“Розныя = роўныя”. Фотавыставу і прэзентацыю сацыяльных ролікаў пад такой назвай арганізавалі ў Гродзенскім абласным цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.
Выстава фотаздымкаў дзяцей з інваліднасцю з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці дэманстравалася ў культурным цэнтры “Фестывальны”, а сацыяльныя ролікі можна паглядзець на сайце абласнога ЦКРНіР. І калі відэафільмы пра таленавітых дзяцей традыцыйна здымаюцца да дня інвалідаў, то фотавыстава такога фармату ладзілася ўпершыню.
На здымках хлопчыкі і дзяўчынкі, якія дабіліся значных поспехаў у спорце, мастацтве, музыцы, дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Кожны з іх атрымаў не адну ўзнагароду на прэстыжных рэспубліканскіх, абласных і раённых спаборніцтвах і на самых розных конкурсах. Усе дзеці вельмі таленавітыя, адораныя. Застаецца толькі падзякаваць бацькам і педагогам за тое, што падтрымліваюць іх захапленні, дапамагаюць развівацца і верыць у свае сілы.
— Ідэя фотавыставы і прэзентацыі сацыяльных ролікаў заключаецца ў тым, каб расказаць пра захапленні і дасягненні дзяцей з інваліднасцю, — адзначыла намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога ЦКРНіР Юлія Багатырэвіч. — Асаблівыя дзеткі такія ж, як і ўсе, толькі ў іх іншыя магчымасці. Вельмі важна заўважыць, што дзіця можа рабіць, дапамагчы рэалізаваць яго мары, падтрымаць. Гэтыя дзеці даюць і нам, дарослым, шанс праявіць свае лепшыя якасці — дабрыню, любоў, спагаду.

Юная піяністка з Гродна Настасся Гуранкова лічыць музыку сваім сябрам, памочнікам, радасцю. У свае 14 гадоў дзяўчынка мае шмат узнагарод прэстыжных конкурсаў. Толькі за апошнія гады яна стала ўладальніцай стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, заваявала гран-пры рэспубліканскага конкурсу юных музыкантаў “Музыка дзіцячай душы”, атрымала дыплом I ступені III Адкрытага абласнога дзіцячага фартэпіяннага конкурсу, дыплом I ступені VII Рэспубліканскага конкурсу юных піяністаў імя Л.І.Марголінай, дыплом V Міжнароднага конкурсу піяністаў імя Ф. Шапэна, узнагароду “Залаты віртуоз” на міжнародным форуме піяністаў “Маладыя віртуозы”, дыплом XX Міжнароднага конкурсу імя Ю.Зарэмбскага, дыплом III ступені міжнароднага конкурсу юных музыкантаў “Палескі агеньчык”.
Як расказала мама Настассі Алена Іосіфаўна, дзяўчынка захапілася музыкай яшчэ ў дзіцячым садку, проста падышла да піяніна ў актавай зале і пачала іграць тое, што чула, нават не ведаючы нотнай граматы. У Настассі абсалютны слых, яна не толькі цудоўна іграе, але і піша музыку. З педагогам дзяўчынка пачала займацца з 7 гадоў, вучылася ў дзіцячай музычнай школе, у цяперашні час займаецца з педагогамі Гродзенскага каледжа мастацтваў.
Ганна Скарабагатая, вучаніца сярэдняй школы № 4 Навагрудка, захапілася лыжамі з 2 класа. У Навагрудак дзяўчынка прыехала з Лагойска, каб займацца ў спартыўнай школе сваёй любімай справай — лыжнымі гонкамі і біятлонам. Ганна прызналася, што хоча звязаць сваё жыццё са спортам. У дзяўчынкі значны багаж спартыўных перамог. У красавіку 2021 года Ганна Скарабагатая стала майстрам спорту Рэспублікі Беларусь па лыжных гонках сярод інвалідаў. Яна прызёр адкрытага чэмпіянату Беларусі па лыжных гонках і біятлоне сярод інвалідаў, прызёр абласных спаборніцтваў.
На фотавыставе будзе і здымак Аліны Балтрукевіч з Мастоў. Дзяўчынка займаецца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю разам з педагогам дадатковай адукацыі Мастоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ларысай Глазкінай. Педагог расказала, што Аліна з задавальненнем бярэцца за любую справу, валодае рознымі тэхнікамі, працуе і з цестам, і са скурай, апошнім часам захапілася валеннем шэрсці, пляценнем з газет. Аліна любіць рабіць падарункі блізкім, прымае ўдзел у розных конкурсах. Дзяўчынка ўжо адправіла сваю работу — сімвал года — на рэспубліканскі конкурс “Калядная зорка”. Дарэчы, у апошнія гады яна двойчы атрымлівала дыплом I ступені гэтага конкурсу, а таксама дыплом II ступені на рэспубліканскім аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”.
— У асаблівых дзяцей усё па-асабліваму, і тое, што астатнім даецца лёгка, ім — вялікім намаганнем і працай, — адзначыла педагог-псіхолаг Гродзенскага абласнога ЦКРНіР Алена Муштак. — Затое кожная перамога становіцца сапраўды каштоўнай, магчыма, нават не столькі для саміх дзяцей, колькі для іх бацькоў, родных і настаўнікаў, а таксама для тых, хто яшчэ толькі рыхтуецца здзейсніць нейкі ўчынак, пераадолець перашкоды і заняцца любімай справай. Менавіта таму пра дасягненні асаблівых дзяцей павінны ведаць аднакласнікі, суседзі, жыхары іх горада ці вёскі. Прызнанне іх таленту і дасягненняў надасць хлопчыкам і дзяўчынкам больш веры ў свае сілы, упэўненасці і жадання рухацца далей.
Ірыны АНІКЕВІЧ.