Творчасць як лад жыцця

У дзяцінстве Вольга Генадзьеўна Данілюк марыла аб розных прафесіях, але нават не ўяўляла, што выбера ўрэшце тую, якая сярод сучаснай моладзі карыстаецца не вельмі вялікай папулярнасцю.

Пасля заканчэння сярэдняй школы ў Жабінцы Вольга Генадзьеўна паступіла на псіхолага-педагагічны факультэт БрДУ імя А.С.Пушкіна, дзе атрымала спецыяльнасць настаўніка выяўленчага мастацтва, чарчэння і народных мастацкіх рамёстваў, педагога-мастака.

Творчыя здольнасці будучай мастачкі былі заўважаны яшчэ ў 1-м класе на ўроках выяўленчага мастацтва. Работы вучаніцы часта ўдзельнічалі ў школьных і раённых выставах, адзначаліся рознымі ўзнагародамі.

— Любоў да творчасці ў мяне ад бацькоў, — прызнаецца Вольга Генадзьеўна. — Тата заўсёды штосьці майстраваў, займаўся чаканкай, разьбой па дрэве, маляваў. Гэтаму ён навучыўся ў свайго таты. Мая бабуля па мацярынскай лініі таксама была цудоўнай майстрыхай: выдатна шыла, ткала, вышывала. Назіраючы за гэтым з дзяцінства, я сама цягнулася да творчасці. У выніку творчасць стала маім ладам жыцця.

Урокі першай настаўніцы К.М.Сіда дапамаглі сціплай дзяўчынцы па-іншаму паглядзець на прыгажосць навакольнага свету. Да сённяшняга часу Вольга Генадзьеўна ўспамінае неверагодныя ўрокі-падарожжы ў свет казак, тэатральныя пастаноўкі, дэкламаванне вершаў, спевы, паходы і сумесныя святы. Пачатковая школа падарыла шмат эмоцый, дзякуючы якім немагчыма было застацца раўнадушным да свету, людзей, вучобы.

Вялікую ролю ў прафесійным выбары і станаўленні дзяўчыны адыгралі настаўніца выяўленчага мастацтва І.А.Белавенцава з сярэдняй школы № 1 Жабінкі, педагог В.Д.Арлова з адной з брэсцкіх студый выяўленчага мастацтва і выкладчыца Л.П.Татарчук з БрДУ імя А.С.Пушкіна. Кожная з іх дзялілася сакрэтамі жывапісу, адкрываючы Вользе Генадзьеўне дарогу да самастойных творчых пошукаў.  

Пайсці шляхам мастака, а не настаўніка В.Г.Данілюк вырашыла, калі была пяцікурсніцай, пасля першай творчай выставы, дзе паказала серыю бацікаў. Гэта натхніла яе на далейшую работу. 

В.Г.Данілюк знаходзіцца ў нястомным творчым пошуку, удасканальваючы сваё майстэрства ў розных тэхніках. Ад баціку перайшла да акварэльнага жывапісу, ад шыцця лялек — да пашыву аўтарскага адзен­ня з эка-прынтамі, ад сувеніраў — да жаночых упрыгажэнняў. 

На карцінах мастачкі адлюстраваны дарагія і мілыя сэрцу мясціны роднага горада і Брэста, чароўныя пейзажы. Кожная з работ непаўторная і арыгінальная.

За 15 гадоў творчай дзейнасці Вольга Генадзьеўна зладзіла 12 персанальных выстаў, у тым ліку 2 у Польшчы, удзельнічала ў 10 міжнародных пленэрах, шматлікіх праектах. Работы В.Г.Данілюк адзначаны дыпломамі І ступені на ІV Міжнароднай выставе сучаснага мастацтва ў Мінску за калекцыю аўтарскага адзення з эка-прынтам у намінацыі “Тэкстыль у касцюме” і за бацік у намінацыі “Роспіс плоскасных аб’ектаў”. Летась акварэль “Там, дзе засталося дзяцінства”, стала фіналістам конкурсу “1000 ідэй для Брэста”, арганізаваным Фондам развіцця Брэсцкай крэпасці. Работы мастачкі знаходзяцца ў розных кутках зямнога шара.

Вольга Генадзьеўна — надзвычай мэтанакіраваная, настойлівая, сумленная і чулая. Яна чэрпае натхненне ў прыродзе, падарожжах і зносінах. Плануе арганізаваць персанальныя выставы ў розных краінах.

— Мастак — гэта і педагог, і дызайнер, і мадэльер, і ілюстратар, і лялечнік, і проста творчы чалавек, — гаворыць В.Г.Данілюк, метадыст Жабінкаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.

Кацярына СІДА,
дацэнт кафедры сацыяльнай работы сацыяльна-педагагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна, кандыдат псіхалагічных навук.