Творчая хімія

Творчыя здольнасці — паняцце даволі шырокае. Творчы чалавек можа быць абсалютна розным: рызыкоўным, з гнуткім, хуткім мысленнем, мабільным, здольным выказваць арыгінальныя ідэі, вынаходзіць нешта новае. Такія людзі маюць багатае ўяўленне, успрымаюць неадназначныя рэчы, валодаюць высокімі эстэтычнымі каштоўнасцямі і добрай інтуіцыяй. Узнікае пытанне: творчымі нараджаюцца ці становяцца? “Творчыя задаткі ёсць у кожнага, — лічыць мая сённяшняя гераіня. — Галоўнае, стварыць спрыяльныя ўмовы для іх развіцця”.

Хімічны рэп

Літаральна за некалькі хвілін да нашай размовы з настаўніцай завяршыўся ўрок, таму гаворка пачалася на эмацыянальным уздыме, які яна прынесла з урока. “Тэма сённяшняга ўрока “Будова бялкоў” крыху сухаватая, таму каб разнастаіць урок, я, калі давала заданні, жадаючым прапанавала ў канцы прачытаць рэп. І вось, што я пачула:

Бялкі, палімеры.
І яны ўсюды.
У скуры, тканіне,
Валасах, любімых стравах.
Макрамалекулы складаюцца
з вялікіх ніцяў,
Звязаных астаткамі амінакіслот,
Формула іх тут!
З астаткаў амінакіслот СОNH
Некалькі стагоддзяў вылучалі бялок,
А сінтэзаваць змаглі зусім нядаўна.
У склад бялкоў уваходзіць
Вадарод, азот,
Кісларод, вуглярод,
І нават сера!
От!

Вось вам творчыя здольнасці, пра якія мы гаворым. Калі даю заданне, то не ведаю, які будзе на яго водгук. У мяне ёсць дадатковыя заданні для ўсяго класа, напрыклад, напісаць хімічныя ланцужкі, рашыць задачу, але ў класе заўсёды знойдзецца той, хто выканае менавіта творчае заданне. Вось і ў гэтым знайшоўся. Каб сачыніць такое, трэба прааналізаваць вучэбны матэрыял. І калі вучань за ўрок змог унікнуць, прааналізаваць і прачытаць рэп, то гэта проста найвышэйшы пілатаж”, — падзялілася педагог.

Настаўніца хіміі гімназіі-інтэрната Мя­дзела Мінскай вобласці Наталля Анатоль­еўна Клімовіч творчыя здольнасці сваіх вучняў развівае пастаянна і робіць гэта з дапамогай практыка-арыентаваных задач. “Творчыя — гэта індывідуальныя псіхалагічныя асаблівасці дзіцяці, якія не залежаць ад разумовых здольнасцей і праяўляюцца ў дзіцячай фантазіі, уяўленні, асаблівым бачанні свету, сваім пункце гледжання на навакольную рэчаіснасць.

Параметрамі для вызначэння творчых здольнасцей могуць быць бегласць думкі (колькасць ідэй), гнуткасць думкі (здольнасць пераключацца з адной ідэі на іншую), арыгінальнасць (здольнасць генерыраваць ідэі), дапытлівасць, фантастычнасць. Творчыя здольнасці можна і трэба стымуляваць. Для гэтага на ўроках, факультатывах неабходна паклапаціцца пра стварэнне спрыяльнай атмасферы, быць добразычлівым, не крытыкаваць вучня. Каб развіваць дапытлівасць дзіцяці, можна ўзбагачаць яго асяроддзе новымі (незвычайнымі) для яго прадметамі і рэчамі. Заўсёды падтрымліваць пры выказванні арыгінальных ідэй, даваць магчымасць папрактыкавацца і актыўна зада­ваць пытанні”, — адзначыла Наталля Ана­тольеўна.

