Творчая сустрэча з восенню

- 12:28Выхаваўчая прастора

Ці можна правесці вольны час з цікавасцю і карысцю? “Вядома, так!”— адкажуць вам трэцякласнікі гімназіі Мсціслава. Рэалізаваць сябе, развіць свае таленты, набыць пэўныя ўменні і навыкі, якія спатрэбяцца ў далейшым жыцці, спазнаць родны край, умацаваць здароўе дапамагаюць дзецям мерапрыемствы, арганізаваныя ў шосты школьны дзень.

Нядаўна, у суботу, гасцінна адчыніла дзверы для хлопчыкаў і дзяўчынак творчая майстэрня “Цуд-гародніна і садавіна ў госці да нас прыйшлі, сябры!”. У гульнявой і займальнай форме класны кіраўнік 3 “А” класа Алена Мікалаеўна Анюхоўская і прыгажуня Восень (навучэнка 3 “Б” класа Ніка Мацвеенка) запрасілі дзяцей у царства агародніны і садавіны. Акідваючы цікаўнымі позіркамі дарункі прыроды, дзеці адкрывалі для сябе новыя таямніцы. Малодшыя школьнікі сталі сапраўднымі гаспадарамі творчай майстэрні. А сустрэча з агароднінай і садавіной для кожнага з іх — забава, запаўненне вольнага часу, цікавая справа. Упадабаныя Смяшарыкі з памідораў, яркія вусені і сараканожкі з яблыкаў, вясёлыя чалавечкі і загадкавыя гномы з кабачкоў і кукурузы, дзяўчаты-прыгажуні з морквы, пацешныя свінкі з бульбы з’яўляліся ў працэсе працы ў творчай майстэрні. Новыя ідэі нараджаліся адна за адной!

Праца карпатлівая, займальная і вельмі прыемная. Вынікі індывідуальнай, парнай, калектыўнай працы дзеці прадставілі на выставе.

Іна ШАРЫЛАВА,
класны кіраўнік 3 “Б” класа гімназіі Мсціслава.