Творчая праца

- 9:14Першае працоўнае месца, Суразмоўца, Суразмоўца

Добры настаўнік працоўнага навучання — знаходка для школы. Менавіта таму дырэктар сярэдняй школы № 1 Ліды Сяргей Фанасаў быў вельмі рады прыходу ва ўстанову Уладзіміра Залогіна. Малады педагог у кантакце з дзецьмі з першага дня.

Уладзімір Юр’евіч вядзе ўрокі тэхнічнай працы ў хлопчыкаў. Прычым яны любяць пакруціцца вакол настаўніка і ў суботу. Кабінет тэхнічнай працы — сапраўдная творчая лабараторыя, дзе заўсёды нешта адбываецца. “Інакш сучаснага вучня захапіць прадметам цяжка”, — каменціруе сваю насычаную педагагічную дзейнасць настаўнік.

Каб вучням было цікава, Уладзімір Юр’евіч актыўна выкарыстоўвае інфармацыйныя тэхналогіі, што, пагадзіцеся, на занятках па прадмеце “Тэхнічная праца” не проста. Так, напрыклад, візуа­лізаваныя практыкаванні ў анлайн-канструктары LearningApps, па меркаванні настаўніка, фарміруюць уменне працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі, культуру вучэбнай дзейнасці, даюць магчымасць ажыццяў­ляць кантроль са зваротнай сувяззю (з дыя­гностыкай памылак і ацэнкай вынікаў), дапамагаюць рэалізоўваць індывідуальны падыход, актыві­зуюць пазнавальную дзейнасць і матывацыю навучэнцаў да вывучэння тэарэтычных асноў прадмета. 

Канечне, вывучаць будову такарнага станка (у 9 класе ў рамках тэмы “Тачэнне металаў”) праз QR-коды куды цікавей, чым шукаць інфармацыю ў вучэбнай літаратуры. Як і з дапамогай прыёму “Кросенс” нашмат цікавей вывучаць будову станка па апрацоўцы драўніны. “Кросенс уяўляе сабой асацыятыўны ланцужок, стандартнае поле з 9 квадратаў, у якіх размешчаны малюнкі. 9 малюнкаў расстаўляюцца так, што кожная карцінка мае сувязь з папярэдняй і наступнай, а цэнтральная аб’ядноўвае па сэнсе адразу некалькі малюнкаў, — тлумачыць Уладзімір Юр’евіч. — З дапамогай кросенса можна ўспомніць, напрыклад, працэс вырабу цыліндрычнай дэталі ручнымі інструментамі”.

Безумоўна, цікавыя па форме і змесце ўрокі прывабліваюць вучняў. Ды настолькі, што яны паказваюць добрыя вынікі на раён­ных і абласных алімпіядах. Канечне, каб падрыхтавацца да алімпіяды, адных урокаў мала. Таму вучні прыходзяць да свайго настаўніка і ў пазаўрочны час — на дадатковыя заняткі, у гурткі. Ула­дзімір Юр’евіч назапасіў шмат інтэрактыўных заданняў, хаця ў школе працуе зусім ня­доўга.

Любоў да прадмета ў педагога ўзнікла, калі ён быў яшчэ пяцікласнікам. Менавіта тады ён прыйшоў да свайго настаўніка Міхаіла Васільевіча Слесарава з жаданнем зрабіць драўляны бумеранг (усе рабілі, і яму таксама вельмі хацелася займець такую штуку). Педагог запярэчыў: маўляў, і разлікі трэба зрабіць, і драўніну спецыяльную (лёгкую) падабраць — складана. І прапанаваў пачаць з чаго-небудзь больш простага. У выніку жаданне навучыцца рабіць розныя рэчы з дрэва і не толькі, упартасць у дасягненні мэты прывялі школьніка Ула­дзіміра ў алімпіядны рух. Таму і ў скарбонцы дасягненняў маладога настаўніка ёсць перамогі (дыпломы І і ІІІ ступені) Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні.

Уладзімір Юр’евіч валодае сваёй формулай поспеху, якую з задавальненнем перадае сваім вучням. А іх перамогі пацвярджаюць яе эфектыўнасць. Разам з тым настаўнік прапагандуе сярод сваіх выхаванцаў каштоўнасць мужчынскіх уменняў, бо магчымасць самому штосьці адрамантаваць, прыкруціць ці падкруціць у дарослым жыцці цэніцца высока. 

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.