Творчая падтрымка

- 11:39Сацыяльны ракурс

Навучэнцы Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Я.Глебава выказалі падзяку медыкам праз творчасць. У рамках акцыі “Музыка дабра” юныя музыканты стварылі сапраўдны відэафільм, праз які выказалі словы падтрымкі і ўдзячнасці ўрачам.

—Нашы навучэнцы вырашылі падтрымаць медыцынскіх работнікаў. Падтрымаць праз творчасць, праз музыку. Усе жадаючыя маглі запісаць дома кароткі відэаролік са сваім творчым выступленнем. З гэтых ролікаў атрымаўся музычны відэафільм, у якім хлопцы і дзяўчаты не толькі спяваюць, іграюць на музычных інструментах, танцу­юць, але і выказваюць словы падзякі ўрачам і медсёстрам. Прычым, нават праз вершы ўласнага сачынення, — расказаў дырэктар Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў А.Я.Курсакоў.

У відэафільме хлопчыкі і дзяўчынкі называюць медыкаў сапраўднымі героямі, разумеюць, што здароўе — галоўная жыццёвая каштоўнасць, і шчыра дзякуюць урачам за іх нялёгкую працу. А яшчэ пераконваюць: музыка, якая заўсёды натхняла і дапамагала перажыць складаны час, дапаможа і зараз.

Відэафільм працягласцю 45 мінут трансліруецца на сайце, а таксама афіцыйнай старонцы навучальнай установы на YouTube. У хуткім часе будзе прадстаўлена другая частка відэафільма, бо навучэнцаў, якія хочуць сваёй творчасцю выказаць падзяку медыцынскім работнікам, аказалася вельмі многа.

Адметна, што ў Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў імя Я.Глебава асабліва вялікую ўвагу ўдзяляюць духоўна-маральнаму выхаванню падрастаючага пакалення. Таму ўзаемадапамога, бескарысная падтрымка тых, хто мае ў ёй патрэбу, — у прыярытэце навучэнцаў. Яны ніколі не застаюцца абыякавымі да грамадскіх праблем, да чужой бяды.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.