Творчасць, радасць, адкрыцці

Галоўнай падзеяй абласнога этапу V Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” на Віцебшчыне стаў заключны гала-канцэрт, у праграму якога ўвайшлі лепшыя творчыя нумары 37 дзіцячых калектываў і выканаўцаў устаноў адукацыі рэгіёна.

Узорны танцавальны калектыў “Школьны квартал” базавай школы №5 Полацка (кіраўнік Алена Крупіца).

Першымі прадэманстравалі свае дасягненні ў аглядзе-конкурсе пераможцы ў намінацыі “Інструментальная музыка”. У круглай зале КЗ “Віцебск” філіяла Цэнтра культурыпрадставілі сваю конкурсную праграму 7 дзіцячых аркестраў і ансамбляў.

Разнастайнасцю мастацкіх работ адрознівалася экспазіцыя абласной выставы “Як ты сэрцу майму міла, дарагая Беларусь!”, дзе дэманстраваліся 130 работ у намінацыі “Выяўленчае мастацтва” і 400 — у намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць”. Падчас канцэртнай праграмы ў Віцебскім абласным палацы дзяцей і моладзі гледачы змаглі ўбачыць харэаграфічныя нумары ў выкананні выдатных танцавальных калектываў і калекцыі адзення тэатраў мод, пачуць самыя яркія выступленні вакалістаў, чытальнікаў, інструментальных і фальклорных калектываў.

“Ліса-калядоўшчыца” Віялеты Каласковай з базавай школы №2 Лёзна (кіраўнік Таццяна Чэпікава).

— Сёлета конкурс праходзіў пад дэвізам “Я бачу свет ад вытокаў да будучыні”. Паколькі канцэртная праграма ў нас была прысвечана Году малой радзімы, у адпаведнасці з гэтым мы выбудоўвалі канцэртную праграму, — расказаў рэжысёр аддзела арганізацыйна-масавай работы абласнога Палаца дзяцей і моладзі Аляксей Ляпін. — Вельмі добра выступілі палачане — прадстаўнікі сярэдняй школы №18 імя Ефрасінні Полацкай. Харэаграфічны калектыў гэтай установы адукацыі “Вялікі перапынак” (кіраўнік Ірына Казлоўская) прадставіў на гала-канцэрце тры нумары, прычым у розных жанрах. Таксама хочацца адзна­чыць выступленні студыі харэаграфіі “Крынічка” сярэдняй школы № 15 Віцебска (кіраўнік Святлана Нікалаенка). Не першы раз удзельнічае ў гала-канцэрце ансамбль беларускай песні “Званы” Бешанковіцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі (кіраўнік Наталля Бондар) — сёлета яны аказаліся на вышыні, іх акапэльны нумар атрымаўся шыкоўным. Дастойна былі прадстаўлены і тэатры мод. Выдатна выступіла з песняй на стараславянскай мове Ганна Стаян, салістка ўзорнай музычнай студыі “Альтанка” Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (кіраўнікі Мікалай Радыёнаў і Алена Сінякова). Парадавала таксама шоу-група So-Ni-Ka. З чытальнікаў найбольш ярка выступілі Віялета Каласкова (базавая школа № 2 Лёзна, кіраўнік Святлана Чэпікава) і Софія Воранава (сярэдняя школа № 8 Віцебска, кіраўнік Ларыса Данчанка). Упрыгожылі канцэрт выступленні навучэнцаў гімназіі № 7 Віцебска — узорнага калектыву класічнай мініяцюры “Эстрадная мазаіка” (кіраўнік Жанна Старавойтава) і Арцёма Аўдзеева; узорнага харэаграфічнага калектыву “Сюрпрыз” Докшыцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі (кіраўнік Алена Насеннік) — прадстаўнікі Докшыц, дарэчы, раней рабілі акцэнт на сучаснай харэаграфіі, а зараз далучылі эстраду, і атрымалася ўдала. Чашніцкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі падрыхтаваў два цікавыя нумары — харэаграфічны і вакальны. Вельмі перспектыўным аказаўся выканаўца з Пастаў: Арсеній Ліўшын праспяваў італьянскую песню. (Лічу, наша асноўная задача — шукаць таленты ў глыбінцы.) І, нарэшце, крыху пра калектыў, без якога я конкурс “Прывітанне, свет!” не ўяўляю, таму што некалі сам 7 гадоў аддаў спартыўным бальным танцам: для мяне кожны выхад на сцэну ўзорнай студыі спартыўнага бальнага танца “Аэліта” (кіраўнікі Раман Легкаступаў і Кацярына Бурдзінская) проста эстэтычная асалода. Прыемна, што ў цэлым узровень выступленняў ва ўсіх жанрах становіцца вышэйшым і мацнейшым.

Самая хвалюючая і доўгачаканая хвіліна для кожнага ўдзельніка — абвяшчэнне вынікаў і цырымонія ўзнагароджання. Удзельнікаў гала-канцэрта, а гэта каля 500 юных артыстаў з розных куткоў вобласці, з перамогай і творчымі дасягненнямі ў аглядзе-конкурсе павіншавала першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Алена Леанідаўна Багдановіч. Яна ўручыла дыпломы і кубкі пераможцам конкурсу.

Таццяна БОНДАРАВА.