Я пашырыла б гэты спіс асабістым прыкладам настаўніка, яго творчымі здольнасцямі. Толькі творчы настаўнік здольны заў­важыць талент вучня. Наталля Анатольеўна — асоба творчая. Яна піша вершы. Калегі, ведаючы яе здольнасці, заўсёды чака­юць вершаванае віншаванне на свята. Акрамя таго, яна добры аратар, якога на прафесійных мерапрыемствах слухаюць з задавальненнем. 

А фантастычны свет хіміі для яе ў свой час адкрыла школьная настаўніца Тэрэза Эдуардаўна Лапаціна. Ужо сваіх вучняў Наталля Анатольеўна захапляе хіміяй з 1993 года. “Мне вельмі падабаецца мая прафесія, люблю працаваць з дзецьмі. А цяпер, калі яшчэ стала і настаўнікам-метадыстам, пачынаю адкры­ваць для сябе новы, але не менш цікавы напрамак — прафесійнае ўзаемадзеянне з калегамі, — працягвала суразмоўніца. — Работа з калегамі таксама заварожвае. Право­дзіла майстар-клас на базе Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі “Развіццё эксперыментальнай дзейнасці вучняў на ўроках і факультатывах”. Падчас майстар-класа настаўнікі звычайна самі выконваюць заданні. Было не толькі хвалююча, але і цікава падабраць для іх адпаведныя заданні (усё ж не дзеці). У выніку мне вельмі спадабалася”.

Практычна кожны год у гімназіі-інтэрнаце арганізоўваецца хіміка-біялагічны профіль. У вучняў Наталлі Анатольеўны папулярны хімічны факультэт БДУ, тэхналагічны ўніверсітэт і, зразумела, медыцынскія ўстановы вышэйшай адукацыі. У мінулым навучальным годзе 6 выпускнікоў гімназіі здавалі хімію, і ўсе сталі студэнтамі профільных універсітэтаў.

Гімназісты лічаць яе патрабавальнай і педантычнай у адносінах да адзнак. Калі ўжо “дзясятка”, то з пячаткай якасці. Напэўна, таму вучні Наталлі Анатольеўны атрымліваюць даволі высокія балы на ЦТ. На базе гімназіі працуе і міжшкольны факультатыў па хіміі, які запатрабаваны і папулярны ў школьнікаў раёна. Факультатыў праходзіць па суботах на працягу чатырох урокаў, але дзеці працуюць з ахвотай ад званка да званка. І чым старэйшыя вучні, тым больш папулярны ў іх факультатыў.

Каб зацікавіць хіміяй, Наталля Анатоль­еўна дэманструе хімічныя фокусы. Літаральна нядаўна ў гімназіі-інтэрнаце праходзіў дзень адкрытых дзвярэй для будучых пяцікласнікаў, дзе настаўніца разам з будучымі гімназістамі з вады рабіла малако, з малака — газіраваную ваду. Затым з вады — кампот, з якога — зноў газіраваную ваду. А пасля яны рабілі “чужога”: бралі раствор марганцоўкі, куды дабаўлялі паверхнева-актыўнае рэчыва (напрыклад, мыйны сродак Fairy), затым — перакіс вадароду. У выніку са шклянкі пачынае выхо­дзіць пена ружовага колеру. Да таго ж яна цёплая, бо ­адбываецца экзатэрмічная рэакцыя, і вібрыруе. Таму яе дзеці і назвалі “чужы”. Атрымліваецца відовішчна!

У мядзельскіх гімназістаў высокі ўзровень пазнавальнай цікавасці, таму проста расказаць вучэбны матэрыял немагчыма.
У адказ адразу пачуеш тысячы “чаму?”. Калі пачынаеш адказваць, яны просяць практычнай рэалізацыі. Паколькі Наталля Анатоль­еўна хімію любіць рукамі, то з ахвотай пага­джаецца.

Творчыя задачы — аўтарскія

Творчыя здольнасці на занятках па хіміі выдатна развіваюцца з дапамогай рашэння практыка-арыентаваных задач. “Практычная накіраванасць навучання павышае матывацыю да вывучэння прадмета, фарміруе ў вучняў культуру рацыянальнай дзейнасці ў свеце рэчываў, якія знаходзяцца вакол чалавека ў штодзённым жыцці, прыродзе, прамысловасці, спрыяе разуменню сутнасці хімічных ператварэнняў, садзейнічае выхаванню перакананасці ў неабходнасці весці здаровы лад жыцця, выхаванню хімічнай культуры, што з’яўляецца вызначальным фактарам жыццяздольнасці грамадства і захавання прыроды”, — пералічыла перавагі практыка-арыентаваных заданняў Наталля Анатольеўна.

