Творчасць на кончыках пальцаў

- 12:39Дашкольная адукацыя

Чым раней мы пачнём трэніраваць дробную маторыку дзіцяці, тым менш праблем з вучобай будзе ў яго ў будучыні. Як кажуць, розум дзіцяці знаходзіцца на кончыках яго пальцаў. Таму важна, каб побач з малышом як мага раней аказаліся цацкі, якія спрыяюць гэтаму, а таксама неабходныя кнігі, дапаможнікі, развіццёвыя гульні. А яны не заўсёды ёсць у дастатковай колькасці, не ўсё можна знайсці і ў магазінах. І тут педагогам і бацькам трэба актывізаваць сваю кемлівасць і фантазію — самім змайстраваць для дзяцей такія дапаможнікі і гульні. Як гэта зрабіла Настасся Яўгенаўна Маршалак, выхавальнік Крэўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці.

Дзевяць гадоў назад, пасля заканчэння Лідскага педагагічнага каледжа, Настасся прыехала працаваць у дзіцячы сад вёскі Крэва. Завочна паступіла на гістарычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, які ў 2011-м закончыла. Планавала спачатку змяніць кірунак работы, пайсці працаваць настаўніцай у школу, а пасля зразумела, што ёй цікавей з дашкольнікамі, яны больш адкрытыя і непасрэдныя. Зараз Настасся Яўгенаўна — выхавальнік у малодшай групе.
— Перад маладымі спецыялістамі, педагогамі сельскіх або малакамплектных дзіцячых садоў часта паўстае праблема: не хапае вучэбных дапаможнікаў, цацак і гульняў, — заўважае Настасся Яўгенаўна. — Але я знайшла выйсце — майструю многае сваімі рукамі. Па словах калег і бацькоў, атрымліваецца арыгінальна; у магазіне такое не заўсёды купіш, і абыходзяцца самаробныя рэчы больш танна. Ды і прыемна бывае паглядзець на вырабы і самой, і дзецям. У садзе малышы праводзяць шмат часу. І калі ў ім пануе цёплая, добразычлівая, яркая атмасфера, яны хочуць у яго ісці. Утульнасць жа можна ствараць з дапамогай простых і даступных усім дробязей. Зразумела, што ў першую чаргу займаюся дапаможнікамі і цацкамі, якія развіваюць дробную маторыку рук. Ідэі для творчасці нараджаюцца ў мяне стыхійна: часам штуршком для іх можа стаць нешта зусім звычайнае на першы погляд, а часам простае пытанне, зададзенае бацькамі ці выхаванцамі.
Дзецям дома часта задаюць пытанні: “Чым вы сёння займаліся ў садзе?”, “Што табе найбольш спадабалася?”. Каб малышам хацелася расказваць бацькам аб сваіх уражаннях, трэба часцей выстаўляць дзіцячыя работы на агульны агляд, звяртаць на іх увагу малышоў і абмяркоўваць з імі іх творчасць. Можна, напрыклад, зрабіць сваю рамачку для кожнага выхаванца, у якой будуць размяшчацца яго работы. Развесіць рамачкі можна ў раздзявалках або ў холе, арганізаваўшы такім чынам міні-выставы дзіцячай творчасці. Зрабіць такое абрамленне проста. Для гэтага неабходны шчыльны кардон, прыгожыя шпалеры, клей, нажніцы і газета.
Калі меркаваць, што работы дзяцей укладваюцца ў 1/2 ліста паперы фармату А4, што адпавядае 21,5×15 см, то выразаем аснову для рамкі памерам 19х26 см (прамавугольнік са шчыльнага кардону) і саму рамку (прамавугольнікі: унутраны памерам 20,5×14,5 см і знешні — 24,5×18,5 см). Затым скручваем з газеты 4 трубачкі патрэбнай таўшчыні (кожная прыблізна на палову газетнай старонкі) і наклейваем іх па перыметры рамкі. Абклейваем шпалерамі аснову і саму рамку газетнымі трубачкамі. Клей неабходна наносіць толькі па краях шпалер, каб рамка выглядала больш аб’ёмнай. Пасля рамку прыклейваем да асновы так, каб верхні яе бок заставаўся свабодным ад клею, бо ў ёй непасрэдна будзе размяшчацца работа дзіцяці, і кладзём яе пад прэс да поўнага высыхання. Дзіцячыя работы ў рамках пастаянна мяняюцца. Адпаведна мяняецца і настрой малышоў, якія ўважліва разглядаюць іх. А памяшканне групы заўсёды выглядае ярка і эфектна.
