Творчая маўленчая размінка як спосаб матывацыі вучняў

- 8:38Метадычная скарбонка

Перад сучасным настаўнікам замежнай мовы на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі ўзнікае шмат задач. Як ва ўмовах 45 мінут рэалiзаваць задачу па развіцці асобы, яе здольнасцей і творчага патэнцыялу, неабходных для актыўнай дзейнасці, сацыяльнага самавызначэння? Як матываваць дзіця да вывучэння складаных лексiчных адзiнак, зваротаў i спецыфiчных граматычных канструкцый французскай мовы, не адыходзячы ад патрабаванняў вучэбнай праграмы?

Як настаўніца французскай мовы я на ўласным вопыце пераканалася: каб прыцягнуць увагу навучэнцаў без прымусу, неабходна планаваць творчыя заданнi ў пачатку i ў канцы заняткаў. Падчас урокаў трэба ўлічваць узроставыя асаблівасці развіцця малодшых школьнікаў, у сувязі з чым выкарыстоўваю малюнкi, наглядны матэрыял, вершы, прыказкi, прымаўкi, а таксама дынамічныя гульнi. Вiдавочна, заняткі набываюць камбiнаваную форму: грунтуюцца на такiх прыёмах, як поўнае фiзiчнае рэагаванне, лексiчны падыход i iнш.

У якасці прыкладу прывяду ўрок французскай мовы ў 4 класе па тэме “Час”. Згодна з вучэбнай праграмай, у блоку “Распарадак дня” на вывучэнне тэмы прапануецца 11 заняткаў. У падручнiк уключана шмат асноўных i дадатковых тэкстаў, пераважна ў форме дыялогаў, па схеме якiх прапануецца пабудаваць свой. У якасці дадатку прадстаўлена некалькi вершаў у канцы раздзела. Граматычны аспект таксама прысутнiчае: аўтар падручнiка дае для засваення такiя канструкцыi, як “quelle heure est-il? à quelle heure?” і мадэлi адказаў “il est…, à…”. Акрамя таго, без асобных правiл у некаторых практыкаваннях прапануецца паўтарэнне спражэння простых i займеннікавых дзеясловаў. Аднак, каб развiваць творчы патэнцыял навучэнцаў, гэтых практыкаванняў недастаткова, менавiта таму ўзнікла неабходнасць у iншай падачы матэрыялу. Лічу цiкавым прымянiць у дадзенай сiтуацыi творчыя здольнасцi настаўнiка. Вашай увазе — аўтарскi верш з малюнкамi па тэме.

L’emploi du temps de la chouette

À une heure très souvent

La chouette fait d’ l’entraînement.

À deux heures exactement

Elle s’enva au magasin.

À trios heures d’après-midi

Elle prépare des plats garnis.

À quatre heures chaque journée

Elle balaie sa maisonnette.

À cinq heures la chouette

Lit des livres d’couleur verte

À six heures elle boit du thé

À sept heures — les invités.

Juste à huit heures du soir

Elle fait bien son devoir.

À neuf heures elle se promène.

À dix heures elle coud la laine.

À onze heures elle prend la douche.

À minuit juste elle se couche.

Прыкладны пераклад

У гадзіну для парадку

Выходзяць совы на зарадку.

А другой гадзiне дня

Ў магазiн iдзе сава.

Ну, а трэцяй па паўднi

Стравы розныя гатуе.

А чацвёртай — клопаты.

Падмятаць дом не лянота!

А пятай гадзіне  ў зялёнай кнiзе

Пашукае па iнтрызе.

Цi не папiць а шостай гарбаты?

А сёмай — гасцей дадому

пазваць,

А восьмай — заданне выканаць.

А дзявятай можна прагуляцца.

А дзясятай — прасцi далучацца.

А адзінаццатай гадзiне

Добра ў душ саве пайсцi б.

У дванаццаць можна спаць.

Дзень выдатны выпраўляць!

Такім чынам, верш выкарыстоўваецца ў якасцi маўленчай зарадкi ва ўмовах часткова засвоенага матэрыялу падручнiка па тэмах “Час”, “Лiчбы”, змяшчае неабходныя граматычныя канструкцыi, адпавядае тэме раздзела.

Як выкарыстоўваць?

1. На дошцы настаўнiк пiша тэкст.

2. Першы раз падаецца прыклад чытання. Звяртаецца ўвага на асаблiвасцi выпа­дзення “e” ў пэўных месцах для арганiзацыi рытму.

3. Тлумачацца новыя лексемы.

4.  Адзiн з вучняў зачытвае тэкст.

5. Навучэнец выбiрае малюнак, знахо­дзiць неабходны радок з адпаведнай фразай i прымацоўвае карцiнку на дошку, такiм чынам самастойна вырашаючы, пераклад якога радка яму давядзецца агучыць.

6.  Усе вучнi паўтараюць гэтую схему работы.

Што адбываецца ў выніку? Артыкуляцыйная практыка, чытанне, паўтарэнне лiчбаў, граматычных канструкцый à з часам дзеясловаў. Здзяйсняецца пераклад без прымусу (малюнак на выбар), працэс навучання набывае дынамiку (знайдзi малюнак, далучы яго да неабходнага радка). Вучні даведваюцца пра пэўныя асаблiвасці вершаў на французскай мове (выпадзенне “e” ў пэўных месцах для арганiзацыi рытму).

Верш разлiчаны на групу з 12 чалавек. Такiм чынам, кожны вучань прымае ўдзел у выкананні практыкавання. Калi колькасць дзяцей меншая, настаўнiк можа далучыцца да гульнi сам цi прапанаваць пошук радкоў i малюнкаў без дадатковага чытання.

Мілана БУДЗЬКО,
настаўніца французскай мовы гімназіі № 28 Мінска.