Тут жа хачу адзначыць, што свае задачы настаўніца прыдумвае сама. “Калі я не стомлена, то хімічная задача хутка складаецца. Кожная задача пішацца для асобнага класа. Калі мы гаворым пра дыферэнцыяцыю навучання, то маем на ўвазе індывідуальны падыход, і вопыт падказвае, вучням якога класа падыдзе тая ці іншая задача. Некаторыя з прыдуманых задач становяцца ўніверсальнымі. Але творчыя задачы на кожным уроку не прапануеш, а вось практыка-арыентаваныя — так, што і раблю. Ёсць працоўныя ўрокі, дзе трэба набірацца тэорыі, ствараючы базу для магчымасці рашыць творчую задачу”, —  працягвала мая суразмоўніца.

У скарбонцы Наталлі Анатольеўны прак­тыка-арыентаваныя заданні дзеляцца на:

Тэарэтычныя

Тэма: “Прырода і тыпы хімічнай сувязі”, 11 клас

Бура ўтвараецца ў бураносных саляных азёрах. Бура — гэта сродак з антысептычным і бактэрыястатычным дзеяннем. Яна добра змагаецца з іржой. Бура — вораг блох, яна адпуджвае мышэй. Бура — універсальны сродак для мыцця, яна выкарыстоўваецца супраць цвілі. Бура — вытворнае борнай кіслаты, крышталі з тэмпературай плаў-­
лення — 743° С. Якая будова і які тып крышталічнай рашоткі характэрны для гэтага рэчыва? На падставе якіх фізічных уласцівасцей вы зрабілі такую выснову?

Займальныя пытанні

  • Чаму водны раствор аміяку называюць нашатырным спіртам, азотную кіслату — салетравым спіртам, саляную кіслату — саляным спіртам?
  • Астап Бэндэр: “Нават са звычайнай табурэткі можна гнаць самагон”. Дакажыце справядлівасць гэтага сцвярджэння, запісаўшы ўраўненні хімічных працэсаў.
  • Што саладзейшае: глюкоза або цукроза? Чаму?
  • Алкаголь — слова, якое мае арабскае паходжанне. Якое значэнне мае гэтае слова?
  • За якую загану на Русі ўзнагароджвалі медалём? У які час існавала гэтая практыка? З якога металу быў зроблены гэты медаль?
  • In vino veritas, in aqua sanitas. Перавя­дзіце гэты лацінскі выраз. Як вы разумееце сэнс гэтага выказвання?

Разліковыя задачы

Глюкоза С6Н12О6 — гэта лёгказасваяльны вуглявод, які з’яўляецца незаменнай крыніцай энергіі для арганізма. Пры ўжыванні 1,08 г глюкозы наш арганізм можа атры­маць энергію, роўную 16,8 кДж. Напішыце тэрмахімічнае ўраўненне поўнага акіслення глюкозы да вуглякіслага газу і вады (н.у.).

Адказ: С6Н16(цв.) + 6О2(г) = 6 СО2(г) + 6Н2О (в.) + 2800 кДж.

Тэма: “Рашэнне задач вывучаных тыпаў”, 11 клас

Рашыце задачу ў рэжыме цэйтнот: на рашэнне задачы адводзіцца 2 хвіліны. Перад ­вачыма вучня выстаўляецца пясочны гадзіннік.

Медзь шырока ўжываецца ў электратэхніцы для вырабу правадоў, трансфарматараў. У выніку поўнага аднаўлення аксіду медзі (II) вугляродам была атрымана сумесь чаднага і вуглякіслага газаў колькасцю 1,7 моль і масай 63,6 г. Разлічыце масу (г) утворанай пры гэтым медзі.