Каб бацькі больш дакладна даведваліся, што ж стварыла іх дзіця ў лепцы, маляванні, канструяванні, аплікацыі або дызайне, звяртаемся па дапамогу да “Хаткі-даведкі”. Робім яе са скрынкі, акуратна абклейваем і ўпрыгожваем на ўласны густ. На кожным баку хаткі размяшчаем акно-кішэньку — для ўдакладнення тэмы заняткаў. А пры арганізацыі якой-небудзь выставы або дэманстрацыі нагляднага матэрыялу, напрыклад, “Дароў восені”, зноў жа звяртаемся да ўласнага ўмельства — майструем універсальны кошык.
Каб цацкі, кніжкі і ўсе астатнія прадметы, што ёсць у групе, знаходзіліся ў парадку, можна складваць некаторыя з іх у кардонныя “арганайзеры” — так мы іх назвалі. Яны вельмі зручныя, напрыклад, для размяшчэння літаратуры па раздзелах праграмы, дзіцячых кніг, для захоўвання алоўкаў або лістоў для творчасці. Зрабіць такія арганайзеры можна з кардоннай каробкі неабходнага памеру, зрэзаўшы вугалкі і ўпрыгожыўшы яе на свой густ.
Як вядома, дзецям не заўсёды падабаецца прыбіраць за сабой цацкі. Можна ператварыць гэты працэс у гульню. Напрыклад, адправіць цацкі ў падарожжа ў кардонных цягніках, якія могуць быць вельмі маляўнічымі і рознага памеру, у іх вагончыкі дзеці ахвотна будуць складваць цацкі. Навядзенне парадку стане для іх вельмі займальным заняткам.
Настасся Яўгенаўна стараецца разнастаіць для малышоў і гульні з пяском. Іх можна праводзіць, напрыклад, выкарыстоўваючы пераносную ёмістасць з пластмасы, падзеленую на дзве часткі. У адну з іх насыпаць прасеяны чысты пясок, у другую — фасолю, жалуды, каштаны, буйныя гузікі і
г.д.
І нават у спальні выхаванцаў педагог імкнецца стварыць атмасферу спакою і расслаблення. У многім гэтаму садзейнічаюць падвесныя модулі ў выглядзе цацак светлага аднатоннага колеру. Напрыклад, аб’ёмныя аблокі на фоне яснага неба, ціхае калыханне якіх заспакоіць нават самага жвавага малыша.
Творчы педагог заўсёды здольны ператварыць звычайную рэч у карысную. Можна ўзяць, напрыклад, старыя бухгалтарскія лічыльнікі і зрабіць выдатную цацку-лабірынт, гульня з якой стане добрай гімнастыкай для дзіцячых вачэй, якія будуць уважліва сачыць за перамяшчэннем пацерак. Гэтая цацка развівае дробную маторыку (малышы перабіраюць, пракручваюць пацеркі пальчыкамі, трэніруюць адначасова сілу рук). З цацкай можна адпраўляцца ў падарожжа і, знайшоўшы, напрыклад, рознакаляровага вусеня, назіраць, як ён перапаўзае з адной пацеркі на другую, і вывучаць пры гэтым яго колеравую гаму. На пацеркі можна прымацоўваць пластылінавых герояў, прыдумваць розныя гісторыі пра іх, а таксама даваць дзецям веды пра жывёл, расліны, выявамі якіх вы ўпрыгожыце аснову лабірынта.
Фантазія здольна ператварыць і простую пластыкавую бутэльку ў незвычайную. Калі адрэзаць верх і ніз бутэлькі і ўпрыгожыць іх, то можна зрабіць прыстасаванне для назіранняў за раслінамі. Важна, каб перавернутае рыльца бутэлькі ўпіралася ў дно яе ніжняй часткі — тады будзе бачна, як пасаджаная расліна або зрэзаны букет “п’е” ваду. Калі выкарыстаць верхнюю частку як лейку, то можна даследаваць сыпучасць або шчыльнасць розных матэрыялаў.
Уяўляе цікавасць і самаробны сэнсарны кубік, асноўная функцыя якога зноў жа развіццё дробнай маторыкі рук. Першая яго грань — “Матылёк”, яна вучыць зашпільваць гузікі, маланку, развівае пачуццё сіметрыі; другая — “Падарожжа Мішкі-таптыжкі”, вучыць працягванню стужкі праз колцы; трэцяя — “Кветачка-вясёлка”, замацоўвае веданне колераў, практыкуе ў завязванні стужкі ў банцік; чацвёртая — “Цуда-фігуры”, развівае сілу рукі, замацоўвае назвы колераў і геаметрычных фігур, прылепленых на ліпучцы; пятая — “У садзе”, вучыць нанізваць яблычак на гузік, што прышыты на дрэве, збіраць “ураджай” у торбачку, завязваць яе; шостая — “На палянцы”, практыкуе ў закручванні (адкручванні) корка, на які неабходна “надзець”(“зняць”) элементы палянкі.
