3 Асіповіч Настасся Міхайлаўна Фірсава за ўрок па прадмеце “Чалавек і свет” на тэму “Расліны — частка жывой прыроды. Жыццё раслін восенню” (1 клас).

Дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджана студэнтка Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Аляксандра Паўлаўна Корбут за ўрок па рускай літаратуры “Скорагаворкі, загадкі, прыказкі — малыя літаратурныя жанры” (2 клас). 

Пераможцы конкурсу атрымалі сертыфікаты на розныя сумы на набыццё літаратуры выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”. Акрамя таго, іх работы будуць надрукаваны ў часопісе “Пачатковая школа”. Спонсар мерапрыемства — Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета — уручыў запрашальныя білеты пераможцам, якія занялі першыя месцы. Інфармацыйным спонсарам конкурсу выступілі “Настаўніцкая газета” і часопіс “Бібліятэка прапануе”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.