Разлікова-эксперыментальныя

Вы інжынер-тэхнолаг на заводзе медыцынскіх прэпаратаў. Разлічыце масу патакі, неабходную для вырабу 100 дражэ аскарбінавай кіслаты (маса аднаго дражэ 0,05 г). Масавая доля патакі 2%. Узважце дадзеную порцыю патакі.

Эксперыментальна-тэарэтычныя

На занятках разглядаецца будова малекул спіртоў, атрутнае ўздзеянне метылавага і этылавага спірту на арганізм чалавека, атрутны этыленгліколь і бяскрыўдная гліцэрына. Памятайце (!): каштаваць рэчывы на смак катэгарычна забараняецца! У выпадку трапляння шчолачы на адкрытыя ўчасткі скуры прамываем гэтае месца вялікай колькасцю вады і апрацоўваем растворам борнай кіслаты.

Заданне:

1. На ўпакоўцы жавальнай гумкі даецца інфармацыя, што ў склад гумкі ўваходзіць сарбіт. Сарбіт — шасціатамны спірт. Дакажыце наяўнасць сарбіту ў доследным узоры.

2. Пракаменціруйце атрыманыя вынікі, зрабіце высновы.

Або заданне для іншай групы:

1. Перад вамі бялок курынага яйка.
У дзвюх прабірках знаходзяцца вадкасці: ва­да і этанол. Дадайце невялікую порцыю бялку ў абедзве вадкасці. Што вы назіраеце?

2. Пракаменціруйце атрыманыя вынікі, зрабіце высновы.

Творчыя

Вы настаўнік хіміі нашай гімназіі. Вам трэба за тры хвіліны растлумачыць суседу па парце матэрыял: “Растворы, здольныя падтрымліваць пэўнае значэнне кіслотнасці пры развядзенні, а таксама пры дабаўленні некаторых колькасцей моцнай кіслаты ці шчолачы, называюць буфернымі. Буферныя сістэмы ўтвараюцца пры змешванні раствораў слабага электраліту (кіслаты або асновы) і солі гэтага слабага электраліту”.

Да ўрока дзецям раздаецца інфармацыя па аскарбінавай кіслаце. Навучэнцы папярэджваюцца пра тое, што кожны з іх на занятках атрымае пэўную ролю: маркетолаг-правізар, пакупнік, пазітыўна настро­ены ўдзельнік размовы, негатыўна настроены ўдзельнік размовы, пабочны слухач.
У выпадковым парадку навучэнцы выбіра­юць з рук настаўніка лісток, дзе пазначана яго роля.

Разыгрываецца мініяцюра “Купля-продаж”. Вы маркетолаг-правізар. Будзьце гатовы прадаць тавар “Аскарбінавая кіслата” і правесці асветніцкую работу пра склад гэтага лекавага сродку.

“Выкарыстанне практыка-арыентаванага навучання дазваляе стварыць умовы для развіцця пазнавальнай цікавасці, інтэлектуальных і творчых здольнасцей, экалагічнай культуры, матывацыі вывучэння хіміі як аднаго з фундаментальных кампанентаў прыродазнаўства; сфарміраваць уменні прымяняць атрыманыя веды для дасягнення мэт адукацыі і самаадукацыі, вопыту бяспечнага выкарыстання рэчываў і матэрыялаў у што­дзённай дзейнасці, культуры здаровага ладу жыцця, падрыхтоўкі навучэнцаў да паўнацэннага жыцця ў грамадстве; падрыхтаваць вучняў да вырашэння задач, якія ­ўзнікаюць у практычнай дзейнасці чалавека, сфарміраваць гатоўнасць да прымянення ведаў і ўменняў у працэсе жыццядзейнасці; інтэграваць веды, падахвочваць навучэнцаў выкарыстоўваць дадатковую літаратуру (і не толькі па хіміі), што павышае цікавасць да вучобы ў цэлым, станоўча ўплывае на трываласць ведаў і якасць навучанасці”, — падсумавала нашу гаворку Наталля Анатольеўна.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.