Як зрабіць такі кубік? Проста пашыць, спачатку ўнутраны кубік і набіць яго тоўстым паралонам, потым — верхні кубік з 6 гранямі і ілюстрацыямі для сэнсарнага ўспрымання. Уздоўж дзвюх граняў ушыць маланку (каб укласці ўнутраны куб), затым надзець атрыманыя грані на ніжні кубік.
Настасся Яўгенаўна прапаноўвае змайстраваць сваімі рукамі і шмат іншых дапаможнікаў. Сярод іх “Пірамідка”, якая развівае ўяленні аб колеры, фарміруе ў дзяцей паняцці “больш”, “менш”, “лягчэй”, “цяжэй”, “цішэй”, “гучней”. “Пірамідку” можна зрабіць з тканіны: пашыць з яе колцы рознай фактуры і напаўняльнасці (з зернем, сенам, гарохам, скамечанай паперай, цэлафанам, паралонам). Потым узяць, напрыклад, тоўсты фламастар з пластмасавай накрыўкай унізе, на які надзець колцы. Важна толькі не напаўняць колцы шчыльна рэчывамі і матэрыяламі, каб дзіця магло пальчыкамі перабіраць тое, што знаходзіцца ўнутры. Па прынцыпе пірамідкі можна зрабіць і дапаможнік “Падушкі”. Пашыць іх з рознай тканіны і злучыць паміж сабой ліпучкай, а ў якасці напаўняльніка ўзяць сена: яно і пах прыемны мае, і шамаціць, што вельмі падабаецца малышам. Верхняя частка папярэдняй падушкі павінна быць з тканіны таго ж колеру, што і ніжняя частка наступнай.
Сюрпрызным момантам падчас заняткаў у Настассі Яўгенаўны можа стаць “кветка настрою”, унутр якой змяшчаецца цацка-герой. У кветкі, як правіла, 6 пялёсткаў з адтулінамі для прасоўвання шнурка, які замацаваны заціскам. З мэтай развіцця каардынацыі рухаў і выхавання ўседлівасці ў дзяцей педагог прымяняе шнуроўкі “Букет для мамы” і “Жолуд”. Са шчыльнага кардону або фанеры выразае абрысы букета, кветкі і бант, абклейвае ўсё гэта з двух бакоў каляровым кардонам і скотчам, дзіркаколам робіць адтуліны. “Жолуд” выконваецца з салёнага цеста (толькі солі ў яго трэба пакласці ў 1,5 разу больш, чым звычайна). У адтуліны сырога цеста трэба ўставіць “пятлю-трымальнік для чарвячка”. Трэба падсушыць атрыманую масу ў духоўцы. “Чарвячок” — каляровы аловак, да якога прымацавана стужачка. Ён “поўзае” ўнутры жолуда і цягне за сабой шнурок. Малышоў вельмі цікавіць, з якой дзірачкі ў наступны раз выгляне чарвячок. Такім чынам ствараецца матывацыя для назіранняў і фарміравання ўжо названых навыкаў. Ёсць у Настассі Яўгенаўны і падобныя да “жолуда” драўляныя цацкі — яблык і груша з дзірачкамі (“чарвячок” у такім выпадку драўляны, прымацаваны на нітачцы). Ён пранікае ў адтуліны і вандруе па садавіне.
Як бачна, з зусім простых рэчаў пры жаданні выхавальніку па сілах стварыць шмат разнастайных прыстасаванняў, якія дапамагаюць развіваць дзяцей і рабіць пакоі груп утульнымі. Дапамагае Настассі Яўгенаўне ў рэалізацыі яе творчых ідэй муж. Ён таксама майструе для малышоў розныя прыстасаванні — спартыўнае абсталяванне з дрэва, напрыклад, лесвічкі для хадзьбы, балансіры, колцы для стужачак, якія дзецям вельмі падабаецца трымаць і вярцець у ручках.
Развіваць малодшых дашкольнікаў належным чынам па сілах кожнаму выхавальніку, лічыць мая суразмоўца. Трэба толькі моцна захацець гэтага. Але пачынаць працаваць з дзецьмі трэба з самага ранняга ўзросту. Сёлета маладая жанчына плануе паступіць у магістратуру і заняцца тэмай “Развіццёвыя заняткі з дзецьмі ад 3 месяцаў да 3 гадоў”.

Надзея ЦЕРАХАВА.